Будучае гаспадаркі – за маладымі

Общество

Маладыя людзі заўсёды ажыўляюць любы працоўны калектыў, уносяць  новыя ідэі, задумкі, спрабуюць новыя формы работы. Яны толькі пачынаюць сваю прафесійную дзейнасць і яшчэ не так баяцца памыліцца, бо  многага  не  ведаюць.  Разгледзець  іх  творчыя  задаткі,  падтрымаць  і  накіраваць  у  правільнае русла – задача больш вопытных калег і кіраўніцтва тых прадпрыемствў і арганізацый, куды яны прыходзяць пачынаць сваю працоўную дзейнасць.  І калі гэта будзе зроблена, вынік не прыйдзецца доўга чакаць: патэнцыял маладых працаўнікоў будзе падымаць прэстыж калектыву.
У СВК “Макараўцы”  гэта разумеюць і аказваюць маладым спецыялістам усебаковую падтрымку,  таму і ёсць аддача ад маладых кадраў. А дастойных маладых людзей у гаспадарцы нямала.
2 гады працуе  ў сельгаскааператыве Аляксей  Кудлаш, сюды ён быў накіраваны пасля заканчэння  Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. Аляксей — эканаміст, кантралюе выдатак гаруча-змазачных матэрыялаў, іх спісанне. А па сумяшчэнню ён яшчэ і юрыст, і нават праграміст: хлопец добра разбіраецца ў камп’ютэрах, таму заўсёды дапаможа тым, у каго ўзнікаюць цяжкасці. Адукаваны, адказны, ініцыятыўны – гэтыя якасці ў поўнай меры падыходзяць да маладога чалавека.  Аляксей – сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ, ён спрабуе арганізаваць моладзь сельгаскааператыву, прыцягнуць яе да ўдзелу ў грамадскім жыцці. Хлопец адказвае і за спартыўна-фізкультурную работу, арганізуе ўдзел мясцовай моладзі ў разнастайных спартыўных спаборніцтвах.
 У калектыве Аляксей карыстаецца аўтарытэтам, яго добра характарызуюць і калегі, і кіраўніцтва СВК.
Ірына  Садкоўская – вядучы заатэхнік-селекцыянер. Дзяўчына таксама прыехала ў СВК “Макараўцы” па размеркаванню, але яна не “адпрацоўвае” свой тэрмін, а працуе з     поўнай аддачай, стараецца навучыцца ўсяму на месцы. У гаспадарцы яе прынялі добра, забяспечылі жыллём, аказваюць падтрымку. Ірына вядзе ўлік па прыплоду, асемяненню жывёлы ў цэлым па сельгаскааператыву на 3-х комплексах і ферме. Работа напружаная, але дзяўчына выконвае яе з задавальненнем, бо заатэхнію выбрала свядома, цяпер завочна атрымлівае яшчэ і вышэйшую адукацыю.
Зарплата яе задавальняе, у калектыве адносіны добрыя, таму  і не думае шукаць сабе іншага месца працы. А праз месяц дзяўчына збіраецца замуж – яе абраннік таксама працуе ў гэтай гаспадарцы. Таму кіраўніцтва СВК задаволена, што   малады  спецыяліст замацуецца на месцы.
Тое, што ў маладых ёсць магчымасць зрабіць кар’еру, можа пацвердзіць і галоўны аграном СВК “Макараўцы” Алег   Макулік. Пасля заканчэння аграрнага універсітэта ён працуе ў гаспадарцы 5 год, гэта невялікі тэрмін, але дасягненні ў хлопца ўжо даволі значныя. Пачынаў Алег з загадчыка ўчастка, потым быў аграномам-семенаводам, а ў 2006 годзе пасля аб’яднання двух гаспадарак стаў галоўным аграномам. Агранамічная служба, якую ўзначальвае Алег, налічвае 18 чалавек, і амаль палова з іх – людзі маладыя, з новымі ідэямі і прапановамі. Таму і вытворчыя паказчыкі ў галіне раслінаводства ў гаспадарцы нядрэнныя. У абласных спаборніцтвах па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, якія праводзяцца  сярод маладых галоўных аграномаў, Алег Макулік у 2008 годзе заняў 3-е месца, а ў 2009-ым – 2-е. Неаднаразова ўзнагароджваўся  граматамі аблвыканкама і райвыканкама за працоўныя дасягненні.
Цяжкасцяў у рабоце  галоўнага агранома хапае, але ўсе яны вырашаюцца, ужо ёсць пэўны вопыт. Алег атрымоўвае другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці – эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве і лічыць, што  гэтыя  веды  яму    спатрэбяцца.
Гаспадарка забяспечыла спецыяліста жыллём: маладой сям’і – жонка Алега да дэкрэтнага адпачынку  працавала  эканамістам-бухгалтарам у гэтай жа гаспадарцы –                  выдзелілі 3-пакаёвую  кватэру.
Умовы для працы і самарэалізацыі ёсць, жаданне дабіцца поспеху – таксама. Значыць, будучае гаспадаркі — за маладымі.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *