“Добры работнік і сем’янін”

Лента новостей

89

 

– так гавораць пра механізатара СВК “Цецяроўка” Міхаіла Рудэнку ў гаспадарцы. Ён са сваёй жонкай Марынай, якая працуе тут аграномам па ахове раслін, прыехалі на Бераставіччыну з Пружан дзесяць гадоў таму. Жанчына ўспамінае, што апынулася маладая сям’я ў гэтых мясцінах досыць выпадкова, “па падказцы аднакурсніцы” Марыны. У яе ж самой тады, нядаўняй студэнткі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, сваякоў ці знаёмых тут не было. Але ж вельмі прывабна “жывапісала” тая дзяўчына наш Бераставіцкі раён, СВК “Цецяроўку”, умовы працы ў гэтай гаспадарцы і шчыры клопат аб людзях. Марына загарэлася, сэрцам адчувала, што застануцца яны тут назаўсёды, знойдуць другую радзіму. Маладым механізатару і аграному адразу па прыезду далі добраўпарадкаваны дом на зямлі, а гэта сапраўдны важкі залог таго, што людзі ўжо не будуць шукаць іншага месца, бо “ад дабра — дабра не шукаюць”. І сапраўды, колькі разоў мне даводзілася бачыць на Бераставіччыне шчаслівых вясковых навасёлаў з дзецьмі і іх утульныя дагледжаныя сядзібы! Свой кавалачак зямлі з агародам і садам, падворкам з яркімі кветкамі і іх духмяным водарам стварае непаўторнае ўражанне, дае лю­дзям упэўненасць у заўтрашнім дні, бадзёрасць і цудоўны настрой. Ім хочацца ад душы радавацца жыццю і аддзячваць за такую грунтоўную і моцную аснову руплівай працай. Так развіваецца і ўмацоўваецца наша сённяшняя вёска. Ды і не ранейшая вёска ўжо гэта. Памятаю і скажу па сабе, як у маім дзяцінстве вясковыя незаасфальтаваныя вуліцы не стваралі праблем толькі ў сухое надвор’е… А ў сучасных аграгарадках зараз зусім іншая карціна. У такіх населеных пунктах удала спалучаюцца выгоды горада і вёскі.
Не толькі вельмі станоўча выказаліся ў гаспадарцы людзі пра працавітага і стараннага механізатара Міхаіла Рудэнку, “аса” ў работах на зямлі . Мне цікава было пагутарыць пра гэтага чалавека і з яго жонкай. Хто ж ведае мужа лепш, чым “другая палова”? Асабісты пункт гледжання гэтай жанчыны дадае нямала трапных штрыхоў і дэталяў да партрэта мужа. Галоўны акцэнт, які Марына зрабіла ў гутарцы са мной, гэта тое, што яна ў ім не памылілася. Псіхолагі гавораць, што мужа сабе выбірае менавіта жонка, хаця ён аб гэтым і не здагадваецца. Жанчына заўсёды ацэньвае, ці сур’ёзны гэта чалавек, ці “згадзіцца” ён для далейшага сумеснага жыцця, ці будзе надзейнай апорай у радасці і ў горы?
Адчувалася ў размове, што Марына ўспамінае сваё знаёмства з будучым мужам і іх першыя сустрэчы з пяшчотай і замілаваннем. Яна тады адразу зразумела, што Міхаіл – чалавек адказны, дасціпны, і будзе старацца для сям’і. Так і выйшла.
— Ён працаголік, — з ціхім прыхаваным гонарам адзначае Марына. – І на палявых работах, і на рамонце тэхнікі ўсё стараецца зрабіць як мага лепш, ды і дома, за што не возьмецца, усё ў яго руках гарыць. У нас два сыны, дык бацька для іх – галоўны аўтарытэт, асабліва для меншага. Сваю любоў і цікавасць да тэхнікі Міша перадаў ім з самых малых гадоў. Старэйшы наш сын ужо студэнт, вучыцца ў Гомелі. А меншы сын ведае ўсе маркі трактароў, камбайнаў, на якіх працаваў бацька. Мне вельмі прыемна, што ў мяне такі муж, з ім можна сапраўды адчуваць сябе абароненай.
— А ці былі ў Вашай сям’і якія-небудзь праблемы, ад іх жа ніхто не застрахаваны? І як вы з імі спраўляліся? – пацікавілася я.
— Не, дзякуй Богу, нічога сур’ёзнага, “казуснага” ў нас не было. Ды і Міша да такога не дапусціць, у яго такі характар – спакойны, надзейны, за ім можна быць спакойнай.
Уражанне ад сям’і вяскоўцаў засталося ў мяне самае добрае. Праца ў аграрным сектары ніколі не была лёгкай, нават зараз, нягледзячы на здабыткі прагрэсу і тэхнікі. Вядома, што і на сучасным трактары “Джон Дзір” механізатар стамляецца, а ў гарачую пару часта прыходзіцца працаваць доўга, таму што ў час сяўбы азімых, напрыклад, дзень таксама потым “год корміць”. Ды і якасць на палявых работах вельмі важная, гэта асноўнае патрабаванне культуры земляробства. Араты і сейбіт, нягледзячы на тое, што конь у чалавека зараз магутны і жалезны, і зараз застаецца галоўнай асобай на сяле. Менавіта ад яго старання залежыць напаўненне засекаў збожжам, паўнацэннае кармленне жывёлы. Вяскоўцы могуць паказаць нам добры прыклад, як можна ўпэўнена стаяць на зямлі, удала рэалізаваць сябе і быць шчаслівымі, а таксама як змалку вучыць гэтаму дзяцей, каб і яны неслі далей своеасаблівую эстафету сялянскай грунтоўнасці, разважлівасці, гаспадарлівасці.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *