Год кнігі. Што чытае сучасная моладзь?

Лента новостей

Год кнігі, аб’яўлены сёлета ў нашай краіне, мае на мэце як павышэнне ролі кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, так і выхаванне ў маладога пакалення любові да мастацкага слова. Бо вядома, што кніга дае чалавеку ў духоўным плане намнога больш, чым усе іншыя крыніцы інфармацыі.

Часамі кажуць, што моладзь цяпер наогул не чытае. Але паразмаўляўшы з маладымі людзьмі, я ўпэўнілася, што гэта не зусім так. Бо мае рэспандэнты, да якіх я звярнулася з пытаннем: “Якія кнігі чытаеце Вы?”, у большасці сваёй кнігу любяць і шануюць. Вось што яны адказалі:

Юлія Папова, 23 гады, інструктар — метадыст Бераставіцкага фізкультурна-аздараўленчага спартыўнага цэнтра:

— Кнігамі цікаўлюся пастаянна, асабліва падабаецца літаратура псіхалагічная, якая дае магчымасць лепш пазнаць свет чалавечай душы, а вось фантастыку не люблю.

З апошніх прачытаных назаву “Адзінаццаць мінут” Пауло Коэльо і “Парфумер” Патрыка Зюскінда.

Ангеліна Цыхун, 13 гадоў, вучаніца Кватарскага ясляў-сада – БШ:

— Асабіста для мяне кніга – гэта магчымасць адкрыць нешта новае, нязведанае. Таму большую частку свайго вольнага часу я аддаю менавіта чытанню. Больш за ўсё люблю фантастыку і апавяданні для падлеткаў.

Сярод любімых аўтараў – Дзмітрый Емец і Мэг Кэбот.

Падабаюцца і беларускія пісьменнікі, нядаўна з задавальненнем прачытала “Драўлянага дзядка” Яна Баршчэўскага.

Аляксандр Марцён, 30 гадоў, кладаўшчык Бераставіцкага РЭС:

— Я люблю чытаць гістарычную літаратуру, асабліва цікаўлюся гісторыяй Другой сусветнай вайны. Цяпер вось чытаю “Ледакол” Віктара Суворава, гэта ваенна-гістарычная кніга, у якой ёсць шмат фактаў аб гэтай вайне, невядомых шырокаму колу чытачоў.

Праўда, часцей, чым да друкаванай кнігі, звяртаюся да электронных выданняў, дакументаў і артыкулаў, якія знаходжу ў інтэрнэце.

Іта Герасімава, 28 гадоў, справавод аддзялення ААТ “Белаграпромбанк” у г.п.Бераставіца:

— Кнігі люблю і абавязкова кожны вечар перад сном знаходжу час, каб пачытаць. Самая любімая кніга – “Сабор Парыжскай Богамаці” Віктора Гюго. Яе магу перачытваць шматразова. А калі гаварыць у цэлым, то люблю класічную літаратуру, ёй аддаю перавагу.

Аня Марозік, 15 гадоў, вучаніца Вялікабераставіцкай СШ:

— Я лічу, што кожнаму чалавеку, які хоча быць адукаваным і ўсебакова развітым, без кнігі проста не абысціся. Таму я свой вольны час арганізоўваю так, каб заўсёды знайшлася магчымасць пачытаць.

Мае апошнія прачытаныя кнігі – “Запіскі пра Шэрлака Холмса” Артура Конан Дойля, “Злачынства і пакаранне” Фёдара Дастаеўскага, вельмі спадабаўся раман “Граф Монтэ-Крыста” Аляксандра Дзюма.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *