Аб годзе адыходзячым — старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч

Актуально Лента новостей

Антон КУЛІСЕВІЧ, старшыня Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта:
–Адыходзячы 2011 год, нягледзячы на пэўныя эканамічныя і фінансавыя цяжкасці, у цэлым для раёна быў нядрэнным. Асабліва ўдачным ён стаў для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. У рэспубліканскіх спаборніцтвах па ўборцы збожжавых і зернебабовых наш раён заняў першае месца па Гродзенскай вобласці і быў узнагароджаны Ганаровым дыпломам на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі – 2011” у Маладзечне. Добрых паказчыкаў дабіліся і жывёлаводы раёна. На сённяшні дзень на Бераставіччыне самыя вялікія ў вобласці надоі малака на карову. Працягваем лідзіраваць і па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы.
У гэтым годзе, як і ў папярэдніх, вялікая ўвага надавалася сацыяльнай сферы, будаўніцтву жылля, а таксама мадэрнізацыі і ўзвядзенню новых вытворчых аб’ектаў раёна.
Так, было адрамантавана і мадэрнізавана інфекцыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, што дазваляе цяпер лячыць хворых у сучасных умовах. Пасля капітальнага рамонту новы сучасны выгляд набыў Вялікабераставіцкі дзіцячы яслі-сад. У СВК “Цецяроўка” пабудаваны малочнатаварны комплекс на 777 дойных кароў. У Масалянах з’явіўся новы магазін спажыўкааперацыі. Прыемным гэты год быў і для 105 сямей гарадскога пасёлка, якія сталі навасёламі, атрымаўшы камфортнае жыллё ў двух сяміпавярхоўках. Сёлетні год адметны і яшчэ адной, на мой погляд, не менш значнай падзеяй — пачаткам будаўніцтва доўгачаканага для бераставічан аб’екта – станцыі абезжалезвання.
Шмат задумак у кіраўніцтва раёна і на 2012 год. Так, напрыклад, у г.п.В.Бераставіца плануем завяршыць будаўніцтва музея, пачаць рамонт тэрапеўтычнага аддзялення РЦБ, замяніць вокны ў Вялікабераставіцкай СШ і многае інш.
У наступным годзе ў раёне будзе весціся будаўніцтва яшчэ двух малочнатаварных комплексаў: у СВК “Макараўцы” і СВП “АграМір”, рэканструкцыя трох ферм у СВК “Алекшыцы” , “Пархімаўцы” і РУСП “Масаляны”.
Ёсць пэўныя задумкі і ў раслінаводстве. Так, напрыклад, у будучым годзе будуць павялічаны пасяўныя плошчы пад цукровыя буракі, бульбу. Ужо гэтай восенню аграрыі паклапаціліся пра тое, каб атрымаць у будучым добры ўраджай.
Наогул жа, лічу, адыходзячы 2011 год для Бераставіччыны быў спрыяльным. Усе планы, што былі намі намечаны, выкананы. Усе працаўнікі раёна старанна папрацавалі, таму і вынікі добрыя. Сёння я хачу выказаць словы падзякі ўсім, хто ўнёс свой уклад у развіццё і ўмацаванне раёна.
Напярэдадні Новага 2012 года жадаю бераставічанам душэўнага спакою, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай з боем курантаў споўняцца ўсе вашы мары і надзеі.
З Новым годам, дарагія сябры!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *