“Жывы сведка з касцельных муроў”

Из истории земли Берестовицкой Культура

Сучасная Вялікая Бераставіца пачынаецца менавіта з яго – з касцёла Прасвятой Дзевы Марыі, якому ў мінулым годзе споўнілася 395 год з часу заснавання (1615г.). А ў гэтым, 2011годзе, у касцёла яшчэ адзін юбілей – 270 гадоў з часу аднаўлення будынка ў мурах.
Справа ў тым, што да 1741 года касцёл Прасвятой Дзевы Марыі быў драўляны, асвячоны віленскім біскупам Бенедыктам Войнам (?-1615) у гонар Звеставання Дзевы Марыі. Невялікія рамонтныя работы, якія вяліся мясцовымі жыхарамі на працягу стагоддзя, падтрымлівалі касцёл у добрым стане. Але пажар 1741 года быў настолькі вялікі, што спатрэбілася поўнае аднаўленне будынка. За гэту складаную справу ўзяўся тагачасны ўладальнік Бераставіцы – Юзаф Вандалін Мнішак (1670-1747), маршалак вялікі каронны і кашталян кракаўскі.
Юзаф лічыў сябе знаўцам архітэктуры, да якой меў асабістую ласку. Ён шмат чытаў і вывучаў справу будаўнічую. У прыватнай бібліятэцы замка ў Лашках Мураваных Юзаф трымаў вялікі збор кніг аб справах архітэктурных на французскай і лацінскай мовах. З біяграфіі яго вядома, што Юзаф Мнішак падтрымліваў кантакты з італьянскімі і нямецкімі архітэктарамі (Рыкарда Тырэгайлі і Ефраім Шрэгер), скульптарамі і мастакамі (Ян Плерш і Джавані Цыверацці), якіх прыцягваў да новага будаўніцтва ў маёнтках сваіх і стараствах.
Напрыклад, выдатнай была дзейнасць архітэктара Ефраіма Шрэгера (1727-1783), які працаваў па за-прашэнню Мнішкаў у Гданьску і Варшаве з 1743 года. Шрэгер праектаваў фасад мнішкавага палаца ў Гданьску і інтэр’ер касцёла Візітак у Варшаве. З 1761-62 гадоў здзейсніў праект фасада касцёла кармелітаў у Варшаве. Адчуваецца агульнае падабенства фасадаў гэтага касцёла з бераставіцкім. Можна меркаваць, што Юзаф Мнішак звяртаўся за дапамогай да архітэктара Ефраіма Шрэгера дзеля аднаўлення касцёла ў Вялікай Бераставіцы. Інтэр’еры архітэктурных пабудоў Шрэгера аздабляў скульптар Ян Плерш (1704-1774). Гэта алтарныя фігуры з дрэва ў касцёлах Візітак і кармелітаў у Варшаве. Праз Мнішкаў дзейнасць Плерша прасочваецца і ў Вялікай Бераставіцы
Распачатую справу Юзафа завяршыў яго сын Ежы Аўгуст Мнішак (1715-1778), наступны ўладальнік Бераставіцы, дзейнасць якога дзеля мястэчка была найбольш паспяховай.
Адноўлены ў мурах касцёл Прасвятой Дзевы Марыі сёння з’яўляецца гонарам Вялікай Бераставіцы. Гэта сімвал мястэчка, а ў гісторыі айчыннай архітэктуры бераставіцкі касцёл лічыцца другім захаваўшымся на тэрыторыі Беларусі фамільным некропалем роду Хадкевічаў. (Першы – радзівілаўскі некропаль у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы).
Ад унутранай аздобы касцёла Прасвятой Дзевы Марыі сярэдзіны 18 стаго-ддзя засталася толькі драўляная статуя Святога Фелікса. З 1978 года статуя захоўваецца ў Мінску (глядзі на здымку). Раней яна ўвесь свой час знаходзілася ў Вялікай Бераставіцы. Спачатку ў касцёле Прасвятой Дзевы Марыі, а пасля яго закрыцця ў выніку паўстання 1863 года, перайшла на могільнікавую капліцу. Будынак касцёла пераўтварылі пад праваслаўную Успенскую царкву. Усю касцельную маёмасць расфармавалі. Некалькі статуй (у тым ліку Святога Фелікса) перадалі на могільнікавую капліцу, якая мясцілася на заходняй ускраіне Вялікай Бераставіцы з пачатку ХІХ стагоддзя.
Антырэлігійная хваля ХХ стагоддзя закранула і Бераставіччыну. Лёс вялікага касцёла паўтарыла маленькая капліца – нечаканы пажар 1978 года згубіў і яе. Удалося выратаваць толькі Святога Фелікса, які нагадваў птушку Фенікс, паўстаўшую сярод попелу. Вострыя і гнуткія складкі на доўгім адзенні манаха нагадвалі трапяткое полымя. І сваім унутраным позіркам Фелікс нібыта суцяшаў вогнішча. Духоўнае напружанне цела яскрава перадаюць рукі, якія выкананы з вялікім майстэрствам.
Так, Святы Фелікс – гэта яшчэ адзін сімвал Вялікай Бераставіцы. Хто такі “Святы Фелікс”? Гэта капуцынскі манах францысканскага ордэна, які сапраўды жыў у ХVІ стагоддзі. Да абавязкаў Фелікса ўваходзіла прыносіць міласці да свайго кляштара. Ён хадзіў па свеце ў доўгай расе з каптуром і насіў мяшок цераз плячо, куды збіраў свае дарункі. Такім яго мы бачым на нашай статуі, выканаўцам якой маглі быць вучні майстэрні Яна Плерша, выдатнага разбяра па дрэве.
Сёння Святы Фелікс – гэта яркая старонка ў гісторыі беларускага барока, а дзеля спадчыны Вялікай Бераставіцы – гэта яе анёл-ахоўнік і “жывы сведка” 270-гадовай гісторыі касцёла Прасвятой Дзевы Марыі.
Андрэй
Втарушын,
выкладчык гісторыі мастацтваў
Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *