Бераставіцкія выканаўцы прынялі ўдзел у занальным этапе абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы»

Культура Лента новостей

У суботу, 22 мая, творчыя фальклорныя калектывы і асобныя выканаўцы Бераставіцкага раёна прынялі ўдзел у занальным этапе абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы» і абласным фестывалі-свяце танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”. Месцам правядзення культурна-масавага мерапрыемства стаў аграгарадок Дзітва Лідскага раёна.

Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы» праводзіцца з мэтай захавання рэгіянальнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, традыцый песенна-танцавальнага і гульнёва-абрадавага жанраў, выяўлення самабытных носьбітаў беларускага фальклору, далучэння падрастаючага пакалення да аўтэнтычнай народнай творчасці.

Фестываль праходзіць у два туры адзін раз у два гады: I тур – занальныя агляды; II тур – заключныя мерапрыемствы, якія сёлета адбудуцца 4 верасня ў Шчучынскім раёне.  Падчас правядзення занальнага агляду-конкурсу кожны раён павінен прадставіць конкурсную праграму працягласцю ад 20 да 50 хвілін, якая найбольш ярка дэманструе мастацкія традыцыі сваёй мясцовасці.

Як адзначыла метадыст па фальклору і этнаграфіі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Затаўка, фальклорная праграма бераставіцкіх выканаўцаў складалася з выступленняў фальклорнага гурта “Вясёлая бяседачка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы, юнай удзельніцы дзіцячага аматарскага фальклорнага гуртка “Бабулiна скрынка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Пархімаўцы  Міланы Скокавай, якая распавяла паданне “Бераставiчанка”, і асобных выканаўцаў з аг. Пархімаўцы Надзеі Цандзер, Валянціны Бычкоўскай і Зоі Юрчык.

Акрамя праграмы Бераставіцкага раёна, увазе членаў журы былі прадстаўлены таксама выступленні калектываў Лідчыны і Воранаўшчыны. Вынікі будуць аб’яўлены пазней, пасля завяршэння ўсіх занальных этапаў.

Паралельна на адкрытай пляцоўцы Дзiтвянскага Дома культуры праходзіў фестываль «Танцуем па-даўнейшаму» – брэндавае свята Лідскага раёна. Удзельнікі з усёй Гродзенскай вобласці танцавалі беларускія народныя побытавыя парныя танцы ў рамках конкурсу,  быў наладжаны майстар-клас па народных танцах, а таксама флэшмоб “Танцуем разам”. Адбылося дэфіле ў нацыянальных касцюмах “Мода з куфра”, удзел у якім прынялі і бераставіцкія работнікі культуры, апранутыя ў мясцовы народны строй.

Падчас мерапрыемства дзейнічалі выставы вырабаў народных майстроў, у тым ліку экспазіцыя, падрыхтаваная супрацоўнікамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Святлана Ганчарова.

Фота прадастаўлена Бераставіцкім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *