Андрэй Втарушын стаў Лаўрэатам Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры

Культура Лента новостей

1На раённым святкаванні Дня работнікаў культуры была агучана прыемная навіна: настаўнік мастацкіх дысцыплін Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Втарушын стаў Лаўрэатам Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі “Жывапіс, скульптура, графіка, дызайн і дэкаратыўнае мастацтва”. А 23 кастрычніка ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Мінску адбылося ўрачыстае ўручэнне высокіх узнагарод лю­дзям, якія працуюць у сферы культуры, мастацтва, адукацыі і якія атрымалі прызнанне сваёй дзейнасці на дзяржаўным узроўні.

2 3 4 5 6 7Звыш ста творчых асоб сёлета ўшаноўвалі ў рэспубліцы. Гэта як ужо добра вядомыя майстры і калектывы музычнага, тэатральнага, літаратурнага, эстраднага, цыркавога мастацтва, так і артысты, мастакі, выкладчыкі ўстаноў культуры з рэгіёнаў. Тое, што Андрэй Францавіч у іх ліку – гонар для Бераставіччыны і яшчэ адно пацверджанне таму, што і ў нашым раёне ёсць асобы адораныя, апантаныя жаданнем тварыць, дарыць людзям радасць, духоўную прыгажосць, веды і вопыт. Сваёй дзейнасцю, сваімі дасягненнямі яны крок за крокам паляпшаюць і ўмацоўваюць імідж Бераставіччыны ў краіне.
Акрамя звання Лаўрэата Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, Андрэй Францавіч атрымаў адпаведны Ганаровы знак, а таксама Дыплом і пасведчанне. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагароды ўручыла яму, як і іншым пераможцам у дзевяці намінацыях, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева.
Ганаровыя дзяржаўныя званні і ўзнагароды ўручалі работнікам культуры таксама намеснік главы Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік. Было зачытана таксама віншаванне ад Прэзідэнта краіны.
А папярэднічаў цыры­моніі ўзнагаро­джання паказ спектакля “Сініяя птушка” Марыса Матэрлінка (1862-1949) – сцэнарыста, які, дарэчы, вядомы як аўтар сімвалізму. І сапраўды. Нешта сімвалічнае было ў тым, што як і галоўныя героі пастаноўкі, госці ўрачыстай сустрэчы адшукалі сваю Сінюю птушку – у выгля­дзе ганаровых дзяржаўных узнагарод.
Творчая дзейнасць Андрэя Втарушына і як мастака, і як выкладчыка, і як краязнаўцы добра вядома бераставічанам, у тым ліку і праз шматлікія публікацыі ў “раёнцы”. Камісіяй па прысуджэнні Прэміі былі адзначаны роспіс мастаком памяшкання танцавальнай залы філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Малая Бераставіца і файе Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, яго эскізы паркавых скульптур, эскізы і праекты эмблем раённых мерапрыемстваў (напрыклад, “Эйсмантаўскага фэсту”), чатырнаццаць за восем гадоў, што Андрэй Францавіч жыве ў Бераставіцы, персанальных выстаў акварэльнага жывапісу і графікі, паштоўкі да юбілейных гістарычных дат гарпасёлка – як творы графічнага дызайну, напісанне і афармленне брашур па краязнаўству, аўтарскія гісторыка-біяграфічныя нарысы пра вядомых людзей і помнікі Бераставіччыны, афармленне сцэн і дэкарацый, рэзультатыўная падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах. Словам, ён чалавек рознабаковы, захоплены сваёй справай, які ставіць перад сабой мэты і ўпэўнена іх ажыццяўляе.
– Мне вельмі прыемна атрымаць такую высокую ўзнагароду як знак прызнання маёй працы мастака і настаўніка, – дзеліцца ўражаннямі Андрэй Францавіч. – Значыць, мае старанні не былі дарэмныя. А за падтрымку і падрыхтоўку матэрыялаў да разгляду камісіі я вельмі ўдзячны аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама калегам са школы мастацтваў, райбібліятэкі і Музея Вавёркі.
Мы віншуем Андрэя Францавіча з заслужанай узнагародай, жадаем яму новых дасягненняў у сферы мастацтва і адукацыі, таленавітых і ўдзячных вучняў.
Святлана Ганчарова

На здымках: Андрэй Втарушын і старшыня ГА “Беларускі фонд культуры”, галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір Гілеп;  разам з мастацкім кіраўніком армянскага фальклорнага ансамбля “Эребуни”, лаўрэатам Залатога медаля Міністэрства культуры Рэспублікі Арменія Рузаннай Аванесян; сумеснае фота з  мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусі імя Г.І.Цітовіча Михаілам Дрынеўскім; у Тэатры юнага гледача; нагрудны знак, Дыплом і пасведчанне Лаўрэата Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *