Жыццёвыя сцежкі механізатара РУСП «Масаляны» Віктара Багая

Лента новостей

 

Часцей за ўсё на прыемных суразмоўцаў мне шанцуе, бо ў большасці сваёй паступова раскрываючыся, звычайна напачатку гэта адбываецца неяк зусім нясмела, яны адкрываюцца, як прыветлівыя і добразычлівыя людзі. Усе такія розныя, таму па-свойму і ўнікальныя. Разумею, што пад час гутаркі працэнт даверу неймаверна малы, таму спадзявацца на агучванне, скажам, “сакрэтнай” інфармацыі нават не прыходзіцца. У выніку звычайныя размовы пра юнацкія гады ды сям’ю толькі часткова прыадчыняюць дзверы патаемнай душы гэтай асобы. Кожны раз даю сабе ўстаноўку змяніць сцэнарый размовы і кожны раз разумею: тут як у жыцці, усё роўна без базавых рэчаў не абысціся.

Віктар Багай, жыццёвымі сцежкамі якога мы і пойдзем, чалавек надзвычайна просты. Доўга знаходзіць з ім агульную мову не прыйшлося. Бо не пазбаўлены пачуцця гумару, з пэўнай доляй самаіроніі і самакрытычнасці ён адносіцца да катэгорыі тых людзей, весці дыялог з якімі дастаткова лёгка і камфортна.  

— Нарадзіўся я на Бераставіччыне, у вёсцы Вялікія Эйсманты, — дзеліцца Віктар Уладзіміравіч. – З гэтымі ж мясцінамі і звязаны рознапалярныя эпізоды майго дзяцінства ды юнацтва. Якім яно было? Такім як звычайна бывае ў большасці дзяцей, што ўзрастаюць на ўлонні прыроды. Насычаным, яскравым, але і не без складанасцей. Бацькі шмат і цяжка працавалі, абодва жывёлаводы, таму дапамога па гаспадарцы была з’явай абыдзеннай. Неверагодныя безтурботныя гады майго жыцця праляцелі неяк зусім незаўважна, нібы адно імгненне. Калі коратка, то ў 2004 годзе я быў прызваны ў армію, давялося служыць ва ўнутраных войсках, а ўжо літаральна праз два гады, па вяртанні дадому, адразу ўладкаваўся на працу ў РУСП “Масаляны” механізатарам. Як бачыце, працую тут і зараз.  

У пачатку 2000-х кардынальныя змены адбыліся і ў асабістым жыцці героя гэтай публікацыі. Вечар знаёмства са сваёй другой палавінкай, а з цягам часу і будучай жонкай Вольгай, Віктар памятае да дробязей. Зразумела, што не пацікавіцца нюансамі гэтай лёсавызначальнай сустрэчы я проста не магла, таму, задаючы навадныя пытанні, думкамі мы разам вярталіся ў той самы дзень.

— Выбіраць, дзе праводзіць вольныя вечары, нам, моладзі з сельскай мясцовасці, самі ведаеце, не прыходзілася, — заўважае Віктар Уладзіміравіч. – Першы і, як часта бывала, адзіны надзейны варыянт – гэта мясцовая дыскатэка. Для дзясяткаў юнакоў і дзяўчат месцам сустрэчы і, як зараз гавораць, “адрыву” тады быў Масалянскі сельскі Дом культуры. Менавіта ў ім аднойчы я і пабачыў прывабную дзяўчыну, якая імгненна прыпала да душы сваімі доўгімі валасамі і карымі вачыма. Прызнацца, падысці да яе адважыўся не адразу, некаторы час проста моўчкі назіраў, пракручваючы ў галаве найлепшы з варыянтаў знаёмства. Але зноў жа дапамагла клубная атмасфера, павагаўшыся хвіліну-другую вырашыў запрасіць яе на танец, а там, як кажуць, будзь, што будзе…

Цікава было назіраць, як такія прыемныя і пяшчотныя словы Віктар Уладзіміравіч гаворыць з усёй уласцівай мужчынам стрыманасцю, толькі зрэдку інтанацыйна вылучаючы найбольш “кульмінацыйныя” моманты. Сёння гэтая шчаслівая сям’я выхоўвае двух мужных хлопцаў з нетыповымі для нашых мясцін імёнамі – адзінаццацігадовага Марціна і шасцігадовага Даміяна. Да працэсу выхавання пара падыходзіць з усёй адказнасцю і, як удакладніў мой суразмоўца, куды больш дзейсным сродкам пакарання лічыць нават не рэмень, а элементарнае абмежаванне доступу да камп’ютара. Між тым, вучаць Віктар і Вольга сыноў справядлівасці і спагадзе. Расказаў мужчына і аб тым, кім у будучым бачаць сябе хлопцы. Так, малодшы праяўляе цікавасць да ваеннай справы, а старэйшы марыць працаваць у органах унутраных спраў. Да таго ж непадробную цікавасць у малых выклікаюць месцы баявой славы, якія па магчымасці наведвае сям’я.

Пра свае захапленні Віктар расказвае куды больш сціпла. Прызнаецца, што любіць ў выхадныя дні выехаць на рыбалку, бо такі своеасаблівы від адпачынку раздзяляе і большасць яго знаёмых. Не застаецца па-за ўвагай і музычны талент мужчыны. Удзел у раённых вакальных конкурсах і святочных мерапрыемствах – нязменныя атрыбуты яго творчага жыцця.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *