Аўтар “Буквара” Надзея Сторажава – наша зямлячка з вёскі Канюхі

Лента новостей

Самы старажытны ў свеце «Буквар» святкуе ў гэтым годзе юбілей. 400 гадоў таму падручнік пад такой назвай першымі ў свеце надрукавалі беларусы. Кнігу, выдадзеную ў 1618 годзе ў друкарні віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва, даследчыкі выявілі ў закрытай бібліятэцы брытанскіх юрыстаў. Менавіта беларусы ўвялі ва ўжытак слова «буквар». Пасля выдання падручніка яго назва ўвайшла ў дзясяткі моў.

Многім маладым, не гаворачы пра старэйшых, і сёння падабаецца песня “С чего начинается Родина?” з савецкага 4-серыйнага блокбастара “Щит и меч”.

Менавіта з малюнкаў у “Буквары”, як спявалася ў песні, з добрых сяброў і таварышаў, якіх была поўная вёска і з якімі сябравала Надзея Шыпіца, пачыналася і зараджалася пачуццё любові да роднага куточка, роднай вёскі, школы, настаўнікаў. І песень, што спявала яе мама, Марыя Іванаўна, песцячы сваю самую малодшую дачушку, і што спявалі жанчыны летнімі вечарамі, ідучы з поля пасля нялёгкага працоўнага дня на жніве ці праполцы буракоў, якія і кармілі, і забіралі сілы з жаночых рук.

Нарадзілася Надзея Аляксееўна ў 1942 годзе ў вёсцы Канюхі, закончыла 7 класаў Казлоўскай школы ў 1957 годзе. Надта ж любіла Надзея ў дзяцінстве разам з сябрамі падарожнічаць па Магілянскіх гарах, якія былі за кіламетры два-тры ад вёскі, словам, зусім побач, бо хіба ж тры кіламетры гэта вялікая дарога для дзіцячых ног? Як расказвалі ёй дзед і бабуля, тут, у гарах, хаваліся паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага і разведчыкі партызанскага атрада “Звязда” у Вялікую Айчыйнную вайну. І было іх прыстанішча ў зямлянцы каля вялізнага каменя, які і ўкрываў іх ад вятроў і зімніх сцюжаў.

І сапраўды аб гэтым вялізным валуне хадзіла шмат легендаў і паданняў. Расказвалі, што ў навакольнай вёсцы — ці то ў Жорнаўцы, ці ў Магілянах — жыла бедная ўдава са сваёй дачкою. Дзяўчыну звалі Алёна, і была яна незвычайнай прыгажосці. Вочы яе былі нібы тыя валошкі ў жыце, а вусны быццам пераспелыя сакавітыя ягады маліны, а постаць — як маладая бярозка ў Магілянскім лясочку. А якая ж спраўная і слаўная была яна: і кудзелю за вечар паспявала спрасці, і яшчэ паспее спрадзеныя ніткі ў клубочак пераматаць. А калі ўжо сядзе за кросны — то з-пад яе рук выходзяць дываны небывалай прыгажосці, усім жанкам на зайздрасць. І кахалася гэтая Алёнка з мясцовым хлопцам з Магілян, якога ў вёсцы называлі Янкам. Ды незадоўга да шлюбу занядужыла Алёнка, з вачыма штосьці сталася, свет белы перастала бачыць.

Вось і падказалі добрыя людзі таму хлопцу знайсці ў Магілянскіх гарах самы вялікі камень, сабраць на яго вяршыні да ўсходу сонца кропелькі расы і прамыць ёю дзявочыя вочы — тады і на свет яна паглядзіць па-іншаму. Знайшоў Янка той камень ажно на 5-ты дзень, калі ўжо і да шлюбу заставалася 2 дні, сабраў тыя нябесныя расінкі, і ўбачыла Алёнка зноў свет боскі ва ўсіх яго фарбах і іскрыстых праменях. Дый яшчэ і маляваць стала дужа прыгожа і песні складаць па-кніжнаму, вельмі зграбна, напеўна і шчымліва.

Так гэта было ці не так, але знайшла той вялікі валун з зямлянкай побач Надзейка са сваімі сяброўкамі. Пагулялі каля яго, вогнішча распалілі, хараводы павадзілі. Але вось узабрацца на яго ўдалося толькі ёй, бо надта ж быў ён высокі, стромкі і вельмі гладкі. Як узабралася на яго, ажно дух захапіла і галава кругам пайшла, ледзь назад спусцілася.

Надзея Аляксееўна, расказваючы аб гэтым, хітра прыжмурыўшы вочы, усміхаецца: “Хочаце верце, хочаце не верце”.

Калі Надзейка хадзіла ў пачатковыя класы, яна любіла гуляць у школу. Збіралася ў іх хаце, а летам — у двары купка дзяцей, а настаўніцай, канечне, была яна. Муштравала сваіх “падапечных” за нявывучаныя ўрокі, вучыла чытаць па “Буквару”.

— Ужо тады мама мне прарочыла прафесію настаўніцы ці “навучыцелькі”, — успамінае Надзея Аляксееўна. — З гадамі вучобы мне ўсё больш хацелася быць настаўніцай. Пасля заканчэння Казлоўскай сямігодкі — тады школа знаходзілася ў двух будынках у вёсцы Казлы — я пайшла вучыцца ў Сарасецкую школу. І там я вельмі падружылася з настаўніцай пачатковых класаў Аляксандрай Карнееўнай Варанец. Я бачыла, як яна аддае дзецям і веды, і сэрца, і душу, і як яны, па-дзіцячаму, наіўна і непасрэдна любяць сваю настаўніцу. Яны каля яе былі як тыя кураняткі каля курыцы-квактухі: шумлівыя, непаседлівыя, смяшлівыя, а іншы раз — і плаксівыя. Вось тады я вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў.

… Успамінаецца і драматычны выпадак школьнага жыцця. У Сарасецкую школу хадзіць прыходзілася за кіламетраў пяць. Тады ніхто нікога не падвозіў, аўтобусы таксама не хадзілі. Прыходзілася і летам, і зімой дабірацца пехатой. Памятаю, адзін жудасны выпадак, які здарыўся са мною зімой. З вечара паднялася завіруха, раніцай яна быццам бы суцішылася. Але мама, Марыя Іванаўна, настойвала, каб я не ішла ў школу. Бацька, праўда, маўчаў. А тут яшчэ сяброўка Аня Стасюкевіч зайшла за мной, і мы накіраваліся ў Сарасекі. Надвор’е быццам бы нічога благога не абяцала. Ярка да болю ў вачах свяціла сонца, мільярдамі дыяментаў іскрыўся снег. Пачынала пакрысе і на марозік брацца. Праўда, над Магілянскімі гарамі на даглядзе ледзь прасочвалася хмарка. Але была яна невялікая і нічога кепскага не прадбачылася, таму мы і не звярнулі на яе ніякай увагі.

А наш дзявяты клас займаўся ў другую змену. Урокі канчаліся ў добрым прыцемку, вядома ж зімой цямнее рана. Пакуль ішлі заняткі, зноў паднялася снежная кругаверць. Настаўнікі застаўлялі нас пераначаваць у школе, але мы з сяброўкай не паслухаліся: пайшлі ў снежную завіруху. Праз нейкія паўгадзіны зусім завіхурыла, заскуголіў вецер, закружыла мяцеліца, поўнымі прыгаршчамі снегу сыпанула ў твар, ды так шчыльна, што свету боскага не было відаць. Наўкола нічагуткі не відаць: ні кустоў, ні прыдарожных дрэў, якія сям-там раслі пры дарозе.

Выла, круціла мяцеліца. З-пад ног прапала ўтрамбаваная коньмі і санямі палявая дарога. А зусім недалёка засвяціліся два зялёныя агеньчыкі. І тут жа ўспомнілася, што некалькі дзён назад ваўкі ў суседняй вёсцы Казлы залезлі ў калгасны аўчарнік і задралі некалькі авечак. Валасы дыбам падняліся пад тоўстай мамінай хусцінкай, а па спіне пабеглі мурашкі. І тут мы пачулі голас бацькі, які запрог калгаснага каня і выехаў нам насустрач. А конь, напэўна, пачуўшы ваўкоў, так голасна і трывожна заіржаў, што, здавалася, і мяцеліца супакоілася, і завыванне ветру стала намнога цішэйшым. А бацька, мой суровы бацька Аляксей Рыгоравіч, былы франтавік, падазрона зашмыгаў носам, працёр ці то вочы ад запарушанага снегу, ці ад мужчынскай няпрошанай слязы (мне так паказалася), пасадзіў нас у сані, накрыў вялізным дамашнім кажухом, ад якога пахла і аўчынай, і самасадам, і яшчэ многімі блізкімі і роднымі пахамі. І мы з сяброўкай заплакалі.

А потым, помніцца, адходзіла ад перажытага на рускай печы. Зноў-такі колькі дзіцячых успамінаў засталося ад утульнай цяплыні той жа рускай печы. А самым прыемным і шчымлівым было тое, калі маці даставала з печы дамашні хлеб. Выпякалі яго то на кляновых лісточках, то на аеры, каб не набраліся на яго попел і вугольчыкі. Але трапляў на тыя боханы і попел, і вугольчыкі… А можа ад гэтага ён станавіўся яшчэ больш смачным. І Надзя, і яе дзве старэйшыя сястры — Вольга і Марыя — вельмі любілі гарачую, духмяную і хрумсткую скарыначку.

Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута Надзея Шыпіца працавала ў Рагачоўскай сямігадовай школе ў Гродзенскім раёне, а пасля выйшла замуж і пераехала ў Мінск. Працавала настаўніцай пачатковых класаў у розных школах Мінска. Старалася прымяняць на ўроках новыя прыёмы ў працэсе навучання чытанню і пісьму, а таксама ў комплекснай выхаваўчай рабоце. У 1970-ыя гады, як і многія савецкія настаўнікі, абапіралася на вопыт вядомага педагога В. Сухамлінскага.

Надзея Аляксееўна раней часта прыязджала дамоў у вёску Канюхі, сустракалася з настаўнікамі і вучнямі мясцовай школы. І заўсёды хадзіла адна, а потым з дачкой да таго чароўнага каменя, які, здавалася, даваў сілы, натхненне і прыцягненне да роднай зямлі. Менавіта тут і нарадзілася ў яе задумка аб складанні буквара для вучняў 1-га класа, а ўжо потым — і аб падрыхтоўцы метадычнай літаратуры для настаўнікаў. Хацелася, каб дачка спасцігала навуку па новым “Буквары”, над складаннем якога паціхеньку пачала працаваць Надзея Аляксееўна.

А ў 1984 годзе Міністэрства асветы БССР аб’явіла конкурс на “Буквар” для рускіх школ рэспублікі. Працаваць прыйшлося некалькі гадоў. За мастацкае афармленне буквара, пасля доўгіх перамоў, узяліся вядомыя мастакі В.В. Дударэнка, Э.Э. Жакевіч, В.А. Макаранка і іншыя — усяго ў ілюстрацыі кнігі ўдзельнічала 9 чалавек.

У конкурсе на лепшы “Буквар” прымала ўдзел некалькі аўтараў. Але лепшай была прызнана кніга Н. Сторажавай. Яе першае выданне выйшла тыражом 100 тысяч экзэмпляраў. Ні адна кніга ў Беларусі — ні паэта, ні празаіка, ні гісторыка — не выходзіла такім вялікім тыражом.

Аўтар “Буквара” Сторажава, у адрозненне ад іншых аўтараў, ужо ў 1-ым класе знаёміць вучняў з творамі вядомых рускіх і беларускіх класікаў: Пушкіна, Талстога, Чукоўскага, Караткевіча, Вярбы, Танка і іншых, умела робіць іх інтэрпрэтацыю зразумелай для дзяцей. У кнізе многа цікавых скарагаворак, прымавак і загадак. Буквар багата ілюстраваны, багаццем малюнкаў захапляе і школьнікаў і дарослых.

“Буквар” нашай зямлячкі выдаваўся многа разоў, агульны яго тыраж больш за 500 тысяч экзэмпляраў. Па ім вучыліся і вучацца ў школах Расіі, Чэхіі, Славакіі і нават далёкай Чарнагорыі.

Надзея Аляксееўна на гэтым не супакоілася. Яна падрыхтавала ў дапамогу настаўнікам, дзецям і бацькам розныя навучальныя дапаможнікі.

Штодня тысячы вучняў і настаўнікаў адкрываюць кнігі аўтара Сторажавай, каб навучыцца граматна і прыгожа пісаць. “Буквар”, “Пропісы”, “Складовыя табліцы”, – гэтыя і іншыя падручнікі і навучальныя дапаможнікі знаёмыя многім. На базе свайго багатага педагагічнага вопыту, ужываючы лепшыя навуковыя методыкі і канцэпцыі, яна стварае работы, якія дапамагаюць настаўніку зрабіць кожны ўрок максімальна эфектыўным. Н. Сторажава – сапраўдны падзвіжнік асветы. Яна аб’ездзіла ўсю краіну з мэтай дапамагчы настаўнікам пачатковай школы навучыцца працаваць па яе методыцы цікава і эфектыўна. “Дзеці могуць і павінны пісаць граматна. Напісанае застаецца”, – сцвярджае Надзея Аляксееўна.

У навучальным дапаможніку “Страна Буквария” аўтар прапануе прынцыпова новыя гульнявыя прыёмы ў навучанні дзяцей грамаце. Багата ілюстраванае, цікавае выданне можа быць выкарыстана для працы ў дзіцячым садку і ў школе. Прадстаўленыя ў кнізе гульні, галаваломкі, лагічныя задачы замацоўваюць правільнае напісанне парных зычных, закладваюць асновы пісьменнасці, развіваюць пачуццё мовы. Настаўнікам кніга карысна для тлумачэння і замацавання матэрыялу, правядзення віктарын і алімпіяд. Бацькі знойдуць у ёй заданні для эфектыўных дадатковых заняткаў з дзяцьмі.

Надзея Сторажава — не толькі добры педагог і метадыст, але і пісьменнік. Яна піша вершы, апавяданні і казкі для дзяцей на рускай і беларускай мовах. У кніжцы “Першае падарожжа” размешчаны вершы, лічылкі і скорагаворкі на беларускай мове. У кніжцы “Сіні матылёк” змешчаны загадкі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Тут і дзеці, і іх бацькі знойдуць цікавыя загадкі пра звяроў, птушак і дамашніх жывёл, пра кветкі, хатнія рэчы і з’явы прыроды.

Вялікую дапамогу аказвае настаўнікам пачатковых класаў кніжка Н. Сторажавай “Мова мая і твая”. Аўтар знаёміць са сваёй сістэмай работы па навучанню шасці- і сямігадовых дзяцей роднай мове. Створаная ёю “Займальная граматыка”, разнастайныя гульні і моўныя задачы дапамагаюць бацькам, настаўнікам і выхавацелям дзіцячых садкоў далучыць сваіх маленькіх выхаванцаў да таямніц і скарбаў роднай мовы.

Надзея Аляксееўна Сторажава – заслужаны работнік адукацыі Беларусі, лаурэат многіх літаратурных і педагагічных прэмій, аўтар вучэбна-метадычнага комплексу па навучанні грамаце, выдатны педагог-практык. Сістэма дыдактычных гульняў і практыкаванняў Сторажавай, выкладзеная ў яе кнігах, дазваляе ператварыць любы ўрок у займальнае даследаванне, спаборніцтва або цікавую гульню.

Надзея Аляксееўна любіць сваю малую радзіму — Бераставіччыну, ганарыцца яе людзьмі і іх справамі. А мы, яе землякі, ганарымся, што “Буквар” нашай зямлячкі і сёння з’яўляецца запатрабаваным у многіх школах розных краін свету і жадаем ёй новых поспехаў і творчых знаходак.

Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *