Дыплом за пераемнасць традыцый атрымалі прадстаўнікі Бера­ставіцкага раёна на IV рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны»

Культура

Прадстаўнікі Бера­ставіцкага раёна прынялі ўдзел у IV рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», які праходзіў 27 ліпеня ў Свіслачы. Бераставіцкія ўдзель­нікі атрымалі два дыпломы фестывалю. За пераемнасць народных традыцый і інтэграцыю іх у ма­ла­дзёжнае асяроддзе адзначаны Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, за пераемнасць народных спеўных традыцый – дзіцячы фальклорны калектыў “Бабуліна скрынка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Пархімаўцы.

Фестываль «Скарбы Гродзеншчыны» праводзіцца раз у два гады і знаёміць з рэгіянальнымі асаблівасцямі традыцыйнай культуры Панямоння. Падчас свята адбываецца прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёнаў вобласці – аўтэнтычных і рэканструяваных абрадаў, народных строяў, страў, рамёстваў і промыслаў, фальклорнай песеннай творчасці і таму падобнае.
Сёлета ўдзельнікаў фестывалю вітала Свіслаччына – край з багатай гісторыяй і традыцыямі. У гарадскім парку г. Свіслач адбылося адкрыццё мерапрыемства. З прывітальным словам да яго ўдзельнікаў звярнуліся старшыня Свіслацкага райвыканкама Уладзімір Анішчык і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Паўлючэня. Ад гаспадароў папярэдняга фестывалю ім быў перададзены сімвал свята – традыцыйны беларускі пояс, сатканы ткачыхамі Лідскага, Астравецкага і Гродзенскага раёнаў, які служыць абярэгам і прыносіць дабрабыт і поспех.
Праграма фестывалю ўключала конкурс падворкаў раёнаў вобласці, конкурс фальклорнага мастацтва “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”. І ўпершыню – конкурс традыцыйных рэгіянальных строяў «Скарбніца моды Панямоння».
– На бераставіцкім падворку, у адмысловым этнакутку, можна было пазнаёміцца з аўтэнтычнымі ўзорамі народных рамёстваў, – расказвае метадыст па этнаграфіі і фальклору Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Леанід Панасевіч. – Гэта ручнікі з мудрагелістай вышыўкай, саматканыя посцілкі, арыгінальныя паясы, ажурныя сурвэткі, створаныя рукамі бераставіцкіх майстрых. Дзейнічала выстава вырабаў работнікаў Бераставіцкага Дома рамёстваў і праходзілі майстар-класы па саломапляценню, вышыўцы і кераміцы. Фота­выстава-прэзентацыя знаёміла з адноўленым у мінулым годзе бераставіцкім строем – жаночым і мужчынскім народнымі касцюмамі, распаўсюджанымі ў даўнія часы ў нашым рэгіёне. Бераставіцкія прадстаўнікі, дарэчы, прадэманстравалі іх падчас конкурсу рэгіянальных традыцыйных строяў “Скарбніца моды Панямоння”.
У конкурсе фальклорнага мастацтва выступілі ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Вясёлая бяседачка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы і салісткі дзіцячага фальклорнага калектыву “Бабуліна скрынка” Дар’я Казак і Мілана Скокава. Пранікнёнае і душэўнае выкананне дзяўчынкамі беларускіх народных песень “Жніўная” і “Сею я лён” журы адзначыла прызам і дыпломам за пераемнасць народных спеўных традыцый.
На падворках фестывалю можна было паспрабаваць мясцовыя традыцыйныя стравы, якія прыгатавалі прадстаўнікі кожнага раёна. Малабераставіцкія ўмеліцы падрыхтавалі бераставіцкі стол з прысмакамі, аснову якога склалі стравы старабеларускай кухні. Даўнія рэцэпты вяндліны, клёцак, дранікаў, выпечкі, якія перадаваліся з пакалення ў пакалення, актуальныя і сёння. Унікальны ж мясцовы напой «Крамбамбуля» прыйшоўся даспадобы ўсім – і гасцям фестывалю, і членам журы.
– Такія фэсты як “Скарбы Гро­­дзеншчыны” натхняюць, – дзе­ліцца ўражаннем Леанід Мі­хайлавіч. – Даюць магчымасць у чарговы раз упэўніцца, якая ж усё-такі багатая на таленты і традыцыі наша Гродзеншчына. І што яшчэ важна – як на падворках традыцыйнай культуры, так і ў іншых эпізодах і канцэртных праграмах фестывалю назіраецца актыўны ўдзел дзяцей і моладзі. А значыць існуе і пераемнасць традыцый.
Святлана Ганчарова,
фота Леаніда Панасевіча



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *