Галоўны спецыяліст земле­ўпа­радкавальнай службы Бера­ставіцкага райвыканкама Вольга Лосева клапоціцца, каб на зямлі быў парадак

Общество Человек и его дело

Кожны год з усіх аддаленых і блізкіх куткоў нашай краіны на Бераставіччыну ўрываецца чарговая порцыя ўчарашніх студэнтаў. Разам з гэтым няспынным патокам, што разыходзіцца па мясцовых вулачках, зноўку адраджаецца і сам гарадскі пасёлак. Апошняе падобнае ажыўленне памятаю добра. Здаецца, што яно назіралася толькі ўчора, а між тым мінула ўжо амаль шэсць месяцаў. Тады сярод гэтай мнагалікай навалы жыццярадасных, амбіцыйных, апантаных прагай да новага людзей, апынулася і гераіня маёй публікацыі – Вольга Лосева.
З Вольгай мы пазнаёміліся ў апошні сонечны жнівеньскі дзень. Чамусьці я і зараз добра памятаю яе вобраз. Як і падабае дзяўчыне, у прыгожай аднатоннай сукенцы і з акуратна заплеценымі ў касу валасамі, яна выглядала надзвычай міла.
Тады, чакаючы засялення, мы разам з бацькамі сядзелі ў фае інтэрната. І толькі час ад часу нязвыклую цішыню парушалі звычайныя незнаёмыя, што праходзілі побач. Цікавасць да іх з нашага боку доўжылася не доўга, а каб не траціць час дарма, паміж намі завязаўся дыялог.
Зараз на фотаздымку, што вы бачыце, тая самая пры­ваб­ная дзяўчына Вольга. Сён­­ня яна – не толькі малады, але і галоўны спецыяліст земле­ўпа­радкавальнай службы Бера­ставіцкага раённага выканаў­чага камітэта. Згадзіцеся, гучыць салідна, нават крыху загадкава і інтрыгавальна. Таму, не марнуючы часу, адразу запытваю ў сваёй субяседніцы пра ўсе асаблівасці і тонкасці гэтай справы.
— Зазвычай, чуючы маю спе­цыялізацыю, — геадэзічнае забеспячэнне кадастра і земле­ўпарадкавання – большасць людзей адразу насцярожваецца, а пасля патрабуе абавязковага тлумачэння, – пачынае гутарку дзяўчына. – Насамрэч на справе не ўсё так страшна, як гучыць. Канешне, спектр маіх абавязкаў самы разнастайны і даводзіцца спраўляцца з вялікім аб’ёмам работ, але гэта зусім не палохае. Тут пастаянна даводзіцца працаваць над сабою, да спраў падыходзіць з усёй адказнасцю і скрупулёзнасцю, ведаць многія законы і валодаць не абы-якім цярпеннем. Усё ж з людзьмі працуем!
Сапраўды, сёння не складана знайсці чалавека, які хоць раз у сваім жыцці сутыкаўся з пытаннямі землеўпарадкавання. Напрыклад, у вас узнікла жаданне прадаць будынак ці падвесці газавыя і цеплавыя камунікацыі, а тэхнічны пашпарт на жыллё і неабходныя дакументы адсутнічаюць – выйсці з гэтага становішча дапамогуць работнікі землеўпарадкавальнай службы.
Вольга прызнаецца, што выконвае самы разнастайны шэраг абавязкаў: ажыццяўляе падрыхтоўку дагавораў арэнды зямельных участкаў, разглядае звароты грамадзян і рыхтуе неабходныя матэрыялы па вырашэнні зямельных спрэчак і многае іншае. Зразумела, што кожны з гэтых пунктаў утрымлівае мноства нюансаў, разабрацца з якімі маладому спецыялісту дапамагаюць больш вопытныя калегі – Ігар Стрыга і Ірына Бублей.
Слухаючы сваю субяседніцу, пасля запытваю, адкуль узялася такая непадробная цікавасць да гэтай справы.
— Колькі сябе памятаю, мяне заўсёды вабіла творчасць, — працягвае дзяўчына. — За маімі плячыма – пяць гадоў навучання ў мастацкай школе, безліч урокаў танцаў і, мабыць, тысячы зробленых фотаздымкаў. Аднак усё пералічанае я ўспрымала няйначай, як хобі. А калі дзесьці ў дзясятым класе ў ва мне канчаткова “загінулі” яшчэ архітэктар і працаўнік чыгункі (усміхаецца), выйсце прыйшло неяк само сабой. Паступіць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць “Землеўпарадкаванне” мне запрапанаваў траюрадны брат, які на той момант сам быў студэнтам гэтай установы. Прызнаюся, вочы загарэліся, да таго ж і бацькі падтрымалі. У выніку выбар быў зроблены. Зараз аб прынятым рашэнні не шкадую, бо з кожным годам вучобы толькі ўпэўнівалася ў яго правільнасці. Што датычыцца месца адпрацоўкі, то да гэтай місіі таксама падышла з усёй адказнасцю. Вялікую Бераставіцу выбрала мэтанакіравана: захацелася кардынальных змен. Вось так і атрымалася, што Магілёўская вобласць адпусціла, а Гродзенская прыняла. Чаму я бязмерна рада.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *