Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу: РУСП «Массаляны»

Лента новостей

Працягваем расказваць пра калектывы гаспадарак нашага раёна і іх дасягненні. У кожным сельгаскааператыве ёсць людзі, на якіх, вобразна кажучы, “трымаецца зямля”. Разам з аграрным сектарам краіны яны не толькі забяспечваюць якаснай і карыснай прадукцыяй сваё насельніцтва, але і ўносяць ўклад у развіццё экспарту. Няхай спадарожнічаюць ім моцнае здароўе і поспехі, удаюцца новыя пачынанні, прымнажаюцца агульная скарбонка і дабрабыт кожнай сям’і!

Лепшы аграном. Штрыхі да партрэта

У рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых пераможцам па Гродзенскай вобласці сярод галоўных аграномаў стаў наш зямляк Сяргей Калеснік з РУСП “Масаляны”, што вельмі прыемна для ўсяго нашага раёна.
Тут яго карані. Ён нарадзіўся і вырас на гэтай прыгожай зямлі, на якой зараз і працуе, аддае ёй усе свае веды і вопыт. Бацька яго быў вадзіцелем, і ў сям’і хлопчыка змалку прывучалі да працы, ды ён і сам імкнуўся дапамагчы. А на канікулах ён стараўся зарабіць на праполцы, на збожжатаку. Таму пасля заканчэння школы перад ім не стаяла востра пытанне выбару прафесіі – ён даўно ўжо зразумеў важнасць працы агранома і палюбіў яе. Вучоба ў Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым інстытуце дала грунтоўную аснову і дапамагла зрабіць першыя крокі ў штодзённым шляху да высокага прафесійнага майстэрства.
У яго студэнцкія гады добрай ураджайнасцю збожжавых было 30 цэнтнераў з гектара, зараз яе ў РУСП “Масаляны” паднялі больш чым у два разы.
— Адкрыйце, калі ласка, нам свой сакрэт, — папрасіла я Сяргея Калесніка. — Як у гэтым годзе ў вашай гаспадарцы ўдалося атрымаць прырост валавога збору збожжавых 51% да леташняга? Ніколі тут не было такой важкай лічбы – 5105 тон. Як удалося?
— Імкнуліся больш атрымаць пры меншых выдатках. Своечасова разлічвалі аптымальныя тэрміны работ і якасна іх выконвалі.
Галоўны аграном тут – спецыяліст дасціпны і дасведчаны, выдатны прафесіянал, які заўсёды ў курсе ўсяго новага і сучаснага, таму можна сказаць, што гаспадарцы з ім сапраўды пашанцавала. А людзям з ім прыемна працаваць, яны яго ад душы паважаюць, таму што ён добразычлівы камунікабельны чалавек. Менавіта такія ўзаемапавага, падтрымка і зладжаная праца земляробаў разам з яго высокім прафесіяналізмам дапамаглі атрымаць рэкордны ўраджай.
Сяргей Калеснік – добры сем’янін. Дачка яго Марыя вучыцца ў школе, сын Аляксандр – студэнт. На жніве Саша працаваў памочнікам камбайнера.
Спрыяльнага надвор’я і новых рэкордаў земляробам РУСП “Масаляны”!

Слова кіраўніку

Дырэктар РУСП “Масаляны” Алег Антушэвіч – чалавек, можна сказаць, яшчэ малады, але які ўжо заслужыў шчырую павагу ад людзей. На гэтай пасадзе ён з мая 2010 года, а раней працаваў у СВК імя Варанецкага. Вышэйшую агранамічную адукацыю атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Земляробскую працу ведае і любіць, надае вялікую ўвагу нарошчванню жывёлагадоўчай прадукцыі і ў стаўцы на сучасныя тэхналогіі, інвестыцыі ў вытворчасць, а таксама ў цесным супрацоўніцтве з людзьмі бачыць далейшую перспектыву развіцця гаспадаркі, дзе ўжо так шмат удалося зрабіць.
Якое ў яго крэда? Яно лаканічнае, простае і рацыянальнае:
— Больш справы, менш слоў! Гэты год быў для нас багатым на працоўныя здабыткі. На раённых дажынках РУСП “Масаляны” ўзнагародзілі Памятным сцягам. Наш галоўны аграном Сяргей Калеснік быў запрошаны на рэспубліканскі фестываль у Маладзечна. Я выказваю шчырую ўдзячнасць нашым працаўнікам за іх старанне і добрасумленнасць. Спадзяюся, што і далей зладжанаму калектыву будуць спадарожнічаць новыя поспехі!

Аналізуем зробленае
Сёлета ў РУСП “Масаляны” было ўбрана 759 гектараў збожжавых, а іх ураджайнасць склала 67,3 цэнтнера з гектара. Не падвяла і кукуруза. Яе ўраджайнасць тут адна з вышэйшых у раёне – 119 ц/га. Парадавалі і цукровыя буракі. Пад іх адвялі 200 гектараў, а ураджайнасць дасягнула 680 цэнтнераў з гектара, а гэта вышэй за сярэднерэспубліканскую.
Для патрэб жывёлагадоўлі нарыхтавалі травяністых кармоў 5505 тон кармавых адзінак, што складае на адну ўмоўную галаву 27,2 кармавой адзінкі. Сена нарыхтавана 412 тон, сенажу – 8021 тона і сіласу – 12248 тон. Гэтага хопіць на год і яшчэ запас застанецца. Кармы якасныя, першага класа.
За 9 месяцаў гэтага года ў РУСП “Масаляны” атрымана 5127 тон малака. Надой на карову дасягнуў 5893 тоны (на 398 кілаграмаў больш, чым за такі ж час мінулага года). Гатункам “экстра” здалі 54% сыравіны, вышэйшым – 35%.
Мяса атрымалі 393 тоны і гэта на 23 больш, чым летась. Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы — 752 грамы. Мяса рэалізавалі дзяржаве 308 тон. Сярэдняя вага кожнай галавы здадзенай жывёлы была 496 кілаграмаў. Вышэйшай укормленасцю прадалі 94%.
Ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі ў гаспадарцы атрымана 13 мільярдаў 769 мільёнаў рублёў выручкі. Прыбытак дасягнуў 2 мільярдаў 20 мільёнаў рублёў, а рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі – 19,5%.
У лічбах, як у люстэрку, адбіваецца напружаная плённая праца калектыву РУСП “Масаляны”. Такія добрыя паказчыкі гавораць аб эфектыўнасці вядзення вытворчасці, правільна выбранай эканамічнай стратэгіі. А завяршыць наш з галоўным эканамістам гаспадаркі Мікалаем Іванавічам Сысам аналіз работы за 9 месяцаў можна на яшчэ адной аптымістычнай ноце – рост валавой прадукцыі пры даведзеным заданні (13%) тут да канца года спадзяюцца перавыканаць і давесці да 18%.

Галоўны капітал
Адказныя сумленныя людзі – галоўны капітал РУСП “Масаляны”. Без іх не будуць дзейнічаць самыя лепшыя тэхналогіі, таму што ва ўсе вякі “чалавечы фактар” быў адным з самых галоўных.
Адразу пасля жніва ў сельгаскааператывах пачынаецца клопат пра новы ўраджай. На дварэ ўжо глыбокая восень, а напружаныя работы працягваюцца. У полі чуваць рокат трактароў. У РУСП “Масаляны” ганарацца сваімі мужчынамі – механізатарамі. Самыя цёплыя словы гавораць тут у адрас добрасумленных працаўнікоў Валерыя Буйко, Аляксандра Сака, Алега Гольцава, Дзмітрыя Данільчыка. Калі мы прыехалі на поле, Валерый быў заняты на пагрузцы арганікі, Аляксандр і Алег раскідвалі, Дзмітрый араў. Тэхніка ў іх дагледжаная, не падводзіць. Усе чатыры механізатары з багатым вопытам. А трактарыст Міхаіл Палякоў з самага лепшага боку паказвае сябе на адгрузцы цукровых буракоў. Ён вельмі стараецца.
А жанчыны ў гэты асенні дзень працавалі на ўборцы капусты. Поле прыгожае, роўнае, а капуста як раз такая, як любяць гаспадыні — не вялізная, а самая прыдатная.
Сапраўдны гонар РУСП “Масаляны” – малочнатаварны комплекс. Адразу відаць, што працуюць тут руплівыя гаспадары. Тэрыторыя добраўпарадкаваная. Агароджа пафарбавана. Людзі тут задаволены і новымі тэхналогіямі, і сваімі заробкамі. Аператары машыннага даення Ганна Дзямбіцкая і Валянціна Токарава маюць немалы ўжо стаж работы. Яны строга выконваюць усе патрабаванні, а гэта папярэджвае захворванні жывёлы і станоўча ўплывае на якасць малака. Калі яшчэ некалькі гадоў таму ў гаспадарцы і марыць не маглі пра “еўрапейскае” малако – гатунак “экстра“, дык зараз яно стала рэальнасцю. А гэта — “жывыя грошы”, бясспрэчная выгада і для гаспадаркі, і для даярак.
Памочнік брыгадзіра Алена Легашчова – вопытны спецыяліст. Яна з цеплынёй гаворыць пра свой калектыў, паважае людзей за іх стараннасць. Ветфельчар Марына Чайкоўская таксама аддала любімай працы шмат гадоў, клапоціцца пра здароўе жывёлы. Зараз існуюць больш эфектыўныя лекі, чым тады, калі яна яшчэ толькі пачынала свой працоўны шлях. Таму гэта таксама дало магчымасць павышаць эфектыўнасць малочнай галіны.
На комплексе свой уклад у зладжаны “канвеер” уносяць і мужчыны. Хваляць тут слесара па абслугоўванні малочнага абсталявання Дзмітрыя Мінкоўскага, даглядчыка жывёлы Уладзіміра Багданава.
Немагчыма пералічыць усіх, хто сваёй сумленнай працай папаўняе агульны “куфар“.
Кожны працаўнік РУСП “Масаляны” няхай прыме шчырыя віншаванні з надыходзячым прафесійным святам! Дабра, здароўя, выдатнага настрою, бадзёрасці, шчасця пажадаем гэтым людзям, чые рукі пахнуць хлебам і малаком! Жывіце доўга, багата і шчасліва!

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *