Загадчык сталовай СВК “Малабераставіцкі элітгас” Валянціна Якубовіч гатуе з душою

Лента новостей

KochТак гавораць пра загадчыка сталовай СВК “Малабераставіцкі элітгас” Валянціну Якубовіч (на здымку). Яна родам з Зэльвенскага раёна, а тэхналагічным тонкасцям прыгатавання смачных і карысных для здароўя людзей страў навучылася ў тэхнікуме ў Баранавічах, у які паступіла пасля заканчэння школы. Шмат новага для сябе даведалася цікаўная і дапытлівая дзяўчына там. Напрыклад, як гатаваць ежу так, каб у ёй добра захоўваліся вітаміны, як аптымальна складаць меню, каб арганізм чалавека атрымліваў каштоўныя пажыўныя рэчывы кожны дзень. Менавіта ад правільнага паўнацэннага харчавання ў многім залежыць здароўе, бадзёрасць і супраціўленне захворванням. Нездарма ёсць трапны вобразны выраз: “чалавек – гэта тое, што ён есць”. Запомніліся Валянціне і цікавыя рэцэпты адмысловых страў — фаршыраванай рыбы, мясных рулетаў і многага іншага. Вучылі будучых тэхнолагаў і таму, як прыгожа сервіраваць сталы, апетытна наразаць прадукты, бо і гэта вельмі ўплывае на прыём ежы.
Пасля заканчэння тэхнікума Валянціна спачатку працавала ў сталовай грамадскага харчавання ў Малой Бераставіцы. Зарплата ў работніц залежала ад выпрацоўкі. Прыходзілася выпякаць па 50 кілаграмаў мучных кандытарскіх вырабаў, па 300 – 400 штук піражкоў і беляшоў, смажыць нямала кілаграмаў мойвы. Летам, у спёку, было вельмі цяжка, але кожны піражок з-пад Валіных рук выходзіў, як для сябе, бо яна вельмі старалася. Неяк старшыня гаспадаркі Анатоль Коханаў паспрабаваў Валіну кулінарыю і запрасіў яе поварам у калгасную сталовую. Было гэта ў 1993 годзе, а ў наступным годзе ёй аказалі яшчэ большы давер — яна стала загадчыцай.
Асабліва шмат працы ў сельгаскааператывах у час жніва, узрастае ў гэты час нагрузка і на работнікаў грамадскага харчавання. Кормяць працаўнікоў смачна, каб не толькі падтрымаць іх сілы ў напружаны час, але і нечым парадаваць. А калі камбайнер добра падсілкаваўся, нішто не перашкодзіць яму ставіць працоўныя рэкорды.
— Ці гатуеце, напрыклад, Валянці­на Уладзімі­раўна, у час жніва галубцы? Многія ж людзі да іх нераўнадушныя.
— На жаль, не. Калі трэба своечасова згатаваць шмат порцый, галубцы не робім. Ды і яны пры вялікай колькасці пры развозцы хутка страчваюць сваю форму, так што стараемся гатаваць нешта больш прыдатнае, але не меней смачнае.
Да нашай цікавай гутаркі, якая не можа пакінуць раўнадушнай ні адну гаспадыню, далучаецца намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Малабераставіцкі элітгас” Таццяна Жэнгелевіч:
— Ведаеце, вельмі смачныя ў Валянціны Уладзіміраўны нашы звычайныя беларускія дранікі. Яны ў яе апетытныя, жоўценькія, з хрумсткай скарынкай, пальчыкі абліжаш…
У тым і векавечнае жыццё нашых нацыянальных страў, што любяць іх дарослыя і дзеці, а нескладаныя рэцэпты пераходзяць з пакалення ў пакаленне. І ў розных гаспадынь аднолькавыя атрымліваюцца па-свойму, тут ёсць прастор для фантазіі, а сакрэт папулярнасці ў тым, што бульба вельмі ўдала спалучаецца з многімі прадуктамі. У кулінарных кнігах шмат рэцэптаў. Можна гатаваць дранікі з мясам, яйкамі, цыбуляй, морквай, нават грыбамі… Такой разнастайнасцю і багаццем смаку задаволіцца любы гурман.
Не адмаўляе таленавіты повар і загадчыца тым вяскоўцам і не толькі, хто жадае адзначыць у сталовай свае ўрачыстасці, нават вяселлі. Людзі ведаюць, гэта будзе сапраўднае свята з удалымі сюрпрызамі і “фірменнымі стравамі”.
А вось дома такому адмысловаму ўмельцу-повару ўдаецца пацешыць сям’ю нячаста, вельмі стамляецца жанчына на працы. Але ўжо склалася ў яе і дынастыя. Дачка з дзяцінства захаплялася маміным майстэрствам і таксама выбрала прафесію тэхнолага, закончыўшы тую ж сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову. Зараз яна працуе ў Зэльвенскім раёне і займаецца харчаваннем школьнікаў, што яшчэ больш адказна. Пры сямейных сустрэчах яны заўсёды могуць парадаваць адна адну і сваіх дамачадцаў чым — небудзь вельмі смачным. Не жарт жа – разам адразу два повары!
У тэлевізійных перадачах гле­да­чоў імкнуцца здзівіць шмат­лікімі, нярэдка экзатычнымі інгрэдыентамі пры прыгатаванні страў. А Валянціна Уладзіміраўна, сяльчанка, робіць стаўку на тое, што не патрабуе лішніх выдаткаў і часу. Цікава было даведацца, што яна любіць сама і раіць паспрабаваць іншым. Повар падзялілася з намі “хуткім рэцэптам” прыгатавання “рулецікаў з рыбы”. Таццяна Жэнгелевіч жартам прапанавала прыдумаць для іх якую — небудзь своеасаблівую адметную назву, каб было “яшчэ смачней”. Але майстрыха не згадзілася нічога выдумваць і параіла гатаваць іх так: філе з рыбы адбіць, пасаліць, пасыпаць перцам. У сярэдзіну пакласці сыр, масла сметанковае, бялок крутога яйка, абваляць рулецікі ў муцэ і абмакнуць у яйка. Смажыць на алеі.
І нават не пакаштаваўшы, ужо ўяўляеш, які будзе ў рыбных рулецікаў смак. У майстроў сваёй справы заўсёды так атрымліваецца. За што не возьмуцца, зробяць выдатна, з творчым падыходам. Людзей карміць – умець трэба. Ды і выглядае жанчына, хаця ў яе ўжо два ўнукі, молада. Адразу відаць, што работа ёй па душы, дае шчырае маральнае задавальненне. Нездарма занеслі яе імя і здымак на Дошку гонару сельгаскааператыва.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *