Аляксандр Ярмак у СВК імя Варанецкага — механізатар са стажам

Лента новостей

StrohernteНезаменны ўклад у паспяховае правядзенне жніва ўносяць не толькі аграномы, камбайнеры, вадзіцелі, работнікі зернесушыльных комплексаў. З адным такім працавітым чалавекам мне давялося пагутарыць нядаўна ў СВК імя Варанецкага.
На шырокім полі паблізу ад дарогі прыцягнуў вока вялізны жоўты стог саломы ўжо з новага ўраджаю. Каля яго таксама кіпела работа. Як руплівыя мурашкі, фармавалі яго зверху мужчыны, а жвавы маленькі кампактны пагрузчык з “зубамі” борздзенька лавіраваў побач і падвозіў салому. А працаваў на ім механізатар з вялікім стажам Аляксандр Ярмак (на здымку).
Працаваць на трактары вельмі няпроста. Пастаянныя моцныя гук і вібрацыя стамляюць чалавека, а трэба быць уважлівым, і майстэрства тут таксама патрэбна. Аказалася, што Аляксандр па спецыяльнасці інжынер, закончыў Жыровіцкі сельгастэхнікум. У СВК імя Варанецкага спачатку працаваў па спецыяльнасці, але потым вырашыў, што быць механізатарам для яго лепш. З той пары, а гэта ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, ён за штурвалам свайго паслухмянага “жалезнага каня”. Вядома, за гэты час тэхнікі памянялася нямала, з’явіліся зручныя сучасныя мадэлі. Але ва ўмелых руках трактарыста і інжынера “у адной асобе” уся тэхніка спраўна служыла і служыць.
Ад калег у гэтай гаспадарцы ў адрас Аляксандра Ярмака давялося мне пачуць самыя добрыя словы. Але хто ведае чалавека лепш, чым яго жонка?
— Я з Мастоўскага раёна, а ён з самых Мастоў, — гаворыць повар і загадчыца сталовай Тамара Ярмак. У нашай вёсцы жыў яго дзядзя, наш сусед. Некалі мы капалі разам бульбу. І нашы дзяўчаты звярнулі ўвагу, як Саша стараецца, як добра, спрытна і хутка ўсё робіць, ды і сталі яго гучна хваліць. Адна я маўчала… А я ў душы яго хваліла. І ён мяне прыкмеціў. Потым нас абодвух запрасілі да знаёмых хрысціць дзіця. Прыйшлі спачатку да мяне, я згадзілася. А затым пайшлі да Сашы. А ён і кажа, не магу быць кумам, а можа, я яе замуж вазьму? І сталі мы сустракацца. Я тады працавала ў Ваўкавыску ў рэстаране поварам. А ён на практыцы быў у калгасе імя Варанецкага. Яму там спадабалася. Размяркоўвалі яго спачатку ў іншае месца, але ён папрасіўся ўсё ж сюды. Мяне не хацелі адпускаць з рэстарана, нават казалі, што дадуць кватэру. Але паехалі мы ўсё ж у Вялікія Эйсманты. Я за Сашам, як за каменнай сцяной! Ён не курыць, не п’е, ва ўсім мне дапамагае. Добры сем’янін, выдатны.
Такая вось немудрагелістая гісторыя кахання ў гэтых простых людзей. Але як прыемна чуць такія словы пра мужчыну. Сын і дачка іх закончылі Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Сын – шматдзетны бацька, бабуля з дзедам шчаслівыя ва ўнуках. У дачкі адно дзіця. Яна – выкладчык у аграрным універсітэце і вучыцца завочна ў аспірантуры ў адной з вышэйшых навучальных устаноў у Мінску, рыхтуецца абараняць кандыдацкую дысертацыю па эканамічнай тэме.
Што і казаць, шчаслівая сям’я…
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *