Бераставіцкі ліцэй рыхтуе запатрабаваных спецыялістаў

Лента новостей

Руслан Ткачук, Максім Ахметджанаў, Дзяніс Язерскі, Іван Грынюк і Вадзім Лапін
Руслан Ткачук, Максім Ахметджанаў, Дзяніс Язерскі, Іван Грынюк і Вадзім Лапін

Каб быць паспяховым ва ўмовах рынку, трэба мець добрую запатрабаваную прафесію. І не абавязкова для гэтага закончыць прэстыжную вышэйшую навучальную ўстанову, ды яшчэ дорага плаціць за адукацыю. Каб цвёрда стаяць на нагах, зарабляць добрыя грошы і дастойна забяспечваць у будучым сваю сям’ю, можна не шукаць шчасця ў іншых месцах, а проста рэальна ацаніць і выкарыстаць прыдатныя магчымасці, якія прадастаўляе моладзі наш Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй. Рабочыя спецыяльнасці запатрабаваны і ў горадзе, і ў вёсцы, яны добра аплачваюцца. Напрыклад, у Мінску на “біржы працы” электрагазазваршчыкам прапануюць і па 20 мільёнаў рублёў у месяц. Безумоўна, работа павінна быць якасная, а першыя крокі ў такую выдатную прафесію можна зрабіць менавіта ў нашым ліцэі. Добра аплачваецца і работа вадзіцеляў на міжнародных грузаперавозках. Задаволены і тыя нядаўнія выпускнікі, якія сталі механізатарамі і камбайнерамі ў гаспадарках. Не пашкодзіць прафесійная адукацыя і будучым фермерам.
У Бераставіцкага ліцэя слаў­ная гісторыя, тут працуюць не­раўнадушныя людзі, якія будуць рады не толькі падзяліцца з дзецьмі адмысловымі сакрэтамі папулярных рабочых спецыяльнасцей, але і будуць ставіцца да ўчарашніх школьнікаў цёпла, па-бацькоўску, дапамогуць ім пераадольваць цяжкасці і заахвоцяць іх саміх будаваць свой лёс. Вось і сёння мне давялося пачуць кароткую гутарку аднаго з вопытных майстроў вытворчага навучання з юнакамі. Калі школьная базавая адукацыя з’яўляецца для вучняў абавязковай, дык у наступнай ступені – прафесійнай адукацыі, ёсць свае цудоўныя перавагі. У ліцэй хлопцы прыйшлі ахвотна, яны разумеюць, што перад імі сапраўдны “мосцік” у самастойнасць і дарослае жыццё, а майстры вытворчага навучання і іншыя педагогі зробяць усё магчымае, каб яны авалодалі сваімі спецыяльнасцямі, адчулі адказнасць за ўласны шлях у жыцці, а ў перспектыве змаглі падтрымаць гонар гэтай навучальнай установы і роднай зямлі. Безумоўна, такі хлеб лёгкім не бывае, але пры жаданні можна дабіцца поспехаў у вучобе і ў далейшай рабоце. Калі сур’ёзна займацца, назапашваць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, “толк будзе”.
У гаспадарках Бераставіччыны мне даводзілася бачыць шмат выпускнікоў ліцэя – камбайнераў, вадзіцеляў, аграномаў, якія са шчырай удзячнасцю ўспамінаюць сваіх майстроў і педагогаў, якія далі ім сапраўдную “пуцёўку ў жыццё”. А колькі іх уладкавалася ў гарадах, паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы! І ўдалай “прыступкай” да гэтага стала менавіта грунтоўная прафесійная адукацыя. Нізка пакланіцца трэба людзям, якія з вялікім цярпеннем вучаць учарашніх школьнікаў не толькі будучай спецыяльнасці, але і “жыць”, усведамляць, што кожны з іх будуе свой лёс сваімі рукамі, розумам і стараннем.
У Бераставіцкім ліцэі рады бачыць тых, хто яшчэ не вызначыўся са сваім выбарам. Яны могуць выкарыстаць свой шанц.
— Да 15 верасня ўключна ў нас яшчэ працягваецца прыём дакументаў, — гаворыць дырэктар ліцэя Эдуард Карвацкі. – Можна выбраць спецыяльнасці “электрагазазваршчык-вадзіцель аўтамабіля-слесар па рамонце аўтамабіляў”, “вадзіцель-трактарыст-машыніст-слесар”, “повар-кандытар”. Важкай перавагай для жыхароў Бераставіцы з’яўляецца тое, што не трэба нікуды ехаць. Магчыма, і нехта з тых юнакоў і дзяўчат, якія вучацца ў каледжах, зразумеюць, што там ім цяжка або гэта “не іх”. Можа, ім больш спадабаюцца нашы спецыяльнасці. Мы прымем і іх. Навучэнцы Бераставіцкага ліцэя забяспечваюцца аднаразовым бясплатным харчаваннем, у філіяле – трохразовым. У нас ёсць добрыя ўмовы для развіцця тэхнічных здольнасцей навучэнцаў, раскрыцця іх творчага патэнцыялу, для заняткаў спортам. У ліцэі добраўпарадкаваны інтэрнат з блочнай сістэмай.
Работнікі гэтай навучальнай установы рады бачыць будучых навучэнцаў і іх бацькоў. Ім прадставяць неабходныя кансультацыі і нават могуць для іх правесці невялікую цікавую экскурсію па карпусах ліцэя. Наведвальнікі змогуць самі ўпэўніцца, што ісці сюды па запатрабаваную, добра аплачваемую прафесію, варта.
А пра тое, як спадабаўся наш ліцэй першакурснікам, я пагутарыла з навучэнцамі 235 групы. Руслан Ткачук, Максім Ахметжанаў і Дзяніс Язерскі – жыхары г.п.Вялікая Бераставіца. Пра прыдатныя для хлопцаў прафесіі яны ведалі даўно, прыйшлі сюды па жаданні. Авалодваць будуць прафесіяй трактарыста-машыніста-ва­дзі­целя-слесара. Жаданне вучыцца ў іх ёсць, ды і які юнак не марыць сесці за руль аўтамабіля? Іх пачалі ўжо знаёміць з тэхнікай. У хлопцаў загараюцца вочы, калі яны пра гэта расказваюць, а значыць, выбар яны зрабілі правільны.
Навучэнцы гэтай жа групы Іван Грынюк і Вадзім Лапін прыехалі са Свіслацкага і Гродзенскага раёнаў. У Вадзіма брат вучыўся ў ліцэі, працуе вадзіцелем, работай сваёй задаволены. Хлопца засялілі ў інтэрнат, умовы там добрыя.
Настрой у юнакоў быў выдатны, пра ліцэй, дзе іх гасцінна сустрэлі, у іх склалася самае лепшае ўражанне, а значыць, стымул для далейшай вучобы ёсць. У добры шлях!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *