Знайшла сябе ў вытворчым цэху “Бераставіца” ААТ “Малочны мір”

Лента новостей

1У вытворчым цэху “Бераставіца” ААТ “Малочны мір” нямала маладых і прывабных жанчын, якія вызначаюцца высокім прафесіяналізмам. Майстар-сырароб Марына Прымачэнка (на здымку) – адна з іх. Начальнік цэха Анатоль Сідлярэвіч вельмі станоўча выказаўся пра дзелавыя якасці і адказнасць гэтага спецыяліста. Разам з моцнай камандай калег па працы руплівая жанчына ўносіць свой уклад у агульную справу. Бераставіцкія смачныя сыры са своеасаблівым адметным “знакам якасці” вядомыя далёка за межамі рэспублікі, у іх ёсць свой пастаянны пакупнік у Расійскай Федэрацыі, які аддае перавагу менавіта нашай марцы і “галасуе рублём” за яе. Нямала ў вытворчага цэха і перамог у міжнародных конкурсах і выставах, на якіх была прадстаўлена малочная прадукцыя з Бераставіцы.
Марына нарадзілася ў вясковай сям’і ў Ваўкавыскім раёне. Бацька працаваў трактарыстам, маці паляводам. У сям’і было трое дзяцей. Бацькі трымалі дзве каровы, цялят, свіней. Марына расказвае, што да працы дзяцей прывучалі з дзяцінства, з самых малых гадоў. Так лягчэй было справіцца з вялікай гаспадаркай, а дзеці, гуляючы, цягнуліся пераймаць занятак дарослых, хаця не адразу ўсё і атрымлівалася. Дзяўчынка палола агарод, бульбу, даіла кароў, старалася ва ўсім дапамагчы маці з бацькам. Такі просты традыцыйны сялянскі метад выхавання яна лічыць вельмі эфектыўным. Дарослыя пастаянна паказвалі добры прыклад, а дзеці імкнуліся яго пераймаць. Таму і выраслі ўсе працавітыя, і змаглі рэалізаваць сябе ў жыцці.
Пасля школы дзяўчына падала дакументы ў Бераставіцкае прафтэхвучылішча. Дзяўчат там вучаць не толькі прафесіі, але і быць сапраўднымі гаспадынямі з умелымі рукамі. Сваіх выкладчыкаў і майстра вытворчага навучання Алену Мікалаеўну Штоп Марына ўспамінае добрым удзячным словам. Яны клапаціліся, каб дзяўчаты, калі выйдуць замуж, змаглі “весці дом”, а гэта так важна ў жыцці, як і прафесійныя навыкі.
І вось тут мне ўспомніўся такі эпізод. Хаця з той пары прайшло ўжо нямала часу, але неардынарны выпадак застаўся ў памяці. Дзяўчат, якія вучыліся на “гаспадынь сядзібы” ў Бераставіцкім вучылішчы, аднойчы паказалі ў тэлеперадачы, пыталіся, як яны ўяўляюць сабе свой будучы дом. Ні адна навучэнка не захацела жыць у вялікім горадзе, кожная “малявала” яскравым пэндзлем сваёй фантазіі маляўнічыя краявіды з лесам і рэчкай, прасторную сядзібу з вялікім урадлівым кавалкам зямлі і садам, багатую хатнюю гаспадарку, утульны дом нават з гаварлівым папугайчыкам і шчаслівую сям’ю. І хаця лёс у дзяўчат складваецца па-рознаму, і далёка не кожнай удаецца стаць жонкай фермера ці самой займацца фермерствам, моцны вясковы стрыжань па-ранейшаму застаецца тым падмуркам, на якім трымаецца паспяховая самарэалізацыя чалавека.
Пасля заканчэння вучылішча Марына знайшла сабе прыдатную прафесію – яна стала афіцыянткай у рэстаране “Колас” у Бераставіцы. Цяжкай працы ў такім занятку, вядома, няма, у правінцыі ў рэстаранах і кафэ не так шмат наведвальнікаў, як напрыклад, у сталіцы. Здаецца, гэтым магла і задаволіцца, але праз некаторы час дзяўчына адчула, што “нечага не хапае”. І восем гадоў таму даведалася, што на тагачасны Бераставіцкі масласырзавод патрабуюцца сыраробы. Выбар свой зрабіла на карысць больш грунтоўнай прафесіі і ні разу аб тым не пашкадавала. Навучылі яе навыкам такога няпростага занятку прама на месцы, даручыўшы гэтую справу вопытнаму майстру. Ва ўсе тонкасці ўдавалася “ўнікнуць” не адразу, але Марына вельмі старалася. Увесь тэхналагічны ланцужок вытворчасці сыра трэба строга захоўваць, менавіта ад гэтага залежыць яго высокая якасць. Успамінае жанчына, што ў першы свой працоўны дзень трохі далягаў ёй шум ад апаратаў, зараз жа яна яго зусім не заўважае. Работа напружаная, недасведчанаму чалавеку нават і ўявіць цяжка, што зараз за суткі ў цэху выпускаецца 10 тон сыру. А відаў апетытнай і карыснай прадукцыі ўсяго 11. Работнікі цэха, дэгустуючы скрыглік сыру, могуць на смак вызначыць яго від.
Марына вельмі дасціпны чалавек. Мне давялося пачуць, як насцярожвае яе нават нязначны збой у рабоце абсталявання. Пра гэта яна тут жа пагутарыла з Анатолем Іванавічам, каб адразу зняць пытанне.
Ці стамляецца жанчына на працы? Пра гэты фактар у любой рабоце мне даводзілася чуць ад прадстаўніц самых розных прафесій. Яны ж фактычна працуюць на “два фронты”. Гэта ніхто не здымаў з рахункаў. І тут можна зрабіць яшчэ адзін станоўчы вывад на карысць моцнай “вясковай закалкі”.
— Не, я асабліва не стамляюся, — з прыемнай усмешкай адказала на пытанне Марына.
У жанчыны шчаслівая сям’я, дзе падрастае гарэзлівая дачушка Ніка. Каля свайго дома Марына любіць наводзіць парадак, яна садзіць шмат прыгожых яркіх кветак. Хутка зямля абудзіцца ад працяглага сну, і ў гаспадыні прыбавіцца работы, ад якой яна ўмее атрымліваць сапраўднае задавальненне, а гэта рэдкі талент. Ад добра выкананай работы і на душы прыемна. Марына ведае, што гэта такое, бо для яе гэта – стыль жыцця.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *