Доўгая дарога дадому Яўгенія Тамашчыка

Из истории земли Берестовицкой Культура

Восемдзесят гадоў таму ў вёсцы Карпаўцы нарадзіўся Яўгеній Аляксандравіч Тамашчык, чалавек з няпростым лёсам, які пазней стаў прафесарам, доктарам медыцынскіх навук. З 1967 года ён працаваў у Гродзенскім медыцынскім інстытуце. Яўгеній Аляксандравіч апублікаваў больш за 100 навуковых прац, ён сааўтар манаграфіі і аўтар трох вынаходніцтваў па хірургіі, 51 рацыяналізатарскай прапановы.
3 успамінаў Яўгенія Аляксандравіча Тамашчыка
… Дата 18 красавіка ў далёкім 1952 годзе прыпадала на чацвер. I быў гэта не просты, а чысты чацвер — светлае, заклікаючае да дабра, спагады і гуманнасці хрысціянскае свята перад Вялікаднём, які чакаўся 21 красавіка. Мае бацькі, людзі шчыра веруючыя, паехалі ў той дзень у царкву ў Вялікую Бераставіцу. Убачылі ў райцэнтры шмат грузавых аўтамашын і пачулі ад людзей, што «ноччу будуць вывозіць».
Вядома ж, бацькі і родныя ўжо здагадваліся, каго і куды па начах «вывозяць». I хоць мы не ведалі, што наша сям’я значыцца ў спісах для раскулачвання, але спаць клаліся з трывожным неспакоем. I, як аказалася, недарэмна.
Дзесьці каля дзвюх гадзін ночы раздаўся грукат у дзверы. Бацька адчыніў, і ў хату ўвалілася група ўзброеных людзей. Адразу ж папярэдзілі, што мы акружаны — каб не спрабавалі ўцякаць, — і далі дзве гадзіны на зборы.
Што ўзяць перапалоханым, паднятым сярод ночы людзям, калі цемень усюды -электрычнасці ж не было, калі за кожным тваім крокам сочаць нейкія ўзброеныя людзі, чамусьці вельмі азлобленыя.
Было нас усіх дзевяць чалавек. Баць­ка — Аляксандр Данілавіч, маці — Марыя Васільеўна, старэйшы брат мой Мікалай, сястра, два дзядзькі — Іосіф Данілавіч і Юльян Данілавіч, цётка — Вольга Данілаўна і бабуля — Марыя Іванаўна. 3 такой сям’ёй добра ў гарачую пару ў полі працаваць, тут жа ў абстаноўцы мітусні і перапалоху ўсе (брата, праўда, дома не было) толькі перашкаджалі адзін аднаму. Усё ж узялі сёе-тое з прадуктаў і адзення.
Я, тады вучань выпускнога класа Бераставіцкай сярэдняй школы, імкнуўся ўзяць падручнікі, кніжкі і сачыненні, канспекты — для жаданага атэстата сталасці заставалася ўжо нямнога… Але прагучала суровая каманда: «Паехалі!» I паехалі…
На світанку ў пятніцу, 19 красавіка, грузавік з нашай сям’ёй спыніўся ў Бераставіцы на вуліцы дзесьці насупраць цяперашняга РДК. Чакалі, мусіць, іншых машын з такімі ж, як мы. Пачынаўся цудоўны сонечны дзень — такія бываюць толькі ў гэтую непрацяглую па часе перадвелікодную пару. Хутка ў напрамку да шко­лы пайшлі першыя вучні. У некалькіх кроках ад нашай машыны праходзілі мае аднакласнікі. Было відаць, што многія ўжо ведалі — такія чуткі распаўсюджваюцца хутка, — чаму я сяджу на клунках у кузаве гэтага грузавіка. Адны падыходзілі і развітваліся, іншыя абыходзілі наш грузавік далёка бокам. Іх можна было зразумець…
А дзесьці ў пачатку дзесятай гадзіны мы рушылі на Ваўкавыск. Праязджалі міма маёй роднай школы. Там ужо ішоў першы ўрок, але вокны нашага класа былі расчынены. Усе мае аднакласнікі стаялі каля іх. Хлопцы і дзяўчаты нешта крычалі, махалі на развітанне рукамі. Аднак найбольш мне запомнілася Ванда Грынцэвіч. Яна махала мне сваёй хусткай, аж пакуль наша машына не знікла за прыгоркам. Дзякуй табе, мая былая аднакласніца, за тваю дзявочую шчырасць, за добрае тваё сэрца!
… Больш чым праз паўмесяца цяжкага шляху апынуліся мы ў Пахта-Аральскім раёне Паўднёва-Казахстанскай вобласці. На машынах развезлі па навакольных калгасах. Мы трапілі ў бавоўнаводчы калгас «Кзыл-Тан». Гаспадар двара, куды нас прызначылі, выгнаў з хлява сваіх ішакоў і прадаставіў гэтае памяшканне нам. Там і пражылі амаль два гады.
Пра мясцовае насель­ніцтва — казахаў — заста­ліся ў мяне самыя лепшыя ўспаміны. Нас, беларусаў, там паважалі і шкадавалі, бачачы наш горкі лёс. А паважалі за сумленнасць і працавітасць.
Я хацеў здаць усё ж экзамены на атэстат. Адправіў аж тры тэлеграмы ў родную школу, каб выслалі паведамленне, што я дапушчаны да экзаменаў. Не выслалі… Тады такую тэлеграму адправіў яшчэ і дырэктар школы, дзе мне дазволена было трымаць экзамены, але адказу ўсё не было. Не дачакаўшыся яго да пачатку экзаменаў, дырэктар школы ўзяў усю адказнасць на сябе і дазволіў мне здаваць першы дзяржаўны экзамен. Было гэта, як i ўcюды, сачыненне на рускай мове.
За сачыненне я атрымаў «чацвёрку». Астатнія экзамены здаў на «выдатна» толькі па трыганаметрыі меў яшчэ «чацвёрку». I мяне ў сувязі з недахопам валодаючых рускай мовай настаўнікаў прызначылі на працу ў пачатковую школу. Было ў мяне там 19 вучняў, аж 12 нацыянальнасцей.
У 1954 годзе, дабіўшыся адпаведнага дазволу, я паступіў у медінстытут у Алма-Аце. Вучыўся добра, меў шмат грамадскіх нагрузак. Быў шчаслівы, што стану хірургам.
Падчас вучобы мне трэба было штомесячна адзначацца ў, скажам так, кампетэнтных органах. I вось помню, у 1956 годзе ў час здачы летняй сесіі мяне выклікалі па знаёмаму адрасу. Заходжу, а з-за стала ўстае знаёмы маёр і, выйшаўшы мне насустрач, урачыста так працягвае руку і паведамляе: «Вы — свабодны. Больш сюды хадзіць не трэба! Віншую!»
Ці трэба казаць, што я тады адчуваў?
Медінстытут закончыў у 1960 годзе на «вы­датна». Была прапанова паступаць у аспірантуру, але я па накіраванні паехаў на працу ў г. Гур’еў.
У 1964 годзе пераехаў з сям’ёй у Гродна, працаваў спачатку ў другой клінічнай бальніцы. Восенню 1965 года паступіў у аспірантуру і тады ж перайшоў у першую клінічную. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую, у 1989 — доктарскую дысертацыі.
Калі сёння аглядаюся на пройдзены шлях, бачу з дыстанцыі часу, як многа несправядлівасці выпала на мой і маіх родных лёс. Крыўду на дрэнных і злых людзей, якіх хапала на гэтым шляху, аднак, не затаіў, не даў ёй месца ў сваім сэрцы. А вось добрых людзей добра помню. Помню і буду помніць да апошняга свайго часу маіх аднакласнікаў, якія не пабаяліся, падышлі некалі ў Бераставіцы да нашага змрочнага грузавіка, каб развітацца са мной, помню хусцінку ў руцэ мілай былой аднакласніцы, помню дырэктара школы ў Казахстане, які на свае страх і рызыку дапусціў мяне да дзяржэкзаменаў, помню маёра, які працягнуў мне руку для віншавання з рэабілітацыяй, помню настаўнікаў сваіх, што дапамаглі стаць хірургам…
Мікалай Пацэнка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *