Аб правах, ільготах і адказнасці маладых спецыялістаў

Лента новостей Общество

Гэтым летам у Беларусі статус маладых спецыялістаў атрымаюць не менш як 40 тысяч чалавек.

Штогод дзяржаўныя і прыватныя ВНУ рэспублікі выпускаюць больш як 70 тыс. спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па больш як 300 спецыяльнасцях 15 профіляў адукацыі. У Беларусі дзейнічае 45 дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў, з іх 31 універсітэт, 7 акадэмій, 4 вышэйшыя каледжы, 3 інстытуты. Падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у рэспубліцы таксама ажыццяўляюць 10 інстытутаў прыватнай формы ўласнасці. Навучальныя ўстановы забяспечваюць падрыхтоўку спецыялістаў па ўсіх напрамках эканомікі і сацыяльнай сферы краіны.

Маладым спецыялістам лічыцца выпускнік, які скончыў поўны курс навучання па дзённай форме і накіраваны на работу па размеркаванню. Гэты статус прадугледжвае шэраг ільгот, у тым ліку, месячны адпачынак пасля заканчэння навучальнай установы і грашовую дапамогу ў памеры месячнай стыпендыі, кампенсацыю ў сувязі з пераездам у іншы населены пункт або расходы па праезду, калі работа знаходзіцца па месцы ранейшага жыхарства, выплату заработнай платы за дні збору ў дарогу, знаходжання ў дарозе і ўладкавання на новым месцы жыхарства.

Работа маладому спецыялісту прадастаўляецца ў адпаведнасці са спецыяльнасцю і кваліфікацыяй, набытай у навучальнай установе, без выпрабавальнага тэрміну. Забаронены перавод на работу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю (кваліфікацыяй), і звальненне да заканчэння абавязковага тэрміну работы па размеркаванню.

Маладому спецыялісту прадастаўляецца месца ў інтэрнаце (або кватэра) і аказваецца садзейнічанне ў паляпшэнні жыллёвых умоў: пастаноўка на ўлік маючых патрэбу, у шэрагу выпадкаў — ільготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля або кампенсацыя затрат на наём жылля.

Маладым спецыялістам, уключаным у банк даных адоранай і таленавітай моладзі, прадастаўляюцца дадатковыя льготы, у прыватнасці, пры размеркаванні ў бюджэтныя арганізацыі для іх прадугледжана павышэнне тарыфнага акладу на 50 працэнтаў.

Выпускнік мае права адмовіцца ад работы па размеркаванню і дагавору і можа добраахвотна вярнуць затрачаныя сродкі. Для гэтага яму неабходна да заключэння працоўнага дагавора звярнуцца ва ўстанову адукацыі або дзяржаўную арганізацыю, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы паслявузаўскай адукацыі, за разлікам сумы затрачаных сродкаў.

Парадак кампенсацыі рэгулюецца нядаўна прынятай пастановай Савета Міністраў Беларусі № 821.

Кампенсацыю затрачаных сродкаў абавязаны зрабіць тыя выпускнікі, якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін абавязковай работы. Гэта датычыцца выпускнікоў, якім першае месца работы было прадастаўлена шляхам размеркавання, тых, хто быў накіраваны на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, або тых, хто падпісаў дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, рабочага, служачага.

Калі дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, рабочага, служачага будзе скасаваны арганізацыяй-заказчыкам з парушэннем парадку, такая арганізацыя нясе адказнасць за кампенсацыю затрачаных сродкаў разам з выпускніком.

У выпадку непрыбыцця выпускніка на месца работы, яго пераводу або звальнення да заканчэння тэрміну абавязковай работы, калі ў яго ўзнікла права на вызваленне ад размеркавання, наймальнік і сам выпускнік ў месячны тэрмін павінны паведаміць аб гэтым ва ўстанову адукацыі. Калі выпускнік добраахвотна не выплаціць у шасцімесячны тэрмін затрачаныя на яго навучанне сродкі, то ВНУ ажыццявіць іх спагнанне ў судовым парадку. Кантроль за своечасовым і поўным пакрыццём затрачаных сродкаў ажыццяўляюць установы адукацыі.

Каб аблегчыць маладым спецыялістам адаптацыю да прафесійнай дзейнасці, у Міністэрстве адукацыі Беларусі цяпер разглядаецца прапанова заканадаўча замацаваць магчымасць размеркавання студэнтаў за год да заканчэння ВНУ. Гэта дасць магчымасць выпускніку загадзя прымерыцца да будучага рабочага месца, а арганізацыі — падрыхтавацца да яго прыходу на работу.

Па матэрыялах БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *