Год Уладзіміра Караткевіча

День белорусской письменности Культура Лента новостей

На рэспубліканскім узроўні святкаванне 90-гадовага юбілею пісьменніка, які адбу­дзецца 26 лістапада, адзначаецца на працягу года шэрагам праектаў і мерапрыемстваў, якія, у тым ліку, пройдуць, 5-6 верасня ў Бялынічах Магі­лёўскай вобласці ў рамках праграмы дваццаць сёмага Дня беларускага пісьменства.

Заснавальнік айчыннага дэтэктыўна-прыгодніцкага
жанру
Прыхільнікаў творчасці Уладзі­міра Караткевіча прываб­лівае высокая мастацкая культура і гуманістычнае гучанне яго твораў, непаўторная манера пісьма, мілагучная мова. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру тэматычна і жанрава, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Менавіта Уладзімір Караткевіч першы звярнуўся да жанру гістарычнага раману. Пісьменнік узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаў дух мінулых эпох, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам народным. А яшчэ Уладзімір Караткевіч лічыцца першым савецкім пісьмен­нікам дэтэктыўнага жанру. Да яго цікавыя дэтэктывы пісалі, па сутнасці, толькі замежныя аўтары. Праз гэты «лёгкі» жанр пісьмен­нік праводзіў вялікія думкі і ідэі беларускасці. У тыя гады Караткевіч рабіў немагчымае, ён мяняў адносіны да гісторыі, якая, як аказалася, у беларусаў ёсць. Многія маладыя людзі зацікавіліся гісторыяй, дзякуючы Караткевічу. «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Зямля пад белымі крыламі», «Ладдзя Роспачы» – творы, якімі аднолькава захапляюцца чытачы розных узростаў і якія абавязкова трэба прачытаць. Паводле звестак кнігагандлёвага прадпрыемства «Белкнігі», нават праз 36 гадоў пасля адыходу ў нябыт Уладзімір Караткевіч уваходзіць у лік самых чытаных і прадаваных аўтараў. Летась перавыданне «Каласы пад сярпом тваім» стала «Кнігай года». А за першае паўгоддзе 2020-га ў топе на 5-м і 4-м месцы сярод дзесяці лідараў продажу — «Каласы пад сярпом тваім» і «Дзікае паляванне караля Стаха» (абедзве кнігі — выдавецтва «Папуры», 2018).


Талент – шматгранны
Паводле беларускага літа­ра­туразнаўцы і сябра Уладзіміра Караткевіча Адама Мальдзіса, да прынятай сёння характарыстыкі спадчыны пісьменніка – “класічная” – трэба дадаць яшчэ адно азначэнне – “шматгранная”. Спачатку выйшлі два паэтычных зборніка (усяго іх пяць), потым паэзію рашуча пацясніла гістарычная і гісторыка-прыгодніцкая проза. Далей Караткевіч стаў драматургам: наісана каля дзесяці п’ес, у тым ліку незавершаных. Як своеасаблівая трылогія ўспрымаюцца п’есы Караткевіча “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”, “Маці ўрагану”– творы, прызваныя абудзіць гіста­рычную, этнічную, нацыянальную памяць, далучыць чытача да духоўных каштоўнасцей роднага народа.
Акрамя гэтага Уладзімір Карат­кевіч – дасведчаны кінасцэнарыст: ён скончыў у Маскве не толькі Вышэйшыя літаратурныя, але і Вышэйшыя сцэнарныя курсы. Нарэшце, паспяховы публіцыст, нарысіст (успомнім «Зямлю пад белымі крыламі»), перакладчык і гэтак далей. Здаецца, няма жанру, які б пісьменнік не выпрабаваў. Караткевіч-мастак — такім яго ведалі нямногія, пакуль выдавецтва «Мастацкая літаратура» не ўключыла ў 25-томнік твораў класіка цэлы том яго малюнкаў, шаржаў, аўтапартрэтаў. Мастац­кая спадчына Караткевіча змяшчае партрэтныя замалёўкі, малюнкі на гістарычныя тэмы, ілюстрацыі да ўласных твораў, сяброўскія шаржы, выкананыя алоўкам, чарнілам, тушшу. Штосьці — са старонак запісных кніжак і блакнотаў пісьменніка. А ёсць і мастацкія, самадастатковыя эцюды Караткевіча, намаляваныя на асобных аркушах і пазначаныя крыптанімам «УК». Частка з іх дагэтуль захоўваецца ў сямейным архіве, частка знаходзіцца ў фондах навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН РБ і дэманструецца, напрыклад, падчас «Бібліяночы».

Памяць жыве
Сумесна з Міністэрствам культуры Белтэлерадыёкампанія запусціла арт-праект “Чытаем класіку разам”, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Раман «Каласы пад сярпом тваім» загучаў онлайн-галасамі беларускіх артыстаў, журналістаў, культурных і грамадскіх дзеячаў. Здымачная пляцоўка разгарнулася ў залах Музея гісторыі беларускай літаратуры. Трансляцыі можна глядзець у YouTube. У кнігарні Дома кнігі «Светач» у Мінску на працягу года было праведзена шэсць імпрэз з цыкла «Сустрэчы з Караткевічам». Арганізатары праекта — Міністэрства інфар­мацыі Рэспублікі Беларусь, ААТ «Белкніга» і выдавецтва «Мастацкая літаратура». Запісы таксама можна паглядзець у інтэрнэце, на YouTube-канале “Белкнігі” Тэлеканал СТВ падрыхтаваў дакументальны фільм “Владимир Короткевич. Отец белорусского детектива” ў рамках цыкла «Тайны Беларуси». Стужка даступная для прагляду на сайце СТВ.
Праводзіўся Рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс літара­тур­ных работ “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечаны 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Для ўдзелу ў мерапрыемстве, якое праходзіла ў рамках Года малой радзімы, было прадстаўлена 114 літаратурных твораў, напісаных юнымі паэтамі і празаікамі Беларусі.
Радыёканал «Культура» аб­вясціў конкурс чытальнікаў паэзіі Уладзіміра Караткевіча
«Быў. Ёсць. Буду». Жадаючым неабходна да 30 верасня даслаць на электронную пошту kultura_konkurs@tvr.by аўдыё- ці відэафайл з чытаннем любімага верша. Фіналістаў адбору вызначыць у кастрычніку прафесійнае журы. Галасаванне за лепшага чытальніка вершаў Уладзіміра Караткевіча таксама пройдзе ў інтэрнэце. Выступленні лепшых чытальнікаў конкурсу прагучаць у эфіры ў дзень нараджэння паэта – 26 лістапада.


У абанементнай зале Бераста­віцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага дзейнічае кніжная выстава, прысвечаная 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча.
Падрыхтавала
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *