“Бронзавы Меркурый” — у бераставічан

Лента новостей Общество Тема недели

Ніхто не любіць загадваць наперад, бо спыняе адзінае “а што калі”… Вось і тады спякотным жнівеньскім днём, калі ў промнях ласкавага сонейка патанала апошняе, яшчэ не зжатае з вечара жыта, а ветрык-гарэза так і наравіў сарваць з дрэўца пажоўклае лісце (раз-пораз нагадваючы, што нецярплівая восень ужо на парозе), жыхароў і гасцей Вялікай Бераставіцы ўзрадавала прыемная навіна: адкрылася доўгачаканая крама “Родны кут”. З таго часу ўжо мінула амаль два гады і сёння гэта адзін з лепшых прадуктовых магазінаў раёна. Скептыкам, у вышэй сказаных словах, раю не сумнявацца. І вось чаму…
Днямі старшыня Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства Валянціна Парманчук ва ўрачы­стай абстаноўцы атрымала з рук Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Калтовіча Ганаровы дыплом “За лепшую арганізацыю гандлёвага абслугоўвання насельніцтва”. Для калектыву ўніверсама “Родны кут” гэтая ўзнагарода настолькі жаданая, нібы для астранаўта палёт на недасягальную планету Меркурый.
Трэба адзначыць, што штогод, пачынаючы з 2010, Ганаровым дыпломам узнагароджваюцца калектывы суб’ектаў гандлю, суб’ектаў грамадскага харчавання, тарговых аб’ектаў, аб’ектаў грамадскага харчавання і іх кіраўнікі. Спецыяльная камісія ацэньвае і абагульняе прадастаўленыя ў кожнай намінацыі (а ўсяго іх 8) матэрыялы з выкарыстаннем бальнай сістэмы. За кожны фінансава-эканамічны паказчык налічваецца асобны бал, а ўжо па суме набраных і вызначаецца пераможца.
– Спачатку не верылася, што мы перамаглі, – дзеліцца ўражаннямі Валянціна Ўладзіміраўна. – Але калі прыйшло асэнсаванне, што гэта не сон, то адразу нахлынула хваля эмоцый. І ў першую чаргу, канешне ж, пачуццё радасці і гонару. Гонар за раён, за калектыў універсама і ўсіх тых, з кім і дзеля каго даводзіцца працаваць. Памятаю, як пасля ўручэння ўзнагароды, да мяне падышоў мужчына. Аказалася, што ён часты госць нашага гарадскога пасёлка, хоць сам жыве ў сталіцы. І кожны раз не ўпускае магчымасці наведаць наш “Родны кут”, бо вельмі прыпаў яму да душы адзін ласунак (каўбаса свіная “Домашняя”). Здаецца мне, што пашана і ўдзячнасць спажыўцоў і ёсць вышэйшая адзнака.
Пра мэту майго візіту ва ўні­вер­сам супрацоўнікі здагадаліся адразу. Трэба было бачыць у той момант іх шчаслівыя вочы і тое, з якім імпэтам дэманстравалі невялічкую, але такую дарагую сэрцу статуэтку, намагаючыся знайсці для яе самае дастойнае месца ў інтэр’еры крамы.
– У нас калектыў таварыскі, усяго чатырнаццаць чалавек, – адразу пачала размову прадавец універсама Таццяна Канецкая. – І ўсе яны адказныя, добразычлівыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу адзін аднаму. Мы добра разумеем, што без еднасці, вынікаў не будзе, таму і да працоўных абавязкаў ставімся з вялікай адказнасцю. Мы любім сваіх пакупнікоў і яны адаказваюць нам узаемнасцю.
Цікава, што штодня ў краме здзяйсняецца каля пяці з паловай тысяч пакупак, прапануецца звыш пяці тысяч найменняў тавару. Таму своечасова атрыманая ўзнагарода – стымул для новых памкненняў і новых перамог.
Дарэчы, гэта першы “Бронзавы Меркурый” у скарбніцы Бераставіцкага філіяла аблспажыў­таварыства. Мы ж спадзяёмся, што не апошні, бо пачатак ужо пакладзены.
Вольга Заенчкоўская,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *