“Дарога да Святыняў” пройдзе праз Бераставіцу

Лента новостей

IMG_90655 жніўня ў Вялікую Бера­ставіцу прыбыла рабочая група па падрыхтоўцы 22-й Міжна­роднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, якая ўжо на працягу многіх гадоў праводзіцца напярэдадні Дня беларускага пісьменства.
На сустрэчу, у якой з бера­ставіцкага боку прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун, благачынны Бераставіцкага благачыння пратаіярэй Сергій Шэлест, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы пратаіярэй Віталій Яроміч, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Маркевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ігнатовіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Панкевіч, старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Віктар Котаў, прыехалі нязменны кіраўнік экспедыцыі, пісьменніца, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Ніна Загорская, кіраўнік рабочай групы экспедыцыі, галоўны захавальнік цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лапата-Загорскі, адміністратар экспедыцыі Міхаіл Загорскі і памочнік выканаўчага дырэктара экспедыцыі Святлана Меер.
Як расказала Ніна Загорская, пачатак духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” быў пакладзены ў 1994 годзе, калі ў Полацку Благадатны Агонь асвяціў першае свята беларускага пісьменства. Традыцыйна ўдзел у экспедыцыі бяруць як вядомыя дзеячы культуры, навукі, асветы, літаратары, акцёры, так і духоўныя асобы Беларускай праваслаўнай царквы. У дарогу экспедыцыя адпраўляецца з Мінска, са Свята-Духавага кафедральнага сабора, дзе паломнікам уручаецца Непагасная лампада Духоўнасці з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга і Адзігітрыя цудатворная Загор’е-Сталавіцкая ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы, каб да святынь, што захоўваюцца ў галоўным саборы Беларускай праваслаўнай царквы, маглі дакрануцца жыхары розных куточкаў нашай краіны.
Сёлета экспедыцыя будзе праходзіць з 2 па 6 верасня. Традыцыйна яна пачнецца на знакамітым Святым Полі каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна. Удзельнікі рабочай групы экспедыцыі паведамілі, што ў 1983 годзе старажытныя вайсковыя могілкі на Святым Полі аддалі пад кар’ер, з якога павінны былі браць гравій на будаўніцтва трасы Брэст-Масква. Але Маці Божая заступілася за пахаваных на гэтых могілках. У каўшы экскаватара, які чэрпаў астанкі людскога праху, з’явілася ікона Пакрову Прасвятой

Загор’е-Сталавіцкая ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы
Загор’е-Сталавіцкая ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы

Багародзіцы. І страх Божы прымусіў будаўнікоў спыніць работы. Гэта невялічкая металічная ікона, магчыма, была палкавой, а, можа, належала камусьці з памерлых салдатаў. Яна ахоўвала сон загінуўшых на Святым Полі, а цяпер стала іх малітоўным покрывам і шляхаводным абразом экспедыцыі. У 2000 годзе яна была кананізавана Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы, надаўшым ёй найменне «Загор’е-Сталавіцкая ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы».
Ад Святога Поля маршрут экспедыцыі праляжа праз г.Баранавічы – г.Івацэвічы – пас.Першамайскі — в.Малеч Бярозаўскага раёна – г.Пружаны Брэсцкай вобласці – г.Свіслач – г.п.Вялікая Бераставіца – г.Гродна – в.Верцялішкі — г.Скідзель і завершыцца ў Шчучыне — сталіцы 22-га Дня беларускага пісьменства.
У Вялікую Бераставіцу экспедыцыя прыбудзе 4 верасня ў 16.00 гадзін. Члены рабочай групы абмеркавалі ўсе арганізацыйныя моманты і запланаваныя ў рамках знаходжання экспедыцыі ў нашым раёне мерапрыемствы. У прыватнасці, урачыстая сустрэча экспедыцыі адбудзецца на плошчы райцэнтра, затым Хрэсным ходам усе прысутныя пройдуць да храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, дзе адбудзецца перадача Благадатнага Агню ад Гроба Гасподняга і малебен. Па традыцыі, у кожным населеным пункце, дзе бывае экспедыцыя, высаджваецца Сад Малітвы, пад кожнае дрэўца якога падсыпаецца асвечаная зямля з папярэдніх экспедыцый. У сваю чаргу, бераставіцкая зямля таксама будзе перададзена для закладкі Сада Малітвы ў Шчучыне як сімвал далучэння да свята беларускага пісьменства ўсіх гарадоў і пасёлкаў, праз якія прайшоў маршрут экспедыцыі.
Паколькі ў складзе навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” — вядомыя беларускія навукоўцы, дзеячы літаратуры і мастацтва, святары, грамадскія дзеячы, яны маюць намер таксама правесці сустрэчы і ўрокі пісьменства ў школах, бібліятэках і іншых установах, каб данесці да людзей веды пра духоўныя, культурныя, гістарычныя каштоўнасці, якія з’яўляюцца святынямі і яднаюць людзей.
Удзельнікі рабочай групы выказалі задавальненне ад таго, што экспедыцыя пабывае на Бераставіччыне, асвяціць яе жыхароў Благадатным Агнём, дапаможа ўмацаваць веру і ўзрадзіць духоўную спадчыну Айчыны. Мы, у сваю чаргу, бу­дзем з нецярпеннем чакаць гэтай знамянальнай падзеі, каб мець магчымасць дакрануцца сэрцам да хрысціянскіх святыняў і праз іх далучыцца да духоўнай еднасці са сваім народам і з Богам.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *