Гаспадаркі Бераставіччыны развіваюць малочную жывёлагадоўлю

Лента новостей

1x640У Беларусі дзейнічае Рэспублі­канская праграма развіцця малочнай галіны жывёлагадоўлі ў 2010 – 2015 гадах. Гэты год стане асабліва важным і напружаным, таму што наперадзе падвядзенне вынікаў. Дзяржава выдаткавала вялікія сродкі для павышэння эфектыўнасці вытворчасці, у рэспубліцы планамерна праводзіцца мадэрнізацыя старых малочнатаварных ферм і будаўніцтва новых сучасных комплексаў.
У 2015 годзе перад аграрыямі пастаўлена няпростая задача – дынамічна нарошчваць выпуск каштоўнай сыравіны. Большая частка яе неабходная для павелі­чэння экспарту прадукцыі. У полі зроку аграрыяў – нарошчванне нарыхтоўкі якасных кармоў, скара­чэнне выдаткаў, захаванне інтэнсіўных тэхналогій. У сярэднім новы малочнатаварны комплекс акупаецца праз 18 гадоў, але многае ў руках добрых гаспадароў. Паляпшэнне паказчыкаў можа значна скараціць такі працяглы адрэзак часу.
Вядома, напружаная работа не абыходзіцца без цяжкасцей. Не першы раз нам прыходзіцца сутыкацца і з рознымі выпадкамі, калі раптоўна ўзнікаюць “малочныя войны”, і ў адрас беларускай прадукцыі за мяжой выказваюцца прэтэнзіі. Аднак якасныя малочныя вырабы карыстаюцца трывалым попытам, напрыклад, у насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Нягледзячы на часовыя непаразуменні, наша краіна зацікаўлена ў нарошчванні экспарту і пошуку новых выгадных гандлёвых сувязей.
На Бераставіччыне пастаянна надаецца пільная ўвага развіццю малочнай жывёлагадоўлі. Вытворцы тут стараюцца паляпшаць экана­мічныя паказчыкі, ісці ў нагу з часам, уносяць свой важкі ўклад у скарбонку здабыткаў вобласці і рэспублікі. Валавы надой па раёне за 11 месяцаў 2014 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2013 года ўзрос на 3709 тон і склаў 60230 тон. Рост дасягнуў 106,6 працэнта. Найбольшы малочны “вал” у СВК “Малабераставіцкі элітгас” — 8094 тоны з важкай прыбаўкай у 547 тон, у СВК “Макараўцы” – 8070 тон (плюс 576 тон), у СВК імя Варанецкага – 7624 тоны (плюс 375 тон), у СВК “Алекшыцы” – 7608 тон (плюс 632 тоны).
А найбольш значны рост валавой вытворчасці малака адзначаны ў СВП “АграМір” – 136 працэнтаў, у СВК “Алекшыцы” і “Цецяроўка” – 109 працэнтаў, у СВК “Макараўцы” – 108 працэнтаў.
Па якасці безумоўны лідар у раёне – СВП “АграМір”. За 11 месяцаў мінулага года гатункам “экстра” тут здалі 91,4 працэнта малака. У аграфірме “Стары Дворац” гатункам “экстра” прадалі 39,7 працэнта сыравіны, у РУСП “Масаляны” — 34,2 працэнта. А вышэйшым гатункам найбольш здаў СВК “Алекшыцы” – 99,5 працэнта.
Стараюцца ва ўсіх гаспадарках Бераставіччыны. Вытворчасць малака вельмі выгадная. Апраўд­ваюць сябе новыя тэхналогіі. У СВК “Алекшыцы”, напрыклад, на малочнатаварным комплексе “Алекшыцы” ўтрымліваецца 790 дойных кароў, на малочнатаварнай ферме “Падбагонікі” – 175. Новыя комплексы, вядома, больш пры­датныя і эфектыўныя для нарош­чвання выпуску малака. За 11 месяцаў мінулага года надой на карову тут на малочнатаварным комплексе склаў 7856 кілаграмаў, на ферме “Падбагонікі” – 6966 кілаграмаў. Гэта выдатныя паказ­чыкі на фоне рэспублікі. Стымулюе надоі, лічыць галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір Карытца, і трохразовая дойка высока­прадуктыўных кароў, добры догляд і збалансаванае кармленне. Спецыяліст з павагай і ўдзячнасцю гаворыць пра працаўнікоў, занятых у жывёлагадоўлі. Яны дружная і зладжаная каманда. З лепшага боку паказваюць сябе і перасяленцы з Украіны. На малочнатаварным комплексе “Алекшыцы” працуюць маці і сын – аператарам машыннага даення і даглядчыкам жывёлы.
А ў СВК імя Варанецкага ўжо няшмат часу засталося да ўвядзення ў эксплуатацыю яшчэ аднаго сучаснага малочнатаварнага комплексу.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *