Слесар СВП “АграМір” Аляксандр Супрэтка — выдатны працаўнік і мнагадзетны бацька

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_4805Сялянская праца спрадвеку была вельмі цяжкай. Напружаная работа ў хлебароба, нялёгкая – у жывёлавода. Зараз на дапамогу людзям прыйшлі сучасныя тэхналогіі і эфектыўная тэхніка, але “чалавечы фактар” па-ранейшаму каштоўны. У аграрным сектары працуе шмат людзей, якія стараюцца ўсё рабіць, як мага лепш, і ім трэба нізка пакланіцца.
У СВП “АграМір” робяць стаўку на раслінаводства, пладаводства і жывёлагадоўлю. Разам з іншымі галінамі вытворчасці жывёлагадоўля тут эфектыўна развіваецца. Малочнатаварная ферма “Галава” здалёк прыцягвае вока сваім сучасным выглядам. Тэрыторыя агароджана, каб на аб’ект не трапілі бадзяжныя лісы, каты і сабакі, якія могуць занесці небяспечнае захворванне – шаленства.
Вытворчасць вядзецца на ферме па сучасных эфектыўных тэхналогіях. Галоўны здабытак калектыву – здача амаль усяго малака гатункам “экстра”. У гэтым поспеху ёсць і важкі уклад слесара па абслугоўванні малочнага абсталявання Аляксандра Супрэткі.
Прыехаў Аляксандр на Бераста­віччыну разам з баць­камі з Кустанайскай воб­ласці Казахстана, тут жыла яго прабабуля. Пасля распаду Савецкага Саюза многія людзі вярталіся ў тыя мясціны, адкуль раней выехалі іх бацькі або дзяды. Хлопец вучыўся ў прафтэхвучылішчы, затым стаў працаваць даглядчыкам жывёлы на малочнатаварнай ферме “Бераставіца”. Было яму нялёгка, трэба было ўручную раздаваць кармы, чысціць кармушкі. Займацца такой работай можа толькі чалавек нераўнадушны і спагадлівы, які любіць жывёлу. Давялося Аляксандру папрацаваць і зваршчыкам, а таксама слесарам працаёмкіх працэсаў. Зараз ён – слесар па абслугоўванні малочнага абсталявання, і ўклад яго ў захаванне сучасных тэхналогій і атрыманне высакаякаснага малака вельмі важны. Хаця даільная зала сучасная, але вялікую ўвагу неабходна надаваць санітарыі. Без яе не можа быць малака гатунку “экстра”. Даільнае абсталяванне павінна эксплуатавацца правільна і працаваць, “як гадзіннік”. І чысціня, і зладжаны працэс пры кожным даенні пад пільным вокам Аляксандра. У многім дапамагае аўтаматыка, але “чалавечы фактар” незаменны. Аляксандра хочацца назваць не проста ўмелым слесарам, а сапраўдным майстрам сваёй справы, бо чалавек гэты вельмі адказны і старанны. Да ўсяго, чаму яго навучылі, калі ўвялі ў эксплуатацыю новы малочнатаварны аб’ект, Аляксандр адносіцца вельмі ўважліва, рукі ў яго залатыя. Аператары машыннага даення не змаглі б пры ўсім сваім старанні атрымліваць малако гатунку “экстра”, каб не быў такім дасціпным слесар. Разам яны не толькі ўзялі вышыню, але і пастаянна ўтрымліваюць сваю высокую планку, рухаюцца наперад. Калектыў на гэтай малочнатаварнай ферме – сапраўдная дружная каманда, людзі падтрымліваюць адзін аднаго, падстаўляюць плячо. Шчыра кажучы, для нязвыклага да такой працы гараджаніна ці гараджанкі, умовы працы ў жывёлагадоўлі, нягледзячы на 21-е стагоддзе і здабыткі прагрэсу, усё ж маглі б паказацца “экстрэмальнымі”. Безумоўна, каб працаваць тут, старацца, каб у нас усіх на будзённым і святочным стале былі смачныя і якасныя малочныя вырабы, трэба мець немалую сілу волі і старанне. У нашых шаноўных землякоў гэтыя важныя якасці характару ёсць, і гэта выклікае шчырую павагу да іх.
Аляксандр не толькі выдатны працаўнік, але яшчэ і мнагадзетны бацька. У яго чацвёра дзяцей, тры дзяўчынкі і хлопчык. Няхай расце дабрабыт гаспадаркі і кожнага чалавека, які сваёй сумленнай працай стварае яго!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *