Да 77-годдзя вызвалення раёна

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей Тема недели

Загінуў пры вызваленні Бераставіччыны

Летам 1944 г. Чырвоная Армія з жорсткімі баямі рухалася на захад. На тэрыторыі Беларусі вораг аказваў жорсткае супраціўленне. У нашым раёне на замацаваным плацдарме ў раёне Магілянскіх вышынь ён сцягнуў вялікую колькасць артылерыі, танкаў, жывой сілы.

На адным з напрамкаў правага фланга змагаліся з фашыстамі гвардзейцы 250-й стралковай дывізіі, якой камандаваў Г.Н. Цітаішвілі. Байцы замацаваліся на адбітых у ворага рубяжах паралельна дарозе В. Бераставіца — Індура і з нецярпеннем чакалі загаду рухацца наперад. Усе жылі адной думкай — як мага хутчэй ачысціць родную зямлю ад фашыстаў. I калі ў батальёне або роце знаходзіўся хто-небудзь з вышэйшага камандавання, пытанне было адно: «Калі ў наступленне?». Асабліва часта салдаты звярталіся да палкоўніка Г.Н. Цітаішвілі. «Хутка, цяпер ужо хутка, — адказваў той, праходзячы імклівым крокам па лініі траншэй, — глыбей толькі трэба разведаць варожыя пазіцыі, каб менш было страт…».

…Геронцій Несцеравіч бярог, любіў і цаніў салдат, таму што сам прайшоў доўгую і суровую ваенную школу. Нарадзіўся ён у Грузіі ў сяле Мазіоны Азгурыйскага раёна ў 1908 г. Скончыў школу і добраахвотнікам пайшоў у армію. 11 лістапада 1930 г. быў залічаны курсантам аднагадовай школы пры 3-м грузінскім палку ў горадзе Кутаісі. Пяць гадоў служыў камандзірам узвода, яшчэ тры — камандзірам роты. У 1939 г. Г.Н. Цітаішвілі ўступіў у рады Камуністычнай партыі. Воінскае званне маёра было прысвоена яму, калі займаў пасаду намесніка начальніка штаба 131-й дывізіі. Гэта быў спрактыкаваны, умелы тактык, рашучы і цвёрды камандзір. Воіны падраздзялення, дзе служыў Геронцій Несцеравіч, вызначаліся выдатнай баявой і палітычнай падрыхтоўкай.

Цітаішвілі сустрэўся ў першых баях з гітлераўцамі на Луцка-Жытомірска-Кіеўскім напрамку ў якасці камандзіра 19-га мотастралковага палка 19-й танкавай дывізіі 22-га механізаванага корпуса 5-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. Цяжкія гэта былі баі. Па-геройску змагаўся маёр Цітаішвілі. У сваіх успамінах баявыя сябры Геронція Несцеравіча Ф.І. Шушын і М.Г. Борматаў сцвярджаюць, што на Цітаішвілі ў жніўні 1941 г. быў аформлены ўзнагародны ліст на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза. На жаль, у сувязі з акружэннем усе дакументы былі знішчаны. Але не дзеля ўзнагарод змагаўся з ворагам мужны сын Грузіі. Ён абараняў Радзіму да апошняй хвіліны жыцця, як належыць яе салдату, яе сыну.

У 1942 г. Геронцій Несцеравіч быў камандзіраваны ў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба імя К.Я.Варашылава.

…Ліпеньскім ранкам 1944г. Г.Н.Цітаішвілі загадаў падрыхтаваць свой «віліс». Ён хацеў перад боем яшчэ раз агледзець мясцовасць, па якой давядзецца наступаць воінам дывізіі. Выехаўшы на ўзлесак каля Малой Бераставіцы, ён у бінокль метр за метрам пачаў разглядваць варожыя ўмацаванні. Як сведчаць мясцовыя жыхары, на званіцы царквы сядзеў у той час нямецкі карэкціроўшчык. Фашысты адкрылі прыцэльны агонь з гармат. Адзін са снарадаў разарваўся каля машыны… Так загінуў гвардыі палкоўнік Г.Н.Цітаішвілі.

Радзіма высока ацаніла яго воінскі подзвіг. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I стунені і шматлікімі медалямі.

Свята ўшаноўваюць памяць аб Геронцію Несцеравічу Цітаішвілі жыхары Бераставіцкага раёна.

На месцы яго гібелі ў Малой Бераставіцы ўстаноўлены помнік, у яго гонар названа вуліца ў гэтым аграгарадку. Астанкі Цітаішвілі перапахаваны ў брацкую магілу ў цэнтры Вялікай Бераставіцы.

Ніколі не забудзем

З успамінаў А.В. Грышэня, былога жыхара в. Кавалі

Першае паўгоддзе 1944 года для нас было страшным: лютавалі фашысты. Але вясна, а затым лета прыносілі новыя сілы і надзеі. Атрымлівалі звесткі, што фашысты церпяць паражэнне за паражэннем. Іх «маланкавая» вайна ператварылася ў масавае адступленне на захад. Чэрвеньскія і ліпеньскія грымоты вайны ўсё набліжаліся да бераставіцкай зямлі. Нарэшце мы былі сведкамі таго, як двойчы над начнымі вёскамі закружыліся савецкія самалёты. Радаваліся наступленню нашых войск, але непакоіла тое, што фашысты ад няўдач у шалёнай злосці могуць знішчыць усё.

Па Крынкаўскай шашы на захад ішлі і ішлі захопнікі. Некаторыя завярнулі ў нашу вёску Кавалі і пачалі выганяць з дамоў мужчын, загадвалі ім браць рыдлёўкі. Пранеслася думка: гэта канец. Я не выходзіў з хаты. Зайшоў афіцэр і загадаў мне таксама ўзяць рыдлёўку. Я адказаў, што два браты пайшлі ўжо, а мне няма дзе ўзяць рыдлёўку. Афіцэр быў не гестапаўцам, нічога дрэннага нам не зрабіў, а толькі сказаў: «Будзь дома і не хавайся пад ложак, а то іншыя палічаць, што ты партызан, і могуць расстраляць». 3 яго размовы я зразумеў, што нашым мужчынам смерць не пагражае.

Пагналі аднавяскоўцаў тады ў мястэчка Крынкі. Патрымалі крыху ля царкоўнай агароджы, а затым павярнулі назад. Не дайшоўшы да ракі Свіслач, на ўзвышшы паміж вёскамі Петрашэвічы — Генюшы — Парэчча загадалі ім капаць траншэі. Пасля гэтага адпусцілі ўсіх дамоў.

Месца для абароны фашысты выбралі зручнае, і тры дні тут ішлі баі. Нашы войскі ў гэтым месцы на штурм не пайшлі, а пайшлі ў абход. Фашысты баяліся трапіць у «мяшок» і пакінулі плацдарм. Памятаю, як 16 ліпеня ў вёску Кавалі ўскочылі першыя савецкія разведчыкі — коннікі. Хутка іх акружылі сяляне і віталі хлебам-соллю. Затым мы павялі байцоў на ўзгорак за вёску і паказалі, дзе праходзіла абаронная лінія траншэй ворага.

Радасць вызвалення была вялікая. Цяжар зваліўся з нашых сэрцаў, толькі боль сціскаў грудзі за тых, хто не вярнуўся. Вайна яшчэ не была закончана, і нашы мужчыны, як і ўсе з вызваленых раёнаў рэспублікі, папоўнілі Чырвоную Армію. Яны пайшлі біць ворага ў яго логаве.

Па старонках кнігі “Доўгія вёрсты вайны”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *