Беларусь – мая Бацькаўшчына

Лента новостей

0d2240a12 жніўня ў Лішкаўскай сельскай бібліятэцы адбылося мерапрыемства, прысвечанае выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларусь – мая Бацькаўшчына”. Прайшло яно ў форме гульні-падарожжа вучняў сярэдніх і старэйшых класаў. На мерапрыемства запрасілі і жыхароў вёскі Лішкі. Прыйшлі бабулі, прабабулі і бацькі дзяцей – карацей кажучы, людзі аж трох пакаленняў. З іх ліку выбралі трох членаў журы: Г.М. Мікульскую, М.С. Ганчар, Д.С.Бандарук.
Дапамагчы дзецям яшчэ глыбей унікнуць у гісторыю свайго краю і яго жыхароў, паўней адчуць любоў да роднай старонкі і сваёй вялікай Радзімы пад назвай Беларусь – гэта найперш мелася на мэце ў час падрыхтоўкі да мерапрыемства. Усё яно было пранізана адзінай галоўнай думкай: трэба так адносіцца да ўсяго свайго, роднага, вучыцца так берагчы і шанаваць бацькоўскую спадчыну, каб пакінуць сваім нашчадкам яшчэ больш прыгожую і яшчэ больш квітнеючую Беларусь.
Удзельнікі мерапрыемства разбіліся на тры каманды пад назвамі: “Буслікі”, “Васілінкі” і “Лянок” і выбралі капітанаў.
І вось гучаць прывітанні каманд. Усе яны складзены ў вершаванай форме і атрымаліся вельмі цікавымі. А далей, пад час конкурсаў, удзельнікі паказвалі рознабаковыя веды. Вучні склалі карту “Мая Радзіма – Беларусь”, разгадвалі рэбусы з назвамі буйнейшых беларускіх гарадоў і рэк. Успомнілі знакамітых людзей нашай краіны, акунуліся ў гістарычнае мінулае роднай старонкі. Старэйшыя госці рас­ка­залі, як ны і іх бацькі жылі раней, як працавалі, якімі прыладамі працы карысталіся.
У час свайго віртуальнага падарожжа вучні паказалі досыць добрыя веды і ў вобласці эканамічнага, палітычнага жыцця краіны. Гучалі творы знакамітых беларускіх пісьменнікаў. Вучаніца Валерыя Жук, да прыкладу, вельмі выразна чытала ўрыўкі з вершаваных твораў пра Беларусь.
Трэба сказаць, што пры ацэнцы старанняў каманд журы давялося няпроста: усе удзельнікі былі проста малайцы! А заключны конкурс аб’яднаў літаральна ўсіх: на лісточках у форме сэрца кожная каманда, члены журы і ўсе прысутныя напісалі свае пажаданні Рэспубліцы Беларусь. І затым старанна прыклеілі гэтыя сардэчкі на карту нашай Радзімы – яна размясцілася на ватмане, упрыгожаным васількамі і рамонкам. Журы, ацаніўшы веды і таленты ўдзельнікаў гульні, падвяло вынікі. Усе тры каманды былі ўзнагароджаны граматамі.
Затым адбыўся канцэрт. Заду­шэўна гучала песня пра Беларусь у выкананні Міланы Талочка і Насці Зайко. А Даша Фарафонава і Насця Міхайлоўская цудоўна выканалі пад гітару дзве беларускія песні. Прысутныя ацанілі і тое, як хораша спявала Валя Болбат. Юных артыстаў усе падтрымлівалі і падбадзёрвалі гарачымі апладысментамі.
А завяршыўся канцэрт песняй “Белая Русь”, якую выканалі ўсе разам. Прыемна было чуць думку, што мерапрыемства атрымалася не толькі цікавым, але і вельмі карысным.
Зоя Хлебнікава, бібліятэкар Лішкаўскай
сельскай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *