Бераставіцкая раённая ветэрынарная станцыя: з клопатам пра здароўе жывёлы

Лента новостей

Ветэрынарыя – грунтоўная і цікавая навука. Яна імкліва рухаецца наперад, суправаджаючы чалавецтва на ўсіх этапах яго развіцця. Ужо шмат стагоддзяў таму людзі зразумелі, што менавіта ад здаровай жывёлы можна атрымліваць карыснае і бяспечнае малако і мяса. Гэтая аксіёма не страчвае свайго значэння і зараз, і будзе актуальнай і ў будучым.
У многіх краінах свету дагэтуль яшчэ ёсць такія небяспечныя захворванні, напрыклад, як афрыканская чума свіней. На шчасце, у нас гэтага няма, і на межах з іншымі краінамі прымаюцца ўсе неабходныя каранцінныя меры, каб засцерагчыся.
Галоўны ветурач раёна Галіна Балюк — вопытны і высокакваліфікаваны спецыяліст, разам з калектывам райветстанцыі яна добрасумленна выконвае свае абавязкі. Асаблівая ўвага тут надаецца прафілактыцы захворванняў, бо, як кажуць, лепшым лячэннем з’яўляецца менавіта папярэджанне. Вопытны ветэрынар заўсёды стараецца не дапусціць хваробу, стварыць ёй надзейную заслону. А калі ўжо “непрыемнасць” здарылася, нельга страчваць час, трэба адразу прымаць эфектыўныя меры, што і робіцца ў нашым раёне.
У кожнага спецыяліста райветстанцыі ёсць свае больш вузкія і дакладныя абавязкі, і людзі ажыццяўляюць іх у цесным супрацоўніцтве. Проціваэпізаатычную групу ўзначальвае намеснік галоўнага ветурача Аляксандр Баброў. Разам з урачамі — эпізаатолагамі Іванам Пятручакам і Пятром Ветам яны таксама трымаюць у полі зроку пытанні прафілактыкі захворванняў. Спецыялісты ажыццяўляюць кантроль за правядзеннем неабходных мерапрыемстваў ў гаспадарках раёна, а таксама вакцынаваннем. Спецыяльны атрад пры гэтай групе займаецца дэзынфекцыяй памяшканняў ферм і іншым. Гэта важная работа.
Ветурач – тэрапеўт Генадзь Рукша займаецца незаразнымі захворваннямі. У жывёлы таксама бываюць прастуды, як у чалавека. Асаблівая ўвага надаецца недапушчэнню мастытаў у кароў, кантролю за рэшткамі шкодных рэчываў у малацэ.
Важныя задачы стаяць перад ветлабараторыяй. Яе калектыў займаецца даследаваннямі на бактэрыяльныя і вірусныя захворванні, сочыць за якасцю кармоў. Напрыклад, утрыманне нітратаў павінна адпавядаць норме. А загадчык лабараторыі ветсанэкспертызы Ларыса Жывулька кантралюе, каб на стол пакупнікоў трапляла прадукцыя толькі ад здаровай жывёлы.
У краіне надаецца вялікая ўвага ветэрынарыі. А на месцах здароўем жывёлы і адпаведна нашай з вамі бяспекай займаюцца адказныя людзі. З прафесійным святам іх, прыемнага настрою, бадзёрасці, шчасця ім, дабрабыту сем’ям, усяго самага добрага!
На здымку: калектыў райветстанцыі.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *