Золата сумеснага жыцця. 50-гадовы юбілей шлюбу адзначылі Марыя і Віктар Тапчылкі з вёскі Лявонавічы

Лента новостей

9 студзеня споўнілася 50 гадоў сумеснага жыцця нашых бацькоў Марыі Антонаўны і Віктара Ігнатавіча Тапчылкаў з в. Лявонавічы. За іх плячыма паўвека радасці і кахання, трывог і надзей. А здаецца, што зусім нядаўна, маладыя і закаханыя, яны падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу. І вось ужо вакол дарослыя дзеці і шумныя ўнукі.

Мама нарадзілася на Мастоўш­чыне. Скончыла 10 класаў Азёркаўскай сярэдняй школы, у 1960 годзе паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут. Пасля вучобы яе размеркавалі на працу ў Бераставіцкі раён. 33 гады Марыя Антонаўна адпрацавала настаўніцай у Старадварэцкай школе. За гады педагагічнай дзейнасці яна прывіла любоў да нямецкай мовы не аднаму пакаленню школьнікаў. Карысталася павагай у калег, а таму і зараз былога педагога нярэдка запрашаюць у школу.
Бацька, Віктар Ігнатавіч, нара­дзіўся і вырас у вёсцы Залучаны Ваўкавыскага раёна. Скончыўшы школу, паступіў у Мураванскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. Пасля вучобы працаваў у Казахстане (1961- 62 гг.), затым вярнуўся ў родны калгас, дзе стаў працаваць на трактары, у час жніва — на камбайне, неаднаразова станавіўся пераможцам спаборніцтва. З 1963 па 1966 год служыў у арміі на Крайняй Поўначы, потым зноў стаў працаваць у мясцовым калгасе.
Менавіта ў гэты час паміж Віктарам і Марыяй завязаліся адносіны. Яны сустракаліся, сябравалі, прыглядаліся адзін да аднаго. 9 студзеня 1968 года яны пажаніліся.
У 1969 годзе Віктара накіравалі на вучобу ў Барысаўскае вучылішча лесаводаў, так як ён пачаў сваю працоўную дзейнасць у лясной гаспадарцы. Затым паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. На працягу 42 год працаваў у Бераставіцкім лясніцтве, з іх 8 год – будучы ўжо на пенсіі.
Народная мудрасць сцвярджае: калі хочаш пакінуць след на зямлі, выгадуй і выхавай дзяцей. Бацькі далі пуцёўку ў жыццё нам, дзвюм дочкам. Старэйшая, Таццяна, працуе галоўным бухгалтарам аддзела адукацыі спорту і турызму Бераставіцкага райвыканкама. Я, як і маці, звязала сваю працоўную дзейнасць са школай, працую настаўніцай у Вярэйкаўскай сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна.
Асаблівая радасць для бабулі і дзядулі — іх трое ўнукаў. А яшчэ ў іх ёсць праўнучка Дзіяна, якая часцей за ўсіх наведвае іх. Яны шчаслівыя, што ўжо не проста дзядуля і бабуля, а прабабуля і прадзядуля.
Усё іх жыццё складаецца з сумеснай працы і з радасці ад таго, што яны разам.
У іх не было пышнага вяселля, вясельнага падарожжа і падарункаў. Яны і без гэтага ў сумеснай працы, любові, добрым стаўленні адзін да аднаго дажылі да свайго залатога юбілею.
Вядома, за пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця яны сталі адным цэлым. Калі даводзіцца знаходзіцца ўдалечыні адзін ад аднаго, адчуваюць у душы адзіноту.
Нямногім сямейным парам выпадае пражыць разам у згодзе паўстагоддзя. Нашы бацькі — дзеці вайны. З ранніх гадоў ім прыйшлося шмат працаваць. Прайшоўшы суровую школу жыцця з маленства, яны стойка пераносілі ўсе цяжкасці, якія сустракаліся на жыццёвым шляху, жылі прыгожа і годна.
Сумесны шлях за плячамі нашых бацькоў доўгі. Жывуць яны ў хаце бацькі. Сумесна пачыналі яе ўладкоўваць, сваімі рукамі ўпарадкавалі тэрыторыю, завялі гаспадарку. І сёння, нягледзячы на ўзрост, па-ранейшаму трымаюць казу і курэй, 6 вулляў пчол, апрацоўваюць каля 20 сотак зямлі. У асноўным спраўляюцца з усім самі, дапамагаем, канешне, і мы, дзеці і ўнукі.
У дзень залатога вяселля ўся наша сям’я сабралася ў баць­коўскім доме, каб павіншаваць дарагіх людзей са знакавай па­дзеяй – паўвекавым юбілеем. Мы падымалі бакалы за залаты скарб сваёй сям’і. Не за каштоўныя ўпрыгожанні, грошы ці акцыі, а за любімых бацькоў. За залатыя рукі маці, якімі яна выняньчыла дзяцей, за залатыя рукі бацькі, які падымаў дом, за іх залатыя сэрцы і душы.
Гэта свята яшчэ раз дало нам магчымасць адчуць згуртаванасць і адзінства нашай сям’і, традыцый, якія ў ёй склаліся.
Будзем спадзявацца, што праз дзесяць гадоў мы зноў збярэмся за сталом і ўрачыста адзначым брыльянтавае вяселле. Толькі наша вялікая і дружная сям’я будзе ўжо значна большая. Шчасця вам, залатыя маладыя!
Аксана Данільчык, настаўніца Вярэйкаўскай  сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *