Дзень памяці: Гэта патрэбна жывым

Лента новостей

У лістападзе каталіцкі Касцёл асаблівым чынам моліцца за памерлых. 1 лістапада мы будзем адзначаць урачыстасць Усіх Святых – у гэты дзень мы ўспамінаем не толькі тых святых, каго ведаем па імёнах, але і ўсіх памерлых вернікаў, якія дасягнулі ўжо збаўлення і знаходзяцца на нябёсах.

2 лістапада – Дзень памінання памерлых, дзень памяці пра ўсіх тых, хто адышоў у іншы свет, каго ўжо няма сярод нас.
У гэтыя, ды і ў наступныя дні мы традыцыйна наведаем могілкі – месцы вечнага спачыну нашых блізкіх, месцы нашай памяці пра іх. Мы прынясём лампадкі, свечкі, памолімся над магіламі памерлых.
Але перш чым надыдуць гэтыя дні, калі мы будзем ушаноўваць памерлых, мы павінны ўспомніць пра хрысціянскі абавязак падтрымання ў парадку магіл нашых памерлых. Прычым, клапаціцца аб гэтым трэба не толькі напярэдадні свята, але і на працягу ўсяго года.
Бо сапраўды баліць сэрца, калі ідзеш па хрысціянскіх могілках і бачыш магілы, якія зараслі травой ці пустазеллем, і ведаеш, што родныя людзей, якія тут пахаваны, жывуць зусім побач, у гэтым жа населеным пункце.
Хацеў бы таксама звярнуць увагу на так званыя “забытыя” магілы, за якімі ніхто ўжо даўно не сочыць. Магчыма, родныя гэтых памерлых выехалі недзе вельмі далёка, а можа ўжо і самі памерлі. Калі такая магіла знаходзіцца побач з месцам вечнага спачыну вашых блізкіх, навядзіце парадак і там. Няхай ён сведчыць пра нашу хрысціянскую любоў і нармальную чалавечую культуру.
Калі ідзяце на могілкі, вазьміце з сабой дзяцей альбо ўнукаў, разам паклапаціцеся пра магілы блізкіх, гэта будзе сапраўдны ўрок выхавання. Бо, паверце, недалёкі той час, калі ўжо вы самі будзеце чакаць, каб яны прыйшлі прыбраць вашу магілу. Навучыце іх гэтаму загадзя.
Хачу прыгадаць, што працэсія на могілкі адбудзецца ў Вялікай Бераставіцы ў суботу, 2 лістапада, пасля Святой Імшы, якая пачнецца ў касцёле ў 12 гадзін. Запрашаю ўсіх вас выканаць свой хрысціянскі абавязак і аддаць даніну памяці сваім блізкім памерлым.
а. Вальдэмар Слота, дэкан Бераставіцкага дэканата,
пробашч  касцёла Перамянення
Пана г.п. В. Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *