Другое жыццё старой фермы

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_0019Нарошчванне вытворчасці малака – важная і актуальная задача для ўсёй краіны. Экспарт малочнай прадукцыі з кожным годам узрастае, гэта сапраўдны падмурак эканомікі рэспублікі. Працаўнікі нашага раёна ўносяць свой важкі ўклад у гэтую справу. Бераставіччына хаця і невялікая па памерах, але можа служыць прыкладам удалага гаспадарання. Сюды прыязджаюць па перадавы вопыт з іншых мясцін.
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” стараюцца ісці ў нагу з часам. Тут працуюць нераўнадушныя людзі, яны стараюцца выкарыстоўваць тое, што ёсць, і дабіваюцца поспехаў. Некалі на старой ферме “Кулі” працавалі аж 13 аператараў машыннага даення, а абслугоўвалі яны ўсяго 220 кароў. Даілі рагуль раней на малакаправодзе, а прыходзілася на кожную даярку па 25 кароў. Вядома, дасягаць добрых вынікаў пры ўстарэлых метадах было няпроста. І вось ужо 7 гадоў пасля мадэрнізацыі малочнатаварная ферма працуе па новых тэхналогіях. Знаходзіцца яна ў маляўнічым месцы, прырода тут радуе вока. Свежае паветра, непадалёку хвойныя лясы ствараюць ба­дзёры настрой. Зараз на малочнатаварнай ферме працуюць усяго толькі чатыры аператары машыннага даення, а сярэднясутачны надой – 21 кілаграм, як на лепшых комплексах рэспублікі. У многіх сельгаскааператывах краіны і на новых комплексах такі паказчык значна меншы. А на прыкла­дзе гэтай старой фермы можна ўпэўніцца, што мадэрнізацыя была праведзена нездарма, вывела вытворчасць на сучасны ўзровень. Ды і “чалавечы фактар” па – ранейшаму не страчвае свайго вялікага значэння, людзі стараюцца. Загадчык Ганна Бельмач (на здымку) ад душы ўдзячна свайму дружнаму зладжанаму калектыву. Аператары машыннага даення Алена Лютава, Людміла Якаўчук, Галіна Рабалюк, IMG_0025 IMG_0028Таісія Петрушэвіч добра выконваюць свае абавязкі, пастаянна клапоцяцца пра гігіену жывёлы, каб папярэдзіць захворванні. Менавіта ад пільнага вока аператара залежыць ранняе выяўленне, напрыклад, такога каварнага захворвання, як мастыт. Адносіцца да жывёлы, як да ўласнай — такое крэда ў гэтых жанчын.
Дагледжаныя на ферме і цяляты ў сваіх індывідуальных доміках. Падсцеленыя, накормленыя, рахманыя – адразу відаць, што клапоцяцца пра іх па-гаспадарску. Самых маленькіх даглядае цялятніца Валянціна Буцько, а на дарошчванне прымае гадаванцаў Юлія Рабалюк.
Жаночы калектыў тут “раз­баўлены” і мужчынскай паловай. Самыя добрыя словы мне давялося пачуць у адрас слесара па абслугоўванні абсталявання Дзмітрыя Казлоўскага (на здымку). Працоўны дзень яго пачынаецца яшчэ ў чатыры гадзіны раніцы. Ён рыхтуе абсталяванне да дойкі, а ўсяго іх тут тры. “Вестфалія” не падводзіць, толькі патрабуе клапатлівых добрых рук. Падаіць 360 кароў няпроста, але калі людзі стараюцца адзін аднаму дапамагчы, гэта “дарагога варта”.
І вынікі тут адпаведныя. За 9 месяцаў надой на карову дасягнуў 5800 кілаграмаў, таварнасць малака — 92 працэнты, тлустасць — 3,86 працэнта.
А ў вольную хвілінку на ферме можна адпачыць у “чырвоным кутку”. Папіць гарачага чаю разам з тымі людзьмі, якія ўжо сталі амаль роднымі, таму што аб’яднаны штодзённай агульнай справай, перакінуцца некалькімі словамі аб справах надзённых, падбадзёрыць адзін аднаго таксама важна. У дружнай камандзе і працаваць лягчэй, які б нялёгкі не быў занятак.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *