Год культуры на Бераставіччыне: творчыя праекты, мерапрыемствы

Лента новостей

godkulturi2016-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры. Ён закране ўсе сферы дзейнасці — культуру вытворчасці і земляробства, сямейных і бытавых адносін, добраўпарадкавання населеных пунктаў. Значная ўвага будзе нададзена мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры, якая з’яўляецца адным з асноўных сродкаў выхавання ў моладзі патрыятызму і павагі да Радзімы. Таксама прадугледжаны комплекс мерапрыемстваў, звязаных са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі. Якімі падзеямі будзе насычана культурнае жыццё Бераставіччыны? Аб гэтым размова з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бераставіцкага райвыканкама Аленай Ігнатовіч:

– Алена Уладзіміраўна, якіх новых творчых ідэй і праектаў чакаць бераставічанам ад Года культуры?
– Урачыстае адкрыццё Года культуры на Бераставіччыне запланавана на пачатак лютага. Канцэртная праграма адбу­дзецца на раённай сцэне і дасць старт шэрагу культурна-масавых мерапрыемстваў. Многія з іх традыцыйныя, яны праводзяцца з года ў год. Гэта, напрыклад, народныя абрадавыя святы “Масленіца” і “Купалле”, фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі”, фестываль польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”, фестываль радыёкіраваных мадэляў “Бераставіца запрашае сяброў”. Паспрабуем аднавіць фестываль электроннай музыкі “Baden Evolution”. У маі будзе праведзена акцыя “Ноч у музеі”, а ў чэрвені далейшую падтрымку атрымае ініцыятыва, народжаная ў асяродку творчых людзей гарпасёлка, а менавіта – адкрыты раённы конкурс непрафесійных выканаўцаў песень пад гітару “Песня без границ”.
1Нямала плануецца і новых мерапрыемстваў. Так, напрыклад, у Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пройдуць раённы фестываль-конкурс калектываў аматарскай творчасці ўстаноў культуры і два адметныя канцэрты: адзін з іх – прысвечаны творчасці Уладзіміра Мулявіна, другі – творчая справаздача народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”. У Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў будзе наладжана персанальная выстава творчых работ настаўніцы класа мастацкіх дысцыплін Наталлі Жалязоўскай. У Музеі Вавёркі на працягу года мяркуюць пра­водзіць сустрэчы з мясцовымі мастакамі, музыкантамі і паэтамі. У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага ў розных формах – праз выставы, літаратурныя гасцёўні, літаратурна-музычныя кампазіцыі – адзначаць юбілеі вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. А да Дня бібліятэк тут плануюць правесці акцыю “Бібліяноч”.
– Чаму яшчэ сёлета будзе нададзена ўвага?
– Нягледзячы на тое, што Год моладзі завяршыўся, арга­ні­­зацыя вольнага часу маладога пакалення, падтрымка таленавітых дзяцей і падлеткаў усё роўна застанецца ў полі зроку ўстаноў культуры, ідэалагічнай вертыкалі, дзіцячых і мала­дзёжных грамадскіх арганізацый раёна. З’явіцца новы праект – перасоўны цэнтр па арганізацыі вольнага часу моладзі. Ён прадугледжвае выезды ў аграгарадкі раёна з канцэртнымі праграмамі, з забаўляльнымі паслугамі – батутам, лазертагам, спартыўнымі гульнямі, а таксама з наладжваннем дыскатэк.
Музей Вавёркі працягне супра­цоўніцтва з установамі адукацыі па рэалізацыі края­знаўчага праекта для школьнікаў “Люби и знай родимый край”. Для творча адораных дзяцей і падлеткаў, а таксама для маладых выканаўцаў будуць праведзены раённы конкурс “Юныя таленты” і раённы этап рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”.
– У Год культуры прадугледжаны і іншыя аспекты дзейнасці?
– Вядома. Значная роля, у прыватнасці, адведзена ідэала­гічнаму і інфармацыйнаму забеспячэнню мерапрыемстваў – выпуску плакатаў, буклетаў, інфармацыйных і тэматычных стэндаў, прысвечаных Году культуры, асвятленню праводзімых мерапрыемстваў у раённых сродках масавай інфармацыі і на інтэрнэт-рэсурсах. Зроблены акцэнт на цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ідэалагічнай вертыкалі з установамі культуры ў справе арганізацыі вольнага часу насельніцтва. Шляхі гэтага супрацоўніцтва будуць абмеркаваныя ў час правядзення адзінага дня інфармавання па тэме “2016 год – Год культуры”, а таксама на інструктыўна-метадычнай нара­дзе і дне інструктыўна-метадычнай работы для намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія адбудуцца ў лютым-сакавіку. Трэба разумець, што станоўчыя вынікі ў гэтай справе могуць даць толькі сумесныя намаганні ўсіх зацікаўленых структур.
Увогуле ж, бераставічан чакае насычанае канцэртнымі праграмамі і творчымі сустрэчамі культурнае жыццё, а таму хочацца спадзявацца, што і яны, у сваю чаргу, адгукнуцца на ініцыятыву работнікаў культуры актыўным наведваннем усіх мерапрыемстваў, а яшчэ лепш – удзелам у іх правядзенні.
Гутарыла
Святлана Ганчарова, фото аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *