“Доўгія вёрсты вайны”

80 лет Великой Победы Лента новостей

Пад такой назвай хутка вый­дзе кніга, падрыхтоўчая работа да выдання якой ужо завяршаецца.
Гэта кніга стваралася на працягу многіх гадоў. Пісалі яе дзясяткі людзей, многіх з якіх , як і герояў іх нарысаў, артыкулаў, інтэрв’ю, няма ўжо сярод нас. Гэта кніга пра вайну, а дакладней, пра людзей, перажыўшых яе.
Гісторыя планеты яшчэ не ведала такога страшэннага варварства, якое тварылі нацысцкія акупанты на захопленай імі тэрыторыі Беларусі ў час апошняй вайны, у якой, нягледзячы на страшныя пакуты і жудасныя страты, ра­зам з іншымі народамі перамаглі савецкія людзі. Сярод іх – і нашы землякі, якія ўпісалі сваю старонку ў гераічны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. У смяротнай барацьбе з фашызмам яны выканалі свой грамадзянскі і патрыятычны абавязак – змагаліся і многія гінулі за незалежнасць нашай Айчыны. На фронт пайшло амаль 2 тысячы бераставічан, і толькі палавіна з іх вярнулася дамоў. Загінуў кожны другі.
Значная частка ўчарашніх салдат вярнуліся пакалечанымі, кантужанымі, параненымі. Многія з вярнуўшыхся памерлі ў першыя пасляваенныя гады.
Іх, ветэранаў вайны, сёння засталося вельмі мала. У святочныя дні яны надзяваюць свае ўзнагароды і з кветкамі ў руках, з унукамі і праўнукамі ідуць да помнікаў.
Нашы землякі набліжалі перамогу як маглі: ішлі ў атаку і падалі ад куль і асколкаў, лячыліся ў шпіталях і зноў ішлі на фронт. Многія з іх як самую дарагую рэліквію захоўвалі Падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна, надрукаваныя на пажаўцелай ад часу, працёртай на згібах паперы, Падзякі ад камандуючых франтамі, арміямі, дывізіямі. Словам, усе яны сумленна выканалі свой воінскі абавязак.
Успаміны нашых землякоў, удзельнікаў вайны – франтавікоў размешчаны ў гэтай кнізе ў раз­дзеле “Доўгія вёрсты франтавых дарог”. Каб нікога не пакрыўдзіць, незалежна ад звання, узнагарод і часу знаходжання на фронце – гэтыя ўспаміны падаюцца ў алфавітным парадку прозвішчаў іх аўтараў. А ўсяго ў раздзеле на­друкавана больш за сто ўспамінаў нашых землякоў-франтавікоў. Запісаны яны ў розныя гады: і ў 1944 – 1950 гадах, калі цела і душа кроватачылі ад цяжкіх успамінаў, і ў больш познія часы.
Складальнікі кнігі пералісталі ў архівах падшыўкі бераставіцкай раённай газеты “Знамя Советов” (1944 – 1962 гг.), свіслацкай раённай газеты “Заветы Ильича” (1962-1966 гг.), якая выдавалася ў час аб’яднання Свіслацкага і Бераставіцкага раёнаў. Дзякуючы рэдакцыі “Бераставіцкай газеты” і работнікам раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага ў нас была магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі раённай газеты “За камунізм” (1967-1991 гг.) і “Бераставіцкай газеты” (1992-2017 гг.). Вяліся пошукі запісаных успамінаў франтавікоў і ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці, у Дзяржаўным архіве грамадскіх арганізацый Гро­дзенскай вобласці. Па-за ўвагай складальнікаў не застаўся ні адзін матэрыял, у якім гутарка ідзе аб вайне.
Цяжкі лёс выпаў на долю нашых землякоў і ў час нямецкай акупацыі. Больш за тысячу мужчын, юнакоў і дзяўчат, дзяцей было вывезена ў фашысцкую Германію: ва Усходнюю Прусію і ў іншыя рэгіёны Нямеччыны. Аб іх незайздросным лёсе можна прачытаць у раздзеле “У змрочныя дні акупацыі”. Тут жа прыводзяцца ўспаміны бераставічан аб тых парадках, якія ўсталявалі акупанты на Бераставіччыне і ў іншых мясцінах Беларусі.
У раздзеле “Бераставіччына змагаецца” аповяд ідзе аб партызанах і падпольшчыках, якія змагаліся ў нашых месцах, і аб тых бераставічанах, якія ваявалі ў партызанскіх атрадах у іншых рэгіёнах Беларусі.
Думаецца, што бу­дзе цікавым для чытачоў усіх пакаленняў і раз­дзел “Лісты з фронту”. Яны не рэдагаваліся і друкуюцца так як былі напісаны. У іх любоў да блізкіх, нянавісць да ворага, вера ў перамогу.
Перамога гартавалася не толькі на фронце, але і ў тыле. Аб гэтым раскажа невялікі раздзел “Перамога гартавалася і ў тыле”. Цяжкі лёс выпаў на долю жанчын, якія засталіся ўдовамі. Аб іх пойдзе аповед у раздзеле “Салдацкія ўдовы”.
“И помнит мир спасённый, мир вечный, мир живой…”. Так называецца апошні раздзел гэтай незвычайнай кнігі. У назве выкарыстаны словы з шырока вядомай у свой час песні, якую выконвалі вядомыя спевакі Марк Бернэс, Уладзімір Трошын, Георг Отс. У самой назве – заклінанне да жывых і рэквіем загінуўшым і памерлым, якія здабылі гэты мір цаною шматлікіх ран і пакут, а многія – і цаной свайго жыцця.
Гэтая кніга – вынік калектыўнай працы многіх людзей: журналістаў “Бераставіцкай газеты”, работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Музея Вавёркі і іншых.
Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі, член рэдакцыйнай калегіі

Бераставіччына змагаецца

Ужо ў жніўні 1941 г. утварылася і пачала дзейнічаць на Бераставіччыне партызанская група «Гроза». Напачатку яе ядро складалі «акружэнцы», гэта значыць чырвонаармейцы, якія трапілі ў акружэнне і па розных прычынах засталіся на тэрыторыі раёна. Яны хаваліся ў вёсках пад чужымі прозвішчамі і падчас, выдаючы сябе за сваякоў мясцовых жыхароў, уладкоўваліся да іх на работу. Спачатку немцы глядзелі на гэта скрозь пальцы, а потым зразумелі, якой вялікай сілай могуць быць гэтыя самыя «акружэнцы».
Дзесьці ў жніўні 1941 г. пад выглядам рэгістрацыі яны пачалі іх збіраць у Бераставіцы, каб адправіць у лагеры для ваеннапалонных. Вось тады ў лесе каля Шаляпкоў адбылася першая арганізацыйная сустрэча акружэнцаў з навакольных вёсак, на якой было прынята рашэнне стварыць баявую групу «Гроза» і камандаванне ёю ўскласці на Івана Пятровіча Кавалёва. У хуткім часе члены групы з дапамогай мясцовых жыхароў з Шаляпкоў, Плюскалаўцаў, Лепесаў, Рудаўлян раздабылі зброю, пішучую машынку. У лютым 1942 г. у групе ўжо налічвалася больш за 40 чалавек. I гэта ўжо быў хоць і невялікі, але баяздольны партызанскі атрад, які мог самастойна дзейнічаць супраць акупантаў. Значыць, патрэбна было ствараць больш надзейную базу. Мясцовыя невялікія лясы для гэтага былі непрыгоднымі, а таму група «Гроза» пасля правядзення некалькіх аперацый на чыгуначнай станцыі Бераставіца, у маёнтку Рудава і іншых спачатку перайшла ў беластоцкія лясы, а потым — у Белавежскую пушчу, дзе ўлілася ў атрад імя Суворава брыгады «Савецкая Беларусь».
У Спудзвілах, Куркежах і іншых навакольных вёсках «акружэнцы» таксама знайшлі прытулак і кавалак хлеба. Хто пасвіў сялянскую жывёлу, хто працаваў на іншай рабоце ў сялянскай гаспадарцы. Але думка ва ўсіх іх была адна: прадаўжаць барацьбу з ворагам, захоўваць вернасць воінскай прысязе. З часам яны наладзілі сувязь з мясцовымі падпольшчыкамі У.М. Баярчуком, А.В. Баярчуком, Г.К. Нерад і іншымі. Сумесна збіралі зброю, патроны, рыхтаваліся да партызанскай барацьбы.
Падпольшчыкам удалося ў Крынках раздабыць радыёпрыёмнік. Адкрылася магчымасць слухаць зводкі Савінфармбюро, запісваць і распаўсюджваць іх з вялікай перасцярогай сярод насельніцтва. Вяскоўцы чыталі лістоўкі, перадавалі іх з рук у рукі.
У пачатку сакавіка 1942 г. 15 чалавек са зброяй у руках сабраліся ў цяжкадаступнай, балоцістай мясцовасці непадалёку ад вёскі Малыя Эйсманты. Пачаліся першыя партызанскія вылазкі. У групе ўжо налічвалася 35 чалавек, а камандаваў ёй В.А.Васільеў. Гэта быў мужны, ініцыятыўны чалавек, які ўжо ў пачатку вайны ўдзельнічаў у многіх баях з фашыстамі. Немцы паспрабавалі акружыць партызан і знішчыць іх. Але гэта спроба закончылася няўдачай. I ўсё ж заставацца далей у гэтых мясцінах, непрыгодных для партызанскай барацьбы, было небяспечна. Партызанская група пад кіраўніцтвам В.А. Васільева рушыла на ўсход. 3 баямі яна выйшла ў Капыльскі раён Мінскай вобласці і ўлілася ў злучэнне В.З. Каржа. Група перарасла ў атрад, а вясной 1943 г. атрад быў рэарганізаваны ў партызанскую брыгаду.
Варта зазначыць, што адсутнасць лясоў на Бераставіччыне не спрыяла развіццю партызанскага руху.
Яшчэ адзін партызанскі атрад нарадзіўся на Бе­раставіччыне ў маі 1942 г. На гэты раз яго базай былі «акружэнцы» і ваеннаслужачыя, якія ўцяклі з палону, а таксама падпольшчыкі і актывісты з вёсак Жорнаўка, Казлы, Магіляны і іншых. У сярэдзіне мая іх было ўжо каля 50 чалавек. Сабраліся яны ў цяжкапраходным балоце каля Алекшыц, дзе прынялі партызанскую прысягу да апошняй кроплі крыві помсціць ворагу за зруйнаваныя гарады і вёскі, зганьбаваную і абрабаваную родную зямлю. Камандаванне групай было ўскладзена на камітэт, у склад якога ўвайшлі Уладзімір Афанасьевіч Аўдонін, Антон Міхайлавіч Шумілін, Мікалай Васільевіч Шышкін. Партызаны і падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Сав­інфармбюро, збіралі зброю. А ў чэрвені 1942 г., прыняўшы першае баявое хрышчэнне, партызаны перабазіраваліся ў Ваўчанорскі лес, што за Ваўкавыскам. У лістападзе 1943 г. група, якая ўжо налічвала 100 чалавек, пе­рамясцілася ў Ліпічанскую пушчу. Па рашэнні партызанскага камандавання, палавіна групы была перададзена ў атрад «Звязда», а другая ўвайшла ў атрад «Камсамол Беларусі».
Але так ужо здарылася, што сувязь гэтай партызанскай групы з Бераставіччынай на гэтым не парвалася. Глыбокай восенню 1943 г. атраду «Звязда» была пастаўлена задача групамі прабірацца на захад. Вялікай групе партызан атрада на чале з камандзірам М.А. Казаковым месцам дыслакацыі быў вызначаны раён Крынкі — Саколка — Бераставіца.
Пасля прыбыцця групы на Бераставіччыну барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў тут успыхнула з новай сілай. Пачаліся дыверсіі на чыгунцы на ўчастках Беласток — Бераставіца — Ваўкавыск, Кузніца — Беласток. Пад адхон паляцелі варожыя эшалоны, была ўзарвана Крынкаўская электрастанцыя, Айцоўскі спіртзавод, узрывалі і палілі масты на аўтадарогах, варожыя аўтамашыны, знішчалі цэлыя ўчасткі тэлефонна-тэлеграфнай лініі.
У красавіку 1944 г. сумесным рашэннем Беластоцкага падпольнага абкама партыі і абкама камсамола быў створаны Крынкаўскі падпольны райкам камсамола. Яму ставілася задача арганізоўваць моладзь на барацьбу з фашыстамі, ствараць новыя падпольныя камсамольскія арганізацыі ў населеных пунктах, накі­роўваць дзейнасць існую­чых.
У выніку актыўнай і мэта­накіраванай работы членам райкама ўдалося стварыць падпольныя арганізацыі ў вёсках Спудзвілы, Сямёнаўка, Алекшыцы, Казлы (кіраўнікі С. Баярчук, М. Рамашкевіч, І.Кар­пук, Н. Нялепка, В. Кан­д­русевіч). Дзейнічалі маладзёжныя антыфашысцкія групы.
Формы і метады іх барацьбы былі разнастайныя. Пісалі ад рукі лістоўкі, распаўсюджвалі іх, дастаўлялі партызанам зброю, медыкаменты, харчаванне.
Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй многія партызаны працягвалі ваяваць у яе часцях. Тыя ж, хто паводле стану здароўя або па ўзросту не маглі ваяваць, змянілі зброю на сякеру, плуг і касу.
Мікалай Пацэнка

Мой брат

З успамінаў Веры Андрэеўны Шымавалос, аг. Пархімаўцы:
Не толькі ў Каленіках, а на ўсю акругу славіўся мой брат Ваня Карпач як адмысловы кравец. У дзевятнаццаць гадоў шыў усё — ніжняе і верхняе адзенне, кажухі. Меў многа вучняў. Быў надзвычай таварыскага, адкрытага характару. I ў нядзельныя ці святочныя дні на нашым падворку рабілася цесна ад ровараў. Хлопцы з’язджаліся і з блізкіх, і з далёкіх вёсак. Многія, як і Ваня, былі падпольшчыкамі ў час панавання памешчыцкай Польшчы.
У 1940 г. брат быў прызваны ў войска. Служыў у конніцы, у горадзе Армавір Краснадарскага краю. Быў добрым салдатам. Помню, як любоўна захоўвалі ў хаце нумар газеты з фотаздымкам Вані, на якім ён стаяў каля свайго каня.
Вайна… Немцы разбілі часць недзе непадалёку ад Масквы. Па 4 — 5 чалавек прабіраліся байцы да фронту акружэння. Не здолелі, многія загінулі. У тамбоўскіх лясах Ваня блукаў ужо адзін. Заблудзіўся, пяць дзён поўз галодны. На шосты праваліўся ў нейкую яму пад яловым голлем. Там знайшоў компас і тры кавалачкі цукру. Гэта, мабыць, і выратавала. Адпачыўшы суткі, папоўз далей. У адкрытым полі натыкнуўся на немцаў і трапіў у палон. Доўга некуды гналі разам з іншымі. I вось Барысаў. Лагер для ваеннапалонных. Не людзі — цені былі там. Немцы ўжо слаба і ахоўвалі лагер. Разумелі: для ўцёкаў у гэтых людзей-зданей няма сіл. Ваня і яшчэ некалькі хлопцаў паспрабавалі ўцячы. Сіл Ваню хапіла толькі дабрацца да першай хаты. Гаспадыня добрая была, дала прытулак, а немцам сказала, што гэта яе сын. Пакрысе паправіўся, пачаў шыць, зарабляў харчы або грошы.
Вярнуўся ён у родныя Каленікі вясной 1942 года. Але нядоўга радаваліся сыну бацькі. Яго і яшчэ некалькі мужчын з нашых вёсак (найбольш былых падпольшчыкаў) немцы забралі ў беластоцкую турму. Там зноў было пекла ад голаду. Перадачы, праўда, прымалі, хлеб і малако. I бацька кожную суботу запрагаў каня, маці пякла праснакі ці булкі, а ўсярэдзіне запякала кавалак мяса ці сала. Бутэлькі з малаком затыкалі пустым коркам — ён служыў паштовай скрынкай: усярэдзіну запіхвалі запіску, а назад Ваня такім жа чынам перадаваў сваю.
Колькі паездзіў бацька ў той Беласток! Толькі не ўратаваў сына. Яго перавезлі ў турму ці ў лагер, не помню дакладна, у Гданьск. Там і загінуў.
За Івана адпомсціў фашыстам мой малодшы брат, Аляксандр. Ён ваяваў, быў паранены, але вярнуўся дамоў жывым. I ўсё ж вайна забрала ў нашай сям’і не толькі Ваню. У 1946 г. не стала маці — яна не змагла перанесці смерць любага сына, не вытрымала сэрца. Мне тады было шаснаццаць гадоў.
Запісала дачка Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *