Аляксандр Лазарчык аддаў рабоце ў жывёлагадоўлі два дзесяцігоддзі

Лента новостей

IMG_6366На Бераставіччыне надаецца вялікая ўвага далейшаму развіццю прыярытэтнай галіны аграрнай вытворчасці – жывёлагадоўлі. Акцэнт у гаспадарках робіцца на нарошчванне “валу” і якасці прадукцыі, а гэта немагчыма без планамернай работы па раскрыцці генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы.
У СВК “Макараўцы” мне давялося пагутарыць са спецыялістам, які аддаў рабоце ў жывёлагадоўлі ўжо два дзесяцігоддзі. Наш зямляк, ветурач-гінеколаг і тэхнік-асеменатар Аляксандр Лазарчык родам з вёскі Шаляпкі, што непадалёку ад Вялікай Бераставіцы, закончыў тэхнікум у Ваўкавыску. Як і многія вясковыя хлопцы, ён пры выбары прафесіі аддаў перавагу таму, што ўжо трохі ведаў, бо немагчыма ўявіць сяльчан без каровак, свіней і хатняй птушкі на падворках. Ужо тады ён разумеў, як важна мець трывалыя веды і навыкі пры вядзенні вытворчасці ў вялікіх маштабах.
У сельгаскааператывах робяць стаўку на новыя сучасныя тэхналогіі, належную племянную работу. У СВК “Макараўцы” мне давялося пачуць пра Аляксандра самыя добрыя словы. Гэта старанны і адказны спецыяліст, які не стаіць на месцы, удасканальвае сваё прафесійнае майстэрства. Расказаў ён мне, што радуе яго ў нялёгкіх буднях у такой няпростай галіне сельскай гаспадаркі. Сапраўдным падарункам для людзей з’яўляецца тое, калі ў кароўкі нараджаецца двойня або нават тройня. У буйной рагатай жывёлы такое бывае нячаста, таму гэта сапраўды падзея. Тройня ў рагулі за ўвесь час работы Аляксандра нарадзілася толькі адзін раз, але колькі было радасці ў спецыялістаў і працаўнікоў! Мне цікава было даведацца, ад чаго залежаць такія прыемныя сюрпрызы ў жывёлагадоўчай галіне? Дасведчаны спецыяліст растлумачыў, што кардынальную ролю тут іграе генетыка жывёлы, а затым паўнацэннае кармленне, добры догляд, мацыён. На Бераставіччыне надаецца належная ўвага гэтаму, да нас прыязджаюць па перадавы вопыт з іншых раёнаў вобласці і рэспублікі.
У Аляксандра вялікі аб’ём работы, але спецыяліст разумее, як важна ў наш час, каб кожны чалавек на сваім месцы рабіў ўсё магчымае для таго, каб мацнела гаспадарка і ўзрастаў агульны дабрабыт. Прыемна было паглядзець на жывёлагадоўчыя аб’екты, па прыгожых кароўках і цялятах тут было бачна, што генетыка ў іх выдатная. Нашым аграрыям пад сілу дабівацца новых поспехаў, а пра такую цудоўную жывёлу нашы бабулі і дзядулі толькі марылі!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *