Дапаможам братам нашым меншым

Лента новостей

Нягледзячы на тое, што праз пару дзён на календары будзе вясна, у апошнія некалькі тыдняў лютага зіма грунтоўна ўмацавала свае пазіцыі. Моцныя маразы адмоўна паўплывалі не толькі на эканомнае расходаванне паліўна-энергетычных рэсурсаў, але і даставілі шмат непрыемнасцяў братам нашым меншым. Каб процістаяць моцным маразам, ім таксама патрэбна дадатковая цеплавая энергія, якая “выпрацоўваецца” арганізмам жывёлы з высокакаларыйных кармоў.
Менавіта таму, як заўважыў паляўніцтвазнаўца Бераставіцкай паляўнічай гаспадаркі Анатоль Пронін, адной з галоўных задач узначальваемай ім арганізацыі ў зімовы перыяд з’яўляецца падкормка дзікай жывёлы. Частку кармоў – збожжа, сена, караняплоды – паляўнічыя нарыхтоўваюць самі на спецыяльна выдзеленых для гэтай мэты амаль двух з паловай гектарах зямлі. Аднак гэтага недастаткова. Асаблівую занепакоенасць выклікае сёлетняя сітуацыя, якая склалася ў выніку зацяжной зімы. Нарыхтаваныя запасы кармоў ужо скончыліся.
Але добра, што знаходзяцца людзі, якія разумеюць неабходнасць клопату пра дзікіх жывёл і прыходзяць ім на дапамогу. У прыватнасці, Анатоль Васільевіч выказаў шчырую ўдзячнасць старшыні СВК “Малабераставіцкі элітгас” А.П.Коханаву за выдзяленне на падставе дагавора аб бязвыплатнай спонсарскай дапамозе 35 тон бульбы (пасля пераборкі), 30 тон збожжавых адыходаў,  а таксама сіласу для падкормкі капытных у “ціхай зоне”. Так называецца зона, у якой забаронена паляванне, а размешчана яна на забалочаных землях ад Галынкі ў бок да Непарожнеўцаў. Адчуваючы сваю бяспечнасць, тут збіраецца шмат кабаноў, казуль і нават аленяў са спадзяваннем знайсці што-небудзь смачнае ў звярынай “сталоўцы”.
З вялікім разуменнем ставіцца да гэтай праблемы і прадпрымальнік Р.М.Глякоўскі. Ён таксама ахвяраваў на корм жывёлам 2 тоны некандыцыйнага зерня, выдзяляе транспарт для падвозкі кармоў на месцы.
Анатоль Васільевіч звяртаецца да ўсіх кіраўнікоў сельгаскааператываў і прадпрыемстваў, фермераў, прыватных асоб з просьбай аб  выдзяленні па магчымасці кармоў для дзікіх жывёл.
А што датычыць нашых крылатых сяброў, дык ім на дапамогу можа прыйсці кожны, зрабіўшы такое няхітрае прыстасаванне, як на гэтым здымку. Дастаткова працягнуць невялікі кавалак дроту ўздоўж аконнай рамы, нанізаўшы папярэдне на яго кавалачак свежага сала, і прыемнасць – забяспечана, як птушкам, так і вам самім, асабліва, калі ў вас ёсць малыя дзеці.  Можна, урэшце, зрабіць зусім простую кармушку з пластыкавай бутэлькі.
Каб завастрыць актуальнасць праблемы, хачу нагадаць, што па назіраннях арнітолагаў у моцныя маразы ад недахопу корму гіне часамі месцамі да 90 працэнтаў сінічак. Адкуль жа потым узяцца багатаму ўраджаю садавіны, калі знікне самая вялікая пагроза для шкоднікаў?
Дарэчы, у працяг “птушынай”  тэмы, нагадаю, што на тэрыторыі нашага раёна вызначаны арніталагічны запаведнік у раёне вёскі Грайна, дзе навукоўцы вядуць назіранні за некаторымі рэдкімі відамі птушак. Асаблівую цікавасць выклікае ў іх перыяд масавай міграцыі птушак, які ўжо зусім блізка.
Сяргей ХІЛЮТА,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *