Вандруем па Беларусі. Ад Нясвіжа … да Гальшан

Лента новостей Тема недели

Аднойчы, калі наша дачка яшчэ наведвала дзіцячы садок, яна звярнулася з пытаннем: “А ці ёсць у Беларусі замкі?”.

Мы, уражаныя яе пытаннем і цікаўнасцю, вырашылі паказаць ёй самыя знакамітыя з іх. Вядома ж, у той год мы наведалі замкі ў Міры і  Нясвіжы. Мірскі замак уразіў і нас, дарослых, бо ў апошні час актыўна папаўняецца яго калекцыя, аформлена некалькі залаў, ды і сам будынак мае такія памеры, якія заўсёды прывабліваюць зрок і ўражваюць сваёй веліччу і магутнасцю. У той жа дзень увечары мы выпадкова трапілі на канцэрт вядомай скрыпачкі, які праходзіў якраз на тэрыторыі замка.

Дзякуючы невялікай адлегласці, на другі дзень мы ўжо знаёміліся з раскошнымі, іначай і не скажаш, пакоямі замка ў Нясвіжы. Інтэр’еры ўразілі сваёй прыгажосцю і вытанчанасцю. Раней у замку было каля трохсот гасцінных пакояў і дванаццаць вялікіх парадных залаў. Асабліва багата былі ўпрыгожаны галерэя і 12 парадных залаў, кожная з якіх мела непаўторны мастацкі вобраз і сваю назву: Залатая, Каралеўская, Гетманская, Мармуровая, Зорная, Рыцарская і іншыя. У Бібліятэчнай зале было сабрана больш за дваццаць тысяч рукапісных і друкаваных кніжак амаль на ўсіх еўрапейскіх мовах, Партрэтную ўпрыгожвалі больш за 900 партрэтаў прадстаўнікоў Радзівілаўскай сям’і, вялікая частка з якіх была выканана прыгоннымі сялянамі. Паркет ва ўсіх залах быў выкананы са ста гатункаў дрэва, што дазваляла ствараць разнародныя мазаікі і дэкаратыўныя арнаменты. Сучасная экспазіцыя замка ўключае розныя залы – інтэр’ерныя, выставачныя, канцэртныя, а таксама знаёміць з разнастайнымі калекцыямі. Экскурсаводы запрашаюць наведаць Белую, Залатую, Паляўнічую, Тэатральную і шэраг іншых залаў. Кожная ўражвае сваім аздабленнем, максімальна набліжаным да рэальнага. Асобна трэба сказаць пра парк вакол замка — гэта і незвычайныя ландшафтныя кампазіцыі, сюжэтныя скульптуры, арыгінальныя альтанкі. Уражанняў ад наведвання беларускіх замкаў нам хапіла надоўга.

У мінулым годзе, каб нейкім чынам арганізаваць карысны адпачынак дачкі пасля першага году вучобы ў школе, усей сям’ёй выбраліся на Аўгустоўскі канал і ў памесце Дзеда Мароза. На шлюзе Дамброўка  пракаціліся на цеплаходзе, назіраючы незвычайныя прыродныя пейзажы. Цікава было сачыць за працэсам шлюзавання, падчас якога дзякуючы інжынерным канструкцыям паступова мяняецца ўзровень вады пры адкрыцці і закрыцці шлюза. Тут жа адвольным маршрутам можна паплыць на катамаране або, узяўшы веласіпед, выбраць адзін з веласіпедных маршрутаў. На берагах абсталяваны месцы для адпачынку.

 У Камянюках сустрэліся з сапраўдным Дзедам Марозам. Улетку ён апранае саламяны капялюш і летні ўбор, сустракае гасцей і частуе салодкімі падарункамі. Шматлікія скульптурныя элементы дазваляюць зрабіць цікавыя фотаздымкі. Многія падарожнікі дабіраюцца да сядзібы на веласіпедзе, сузіраючы на сваім шляху непаўторныя краявіды Белавежскай пушчы.

У гэтым годзе ў вандроўку паклікала патрэба адшукаць месца пахавання родных. Маршрут прадумалі так, каб спалучыць карыснае з прыемным. Першы прыпынак зрабілі каля  Гальшанскага замка. Гэта адзін з самых вядомых помнікаў архітэктуры ў Беларусі. Праўда, вядомы ён не столькі сваёй ваеннай гісторыяй, колькі рознымі легендамі, а таксама дзякуючы раману Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Адна з легенд расказвае пра Белую Даму. Калі Павел Стэфан Сапега вырашыў пабудаваць у Гальшанах касцёл з манастыром, ён паабяцаў будаўнікам добрую ўзнагароду, калі яны закончаць будаўніцтва ў вызначаны тэрмін. Майстры ўзяліся за справу, і ўсе было добра, пакуль адна са сцен не абрушылася без усякіх на тое  прычын. Яе збудавалі нанава, але яна зноў рухнула. Так працягвалася некалькі разоў. Тады яны падумалі, што абрушэнні магла б спыніць толькі ахвяра, замураваная ў сцяне. Параіўшыся між сабою, будаўнікі вырашылі, што ёю стане жонка аднаго з іх, якая першай прыйдзе наведаць свайго мужа. Зразумела, першай прыйшла маладая дзяўчына, якая зусім нядаўна выйшла замуж. Яе жыўцом замуравалі ў сцяне, і на гэтым абрушэнне сцяны спынілася.

У свой час гэта быў адзін з прыгажэйшых замкаў у Беларусі.  Сёння ад замка засталіся толькі рэшткі, якія паступова часткова аднаўляюцца, а часткова -закансерваваны. 6 мая 2021 адбылося ўрачыстае адкрыццё Паўночнай вежы Гальшанскага замка і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра пры ім. Вось у гэтай вежы на кожным з трох паверхаў арганізаваны невялікія экспазіцыі. Слухаючы аповед экскурсавода і азіраючы руіны замка, у цэлым можна ўявіць былы яго выгляд. Для наведвальнікаў цікава падняцца на тры паверхі ўверх, зазірнуць у падзорную трубу і ўбачыць панараму аграгарадка Гальшаны. 

Экскурсавод пазнаёміць з цікавымі звесткамі пра гісторыю пабудовы царквы і касцёла, якія знаходзяцца поруч у аграгарадку.

Далей мы накіраваліся ў Крэва. Крэўскі замак быў сведкам і месцам многіх гістарычных падзей. Ужо ў XIV стагоддзі ў хуткім часе пасля будаўніцтва ён быў абстраляны каменным ядрамі (іх знайшлі падчас раскопак ля заходняй сцяны), была спалена баявая галерэя. У 1382 годзе ў падзямеллі паводле загаду вялікага князя ВКЛ Ягайлы быў задушаны яго дзядзька, вялікі князь Кейстут — прэтэндэнт на велікакняжацкі трон. У 1385 ў замку выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі  — аб’яднання ВКЛ і Польшчы пад уладай вялікага князя Ягайлы. Пасля замак неаднаразова асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, потым яго захапілі маскоўскія ваяводы. Яшчэ ў  XVIII стагоддзі Крэўскі замак быў у добрым стане. Пазней пачалося яго разбурэнне, якое завяршыла Першая сусветная вайна.

На дадзены момант праведзена рэканструкцыя асобных сцен і кансервацыя рэштак вежы. На тэрыторыі праводзяцца раскопкі, і ў дзень нашага наведвання археолагам пашчасціла знайсці рэшткі старажытнай дахоўкі. Супрацоўнікі музея пазнаёмілі нас з гісторыяй замка і выказалі надзею, што аднаўленне старажытнага выгляду замка будзе прадоўжана.

А нас чакаў шлях у Залессе — у музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага. Ужо здалёк з дарогі відаць белы мураваны палац са шпілем і гадзіннікам. Дарога ў памесце абсаджана магутнымі дрэвамі, а тэрыторыя вакол дома дазваляе адпачыць у  цішыні прыгожага парка. Экспазіцыя музея-сядзібы ўяўляе сабой 13 залаў, у тым ліку музычную, більярдную, камінную, канцэртную  іншыя, у якіх наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю таленавітага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага і пранікнуцца духам “Паўночных Афін”- культурнага цэнтра пачатку 19 стагоддзя. Такую назву далі сядзібе яе  сучаснікі. Менавіта тут абмяркоўваліся грамадскія і палітычныя справы, праслухваліся новыя музычныя і літаратурныя творы, ладзіліся сапраўдныя музычныя святы. Падчас экскурсіі ў якасці фона гучаць мелодыі твораў Міхала Клеафаса, самы вядомы з якіх – паланэз “Развітанне з Радзімай”.

Усім нам паездка прынесла задавальненне. Дарослыя аднавілі ў памяці асобныя старонкі беларускай гісторыі, на свае вочы ўбачылі сведак сівой мінуўшчыны, атрымалі асалоду ад сузірання прыгожых мясцін нашай радзімы. А дачка яшчэ толькі пачынае сваё знаёмства з багатай гістарычный спадчынай Беларусі. Наперадзе шмат накірункаў для вандровак. А нас чакае новы маршрут — дачка хоча ўбачыць Брэсцкую крэпасць, пра якую ўжо шмат чула на ўроках у школе.

Вольга Беляня, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *