Бераставіцкія паясы

Из истории земли Берестовицкой Культура

Мінулы год пакінуў у гісторыі Вялікай Бераставіцы выдатны юбілей – 265 гадоў з часу фінансавання Ежы Аўгустам Мнішкам ткацкай мануфактуры ў Вялікай Бераставіцы . Аб тым, што ў Бераставіцы была мануфактура ў 1747-1774 гг., пацвярджае польская даследчыца Марыя Чапліньская ў артыкуле “Ежы Мнішак” шматтомнага выдання “Польскі слоўнік біяграфічны” (Том ХХІ/3, Варшава. 1976).
Мануфактурнае прадпрыемства ў ХVІІІ стагоддзі стала дзецішчам для буйных магнатаў Рэчы Паспалітай, такіх як Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Агінскія. Яны адкрывалі ў сваіх уладаннях мануфактуры па вырабу разнастайнай прадукцыі са шкла, тканіны, паперы, кафлі і інш. Не выключэннем стала і Вялікая Бераставіца. Уладальнік гэтага мястэчка Е.А. Мнішак (1715-1778) наведваў радзівілаўскія мануфактуры ў сярэдзіне ХVІІІ ст. і быў у захапленні ад іх вытворчасці. Адна з такіх мануфактур – пазументная ў Слуцку – і стала прататыпам для бераставіцкай мануфактуры. Для наладжвання вытворчасці і кіраўніцтва мануфактурай былі запрошаны спецыялісты з Заходняй Еўропы, перш за ўсё з Германіі. Сувязь з Нямеччынай у жыцці Ежы Аўгуста – вядомы факт яго біяграфіі. Напрыклад, жонкай Е.А. Мнішка была Марыя Амелія Бруль, дачка нямецкага міністра Генрыха Бруля. Адзіная дачка Ежы Аўгуста і Марыі Амеліі была Юзэфіна, якая нарадзілася ў Дрэздэне. Яна ж у 1774-1793 гг. была ўладальніцай Вялікай Бераставіцы. Бераставіцкі герб “Вавёрка” мае нямецкія карані з герба Айхінгер. І, нарэшце, бераставіцкая мануфактура Мнішкаў выпускала тасьму, гісторыя з’яўлення якой звязана з Германіяй. Вядомая кёльнская тасьма з ХV стагоддзя пачала сваё шэсце па ўсёй Еўропе.
Згодна з малюнкам стужак на бераставіцкім гербе 1754 года ў мануфактуры Мнішкаў быў наладжаны выпуск тасьмы з шаўковых, залатых альбо срэбных нітак. Прыкладам залачонай тасьмы з бераставіцкай мануфактуры могуць з’яўляцца пазументы (залачоная тасьма) на далматыцы (рэлігійным аддзенні) сярэдзіны ХVІІІ ст., якая захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Мінску. (на фота).
Узор, які прысутнічае на залачонай тасьме з далматыкі, мае геаметрычны арнамент. Ён складаецца з прамых ліній, якія ствараюць ромбы, трохвугольнікі, палосы, сплеценыя ў “коскі” і “зубаткі”. Можна меркаваць, што менавіта чаргаванне ромбаў і трохвугольнікаў складаюць узорчаты малюнак бераставіцкай тасьмы.
Мануфактура ў Вялікай Бераставіцы можа мець назву “Пазументная” згодна з малюнкам стужкі (залачонай тасьмы) на гербе мястэчка 1754 года як асноўнага выраба. Але з другой паловы 1750-х г. у бераставіцкай мануфактуры павялічыўся асартымент вырабаў. Вядомую папулярнасць на той час ткацкім вырабам у Рэчы Паспалітай прынеслі шаўковыя паясы. І, як адзначалася раней, па прыкладу Слуцкай персіярні ў бераставіцкай мануфактуры таксама маглі вырабляць паясы. Яны не вылучаліся сваёй шматкаляровасцю, мелі ў асноўным два колеры – цёмны і светлы. Напрыклад, чорны і залаты альбо чырвоны з золатам. Замежныя майстры выкарыстоўвалі ў якасці малюнка геаметрычны арнамент з пазументаў, але ўводзілі і мясцовыя сімвалы Бераставіцы: картуш, скрутак з віслай пячаткай, пазументныя вырабы самой мануфактуры. Строгі геаметрычны арнамент на асноўнай сярэдняй частцы пояса не вылучаўся сваім багаццем форм і ліній. Уся прыгажосць пояса была сканцэнтравана на яго канцоўках з махрамі. І ў адрозненні ад слуцкіх паясоў з іх багатым раслінным арнаментам, бераставіцкія паясы мелі другую, так званую форменную тэматыку. Прыкладам яе можа служыць пояс, які захоўваецца ў Нацыянальным музеі мастацтваў імя М.К. Чурлёніса ў Каўнасе (Літва).
Гэты пояс 1760-х гадоў вытворчасці (на фота) дзеляць паміж сабой мануфактуры Гродна і Ліёна (Францыя). Але на карце Еўропы паміж Гродна і Ліёнам знаходзіцца Бераставіца – забыты цэнтр мануфактурнага прадпрыемства Мнішкаў сярэдзіны ХVІІІ ст. І пры першым аглядзе кампазіцыі малюнкаў на гэтым поясе можна ўбачыць бераставіцкія сімвалы – скрутак (альбо картуш), віслая пячатка і таямнічая літара “М” у выглядзе падстаўкі з двума букетамі пёраў. Аналогіі гэтаму поясу з Літоўскага музея мастацтваў сярод захаваўшыхся паясоў слуцкага тыпу не сустракаецца.
На першы погляд пояс гэты не вылучаецца сваім багаццем колераў (залачоны шоўк на цёмна-карычневым фоне), і асноўны ўзор яго не сустракаецца на гарадзенскіх і ліёнскіх паясах, узорамі якіх сталі слуцкія паясы з раслінным арнаментам. Галоўная частка пояса – канцоўка – аздоблена сіметрычным вузорам з двух пёравых букетаў, якія злучаны падстаўкай у выглядзе літары “М”. Выявы пёраў не сустракаюцца на слуцкіх паясах, няма іх і на гарадзенскіх і на ліёнскіх паясах. Але ёсць пёры ва ўласным гербе Ежы Аўгуста Мнішка, уладальніка Бераставіцы і яе мануфактуры. Гэта герб “Сяміпер’е”.
Можна толькі меркаваць, што гэты пояс з залачонага шоўка, які захоўваецца ў Літоўскім музеі мастацтваў імя М.К. Чурлёніса, быў зроблены ў бераставіцкай мануфактуры. Той самай мануфактуры, сляды якой захоўваюць гістарычны герб Бераставіцы (1754 г.), мастацкія музеі Беларусі, Польшчы і Літвы, гістарычныя архівы Дрэздэна, Кракава і Варшавы.
Андрэй Втарушын,
выкладчык гісторыі мастацтваў
Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *