Аб падзеях 23 чэрвеня 1941-га года на чыгуначнай станцыі Бераставіца

Лента новостей

Место бомбежки
Место бомбежки

“Ніхто не забыты і нішто не забыта” – гэтыя крылатыя словы з верша Вольгі Берггольц актуальныя не толькі для старэйшага пакалення нашай краіны, але і для моладзі. Пра гэта яскрава сведчыць даследчая работа, што з году ў год вядуць члены вучнёўскага навуковага таварыства Пагранічнай гімназіі пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Людмілы Аляксееўны Турок. Іх даследаванні неаднаразова займалі прызавыя месцы ў раённых і абласных конкурсах. Вось і нядаўна сярод работ, адабраных для ўдзелу ў абласной Вахце памяці, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, была і даследчая работа “Людзі з добрым сэрцам” дзясяцікласніцы Дар’і Канецкай і дзявяцікласніцы Ганны Васько.

– Мэтай даследавання быў далейшы збор звестак пра падзеі 23 чэрвеня 1941 года на чыгуначнай станцыі Бераставіца, пра людзей, якія выратавалі дзяцей з разбітага цягніка і пра лёсы саміх выратаваных, – кажа Людміла Аляксееўна. – Цягнік быў разбіты ўшчэнт. Загінулі сотні жанчын і дзяцей. Звесткі пра гэтыя падзеі ёсць у кнізе “Памяць” Бераставіцкага раёна, матэрыялы неаднойчы друкаваліся ў раённай газеце. І ўсё ж тэма гэтая да канца не даследавана, і члены нашага навуковага таварыства стараліся, гутарачы з мясцовымі старажыламі, папоўніць яе новымі ўспамінамі і фактамі.
У першы дзень вайны, 22 чэрвеня, фашысты разбамбілі Беласток. Сем’і ваеннаслужачых спешна эвакуіраваліся. Над чыгункай і шасейнымі дарогамі неслі свой “смяртэльны патруль” чорнакрыжыя “Хенкелі”.
… Эшалон гэты ўдала даехаў да чыгуначнай станцыі Бераставіца. Станцыя гарэла. Спыняцца было небяспечна, і ён праехаў міма. Прыпыніўся проста на чыгуначным палатне непадалёк ад вёскі Дзевяткі, дзе з аднаго боку чыгунка пралягала паўз густы хвойнік. Жанчыны з цягніка спешна запасаліся вадой.
І раптам, раскалоўшы неба ровам матораў, над эшалонам з’явіліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Фашысцкім лётчыкам было добра відаць, што гэта пасажырскі састаў: стракацелі жаночыя сукенкі, і ўсюды былі дзеці – большыя ад страху туліліся да матуль, зусім маленькія былі ў іх на руках. Аднак зроблены баявы разварот – і на састаў пасыпаліся бомбы. Плач і крыкі змяшаліся з гукамі выбухаў. Тыя, хто ўцалеў, беглі, прыціскаючы дзяцей да грудзей, у жыта і ў хвойнік. Але паратунку не было. Фашысты палявалі літаральна за кожным: кулямётныя чэргі рэзалі спелую збажыну як касой, і людзі падалі на зямлю, бы сцяблінкі.
Бамбардзіроўшчыкі павярнулі на захад толькі тады, калі скончыліся боепрыпасы. На чыгуначным палатне дагараў цягнік, навокал былі чутны стогны параненых ды горкі плач дзяцей. Жыхары Дзевяткаў, навакольных вёсак і хутароў хоць і разумелі, што гэта небяспечна, але не маглі не дапамагчы тым, хто стаў ахвярай фашысцкіх сцярвятнікаў.

Відавочцы ўспамінаюць
Міхаіл Рыгоравіч Янушкевіч, жыхар вёскі Грыцавічы, 1925 года нараджэння:
– На чыгуначнай станцыі стаяў састаў з гарматамі, танкамі, іншай ваеннай тэхнікай. Другі, з чырвоным крыжам, у якім ехала многа жанчын і дзяцей. Дзень быў спякотны. Пасажыры павыходзілі з цесных вагонаў, каб удыхнуць свежае паветра, размяць ногі, жанчыны прасіліся ў мясцовых жыхароў набраць чыстай вады. Раптам у небе пачуўся страшэнны гул. Самалёты ляцелі так нізка, што здавалася, дакранаюцца да самай зямлі. Бамбілі саставы яны доўга, зямля стагнала ад выбухаў і чуліся жудасныя людскія крыкі. Тое, што ўбачылі вяскоўцы прыбегшы да чыгункі, прымусіла іх здранцвець: поле было зрыта варонкамі ад бомбаў, а пасечанае і пакручанае жыта – чырвоным ад крыві. Усіх ахапіў жах: мноства забітых дарослых і дзяцей, у жыце – адарваныя рукі і ногі …”

Галина Назаренко в молодости
Галина Назаренко в молодости

Мікалай Якаўлевіч Валешчык, жыхар вёскі Дзевяткі, 1929 года нараджэння:
– Падагналі яшчэ адзін цягнік з жанчынамі і дзецьмі. Ён расцягнуўся да Чортавага пераезду і далей за яго, у бок Ваўкавыска. Апрануты пасажыры былі не па — вясковаму, было відавочна, што яны гарадскія. Бамбёжка пачалася нечакана. Як потым людзі казалі, першымі загарэліся апошнія вагоны. Машыніст паспрабаваў крануць састаў далей, на ўсход, але адна з бомбаў трапіла ў паравоз. Гарэлі вагоны, жанчыны крычалі, сваім целам закрывалі дзяцей. Адны беглі ў бок хутароў, другія – у невялікі беразняк. А самалёты працягвалі бамбіць. Некалькі байцоў, бягучы да лесу, адстрэльваліся з кулямётаў”.
Акрамя таго, стары чалавек добра памятае, што загінуўшых хавалі праз некалькі дзён тут жа, непадалёк ад чыгуначнага палатна. Ён паказаў месца пахавання звыш дзясятка загінуўшых.
Ніна Рыгораўна Карач, жыхарка аграгарадка Пагранічны, 1929 года нараджэння:
– У вайну я жыла на хутары Дзевяткі, каля якога спыніўся той цягнік. Памятаю, што аэрадром у Кватарах бамбілі ў першы дзень вайны, у нядзелю. А назаўтра я пабегла ў вёску Дзевяткі да сяброўкі. Мы ляжалі з ёю пад яблынькай у садку і чыталі кніжку, як раптам зноў, як і ўчора, пачулі бамбёжку. Самалёты раўлі так блізка, а выбухі былі такія цяжкія, такія страшныя, што мы накрыліся нейкім старым пінжаком і ад страху прыціснуліся да зямлі. Калі ўсё сціхла, я пабегла дадому. Усё жыццё стаіць перад вачыма тая жудасная карціна: гараць вагоны, з іх і з жытнёвага поля даносяцца стогны і дзіцячы плач. Потым бацькі і вяскоўцы расказвалі, што ў вагонах таксама былі забітыя і параненыя жанчыны і дзеці.
Ніна Рыгораўна расказала, што пажар на чыгунцы пылаў яшчэ доўга, а абгарэлыя вагоны з трупамі стаялі некалькі дзён. Загінуўшых было многа. На пытанне, дзе былі пахаваны жанчыны і дзеці, Ніна Рыгораўна расказала, што маладыя хлопцы ўзялі рыдлёўкі і закопвалі мёртвых у ямы, у варонкі, якіх было шмат уздоўж чыгункі.

Семья Полуянчик
Семья Полуянчик

Выратаванне маленькай Галі
Гэтую гісторыю нам расказала Тамара Сямёнаўна Яфімачкіна, жыхарка вёскі Ятаўты, 1956 года нараджэння. Яе бацькі — Сямён Фёдаравіч (памёр у 1983 г.) і Яўгенія Васільеўна (памерла ў 2010 г.) — выгадавалі прыёмную дачку Галіну. Бацька працаваў абходчыкам чыгуначных пуцей. Вяртаючыся дадому, ён убачыў заплаканую босую дзяўчынку гадоў трох. Дзіця кінулася да яго і праз слёзы загаварыла: “Тата, тата, там мамку забілі. А Валя там, з мамкай.” Мужчына падняў дзяўчынку на рукі і пайшоў да разбітага цягніка. Маму знайшлі, яна ляжала ў жыце, раскінуўшы рукі, а маленькай сястрычкі з ёй не было. Так Галя засталася ў сям’і Леўчукоў. У красавіку 1943 года іх ра­зам з дзяўчынкай фашысты пагналі на прымусовую працу ў Германію. Дахаты вярнуліся восенню 1945 года. Галя закончыла сярэднюю школу, затым атрымала прафесію бібліятэкара. Выйшла замуж за Сяргея Кулакоўскага з вёскі Дзевяткі, нарадзіла сына Ігара.
Дзяўчына ўпарта шукала сваіх родных. У сярэдзіне 50-х гадоў яны знайшліся. Дзядуля Галі жыў у Казахстане, нямала родных было ў Маскве. Бацька дзяўчынкі, Даніл Васільевіч Назарэнка, быў афіцэрам Чырвонай Арміі і загінуў на Курскай дузе. Галіна Данілаўна з сынам пераехала ў горад Кустанай да дзядулі, але часта прыязджала да сваіх прыёмных бацькоў.
Памерла жанчына ў 2007 годзе, яе сын Ігар жыве ў вёсцы Алекшыцы, доўгі час ён працаваў у мясцовай гаспадарцы ветурачом.

Супруги Левчуки
Супруги Левчуки

Афіцэр Валерый Жыгараў
У вёсцы Кватары жыве Святлана Мікалаеўна Кіеня, працуе выхавальніцай у мясцовай школе. Музей у гэтай школе быў створаны яе бацькам Мікалаем Іосіфавічам Палуянчыкам. Сястра Мікалая Іосіфавіча Лідзія Палуянчык, якой у пачатку вайны было 18 гадоў, сярод забітых на чыгунцы знайшла маленькага хлопчыка месяцаў трох-чатырох. Яна, расказвае Святлана Мікалаеўна, прынесла маленькі клуначак дадому ў вёску Гарбачы і аддала яго маці, Пелагеі Лук’янаўне Палуянчык. Так хлопчык – яго назвалі Валерыем – знайшоў новую сям’ю, якая стала для яго роднай назаўсёды.
Пасля заканчэння Сувораўскага вучылішча Валерый закончыў Бакінскае вышэйшае ваеннае вучылішча, некаторы час служыў на поўдні краіны, а потым закончыў ваенную акадэмію імя Фрунзе. Служыў у Баку, Ташкенце, ГДР. Перадаваў веды маладым афіцэрам. Доўга намагаўся знайсці сваіх родных бацькоў, складаў спіскі пасажыраў цягніка (меў доступ да сакрэтных архіваў), але беспаспяхова.
Апошнія гады палкоўнік Валерый Іосіфавіч Жыгараў жыў з сям’ёй у Пецярбурзе, памёр у 2008 годзе ва ўзросце 67 гадоў.
Сідар Філіпавіч Карчэўскі быў настаўнікам школы ў Дзевятках. Вось што расказала яго жонка, Васіліса Ільінічна: “Гэта было наранку 24 чэрвеня. Муж прынёс немаўля, яму было некалькі тыдняў. Распавіла – і сэрца зашчымела: усё цела малога спарылася,

Памятник в аг.Пограничный
Памятник в аг.Пограничный

скура проста шматкамі злазіла. Закутаны быў у цёплую коўдру, аднак якраз гэта і выратавала яму жыццё. Бо, ведаеце, многія дзеці былі закутаны ў лёгенькія коўдры, а пераначаваўшы на сырой зямлі, хоць добрыя людзі і падабралі іх яшчэ жывымі, яны бедненькія доўга не пажылі, памерлі. Хлопчыка назвалі Валодзем…. Закончыў ён дзясяцігодку, паехаў у Мінск. Жыве там і цяпер, на вуліцы Налібоцкай, мае пяцёра ўнукаў. Расказаў, што на шапачцы, якую знайшлі ў чамадане з рэчамі, была вышыта літара, падобная на літару “В”. Яго і назвалі Валодзем. Калі хлопчык падрос, то вельмі хацеў знайсці сваіх бацькоў, бо мае на целе адметны радзімы знак. Потым зразумеў, што бацькоў няма ў жывых. Прыёмных жа любіў, як родных. Аднак час няўмольны: маці яго, Васіліса Ільінічна, пахавана ў Мінску, а бацька на мясцовых могілках…
Пра подзвіг гэтых вясковых сем’яў, а таксама сям’і былога святара Бераставіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы Генадзія Усцінавіча Гаховіча, якая гадавала хлопчыка з цягніка Сашу Бялова (пра гэта не так даўно пісала “Бераставіцкая газета”), памятаюць не толькі выратаваныя дзеці і іх нашчадкі, а і ўсе жыхары раёна.
На нашу думку, неабходна было б на месцы трагедыі ўстанавіць памятны знак.
Падрыхтавала Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *