Аграгарадкі Бераставіцкага раёна

Лента новостей

Паняцце “аграгарадок” з’явілася ў Беларусі ў сувязі з прыняццем Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады. У гэтым дакуменце аграгарадок вызначаецца як якасна новы тып сельскіх паселішчаў, як добраўпарадкаваны населены пункт, у якім павінна быць створана вытворчая і сацыяльная інфраструктура для забеспячэння сацыяльных стандартаў насельніцтву, якое пражывае ў іх і на прылягаючых тэрыторыях. Так гучыць афіцыйна. А калі казаць прасцей, прынятая дзяржавай праграма прызвана зрабіць так, каб жыццё сялян не саступала па камфорту гарадскому, каб у людзей была матывацыя жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Што зроблена ў нас на Бераставіччыне ў гэтым напрамку? Менавіта такая тэма сённяшняга матэрыялу.У рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі за 2005-2010 гады на Бераставіччыне было запланавана абуладкаваць 10 аграгарадкоў. Пастаўленая задача выканана: сёлета набываюць статус аграгарадка апошнія два населеныя пункты раёна Кватары і Масаляны. Так што і ў нас, як і ў цэлым па краіне, аграгарадкі сталі рэальнасцю, і менавіта на прыкладзе жыццядзейнасці ў іх можна назіраць, як наш раён—адзін з высокаразвітых сельскагаспадарчых рэгіёнаў—дынамічна развіваецца, нарошчвае эканамічны патэнцыял, павышае дабрабыт людзей.
Цяжка вызначыць штосьці галоўнае ў нашых аграгарадках, дзе ўсё ствараецца гарманічна і ўзаемазвязана: жыллё, вытворчы патэнцыял, інфраструктура, занятасць насельніцтва, сфера паслуг. Асновай, на якой трымаюцца аграгарадкі, служыць сельскагаспадарчая дзейнасць. Дабрабыт вяскоўцаў у значнай ступені залежыць ад узроўню развіцця вытворчага сектара, у першую чаргу сельгасарганізацый. І таму за перыяд рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ў сельгаскааператывах былі ўзведзены новыя сучасныя ці адрэканструяваны існуючыя жывёлагадоўчыя і збожжасушыльныя комплексы, малочнатаварныя фермы, добраўпарадкаваны тэрыторыі сельскагаспадарчых аб’ектаў, вытворчых зон, заасфальтаваны пад’язныя дарогі, разам са з’яўленнем навейшага абсталявання абноўлены і тэхналагічныя сістэмы, палепшаны ўмовы працы сельгасработнікаў і г.д.
Асаблівая ўвага была нададзена і аб’ектам сацкультбыту, сферы паслуг, амбулаторыям і ФАПам, школам і дзіцячым садкам. Першапачатковай справай тут трэба назваць будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт школ і дзіцячых садкоў, стварэнне ў іх дастойных умоў для станаўлення асобы дзіцяці. І сёння ўстановы адукацыі аграгарадкоў—гэта гонар раёна: кардынальна перабудаваная цяпер ужо гімназія ў Пагранічным, рэканструяваныя школы ў Вялікіх Эйсмантах, Малой Бераставі-цы, Алекшыцах, Старым Дворцы, Кватарах, Канюхах, Макараўцах, утульныя і камфортныя дзіцячыя садкі проста радуюць вока! Тут зроблена ўсё для зручнасці дзяцей і педагогаў: цяпер гэтыя ўстановы адукацыі адпавядаюць сучасным нормам навучання і выхавання, санітарна-гігіенічным патрабаванням. Засталося толькі адрамантаваць школы ў Пархімаўцах і Масалянах. І гэта задача для раёна на перспектыву.
Дастойныя, камфортныя ўмовы створаны і для такіх сацыяльна неабароненых катэгорый насельнітцва, як дзеці з неспрыяльных сем’яў і адзінокія пажылыя. У раёне функцыянуюць дзіцячы сацыяльны прытулак і дом-інтэрнат для састарэлых.
Цяжка пералічыць увесь аб’ём работы, праведзенай у аграгарадках. Каб забяспечыць выкананне зацверджаных сацыяльных стандартаў, перабудова як у прамым, так і ў пераносным сэнсе адбылася на ўсіх аб’ектах сферы паслуг—гандлёвых, бытавых, жыллёва-камунальных, паштовых і тэлекамунікацыйных, банкаўскіх і г.д. Пашырыўся спектр паслуг насельніцтву. Ажыццяўляецца і больш якаснае медыцынскае і культурнае абслугоўванне . Дзейнічаюць школы мастацтваў і іх філіялы, філіялы ДЮСШ.
Нельга не сказаць і пра вялізную работу па развіцці інжынернай і транспартнай інфраструктуры аграгарадкоў, па добраўпарадкаванні цэнтральных і шэрагу перыферыйных вуліц, дарожных развязак, пракладванні тратуараў, сеткі вода- і газаправодаў і інш. Абуладкаванне аграгарадкоў праводзілася за сродкі з інавацыйнага фонду, за кошт рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў, уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Безумоўна, нельга ўсе праблемы вырашыць адразу. Гэта справа часу. Аднак відавочна, як змяніліся ў лепшы бок дзесяць населеных пунктаў нашага раёна. У кожнага з іх—сваё непаўторнае аблічча, і з году ў год яны становяцца ўсё больш прыцягальнымі і зручнымі цэнтрамі для сельскіх жыхароў. Тут камфортна жыць, працаваць, выхоўваць дзяцей. А гэта, дарэчы, і ёсць—галоўная мэта Дзяржаўнай праграмы адраджэння вёскі.

Падрыхтавала Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *