Абмяркоўваем праект асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады: Падтрымка моладзі – інвестыцыя ў заўтрашні дзень

Лента новостей

Алена Ігнатовіч, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама:
— Радуе, што ў праекце асноўных палажэнняў Праграмы развіцця нашай краіны на бліжэйшую пяцігодку выдзелены асобны раздзел, прысвечаны маладзёжнай палітыцы. Гэта значыць, што кіраўніцтва краіны ўдзяляе вялікую ўвагу праблемам маладых людзей, імкнецца далучыць іх да ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства. А падтрымліваючы моладзь, стымулюючы актыўны ўдзел маладых людзей у жыцці грамадства, дзяржава ажыццяўляе самыя галоўныя інвестыцыі ў свой заўтрашні дзень. Бо менавіта моладзь з’яўляецца тым звяном, праз якое рэалізуецца пераемнасць пакаленняў, адбываецца накапленне вытворчага і інтэлектуальнага вопыту. Сучасную моладзь адрознівае рост самастойнасці, практычнасці і мабільнасці, адказнасці за свой лёс, павышэнне зацікаўленасці ў атрыманні якаснай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі, якія ўплываюць на далейшае праца-ўладкаванне і кар’еру. Маладыя людзі імкнуцца да інтэграцыі з міжнароднай маладзёжнай супольнасцю, да ўдзелу ў агульнасусветных эканамічных, палітычных і гуманітарных працэсах. Улічваючы гэта, палажэнні праекта Праграмы прадугледжваюць такія прыярытэтныя напрамкі маладзёжнай палітыкі, як адукацыя, працаўладкаванне і занятасць моладзі, ахова здароўя і фарміраванне здаровага ладу жыцця маладых грамадзян, вырашэнне іх жыллёвых праблем, сацыяльная падтрымка маладых сем’яў, выхаванне патрыятызму, развіццё творчых здольнасцей таленавітай моладзі, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва паміж маладзёжнымі арганізацыямі. Вельмі важна, што дзяржава не застаецца абыякавай да праблем маладых сем’яў. Думаю, што жыллёвае пытанне – адно з самых важных для любой сям’і. Сёння мара пабудаваць сваю кватэру зусім не завоблачная, а рэальная, даступная для людзей нават з сярэднім заробкам. Доўгатэрміновае крэдытаванне будаўніцтва – выдатная падтрымка дзяржавы, яе клопат аб умовах жыцця маладых грамадзян. Таксама гарантавана прадастаўленне першага працоўнага месца маладым спецыялістам, што немалаважна для набыцця практычнага вопыту ў прафесійнай сферы. Хацелася б, каб пры распрацоўцы палажэння Праграмы аб садзейнічанні ў працаўладкаванні моладзі было прадугледжана выдзяленне льготных крэдытаў для падтрымкі прадпрымальніцкай ініцыятывы маладых людзей у малых гарадах і сельскіх населеных пунктах. Гэта будзе садзейнічаць не толькі развіццю інфраструктуры сельскіх населеных пунктаў, але і затрыманню ў іх моладзі, што вельмі актуальна ў наш час.
Падрыхтавала Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *