Абмеркавалі праблемы малочнай жывёлагадоўлі

Лента новостей

17На мінулым тыдні на Гро­дзен­шчыне адбыўся рэспубліканскі семінар па малочнай жывё­лагадоўлі. У ім прынялі ўдзел намеснік міністра сельскай гаспа­дар­кі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыла, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гро­дзенскага аблвыканкама Аляксандр Вайцяховіч, спецыялісты сельгаскааператываў з розных абласцей краіны. Наведалі ўдзельнікі мерапрыемства сярод іншых раёнаў і Бераставіцкі. Яны пабывалі ў РУСП “Масаляны”. Бераставіччына была выбрана для наведвання невыпадкова. У нас дынамічна развіваецца малочная жывёлагадоўля. Тут была праве­дзена своечасовая мадэрнізацыя, зроблены сапраўдны рывок наперад, павялічваецца вытворчасць каштоўнай сыравіны, паляпшаецца яе якасць. Прадстаўнікам многіх сельгаскааператываў з іншых абласцей краіны на Бераставіччыне было чаму павучыцца.
Малочнай прадукцыі належыць важнае месца ў харчаванні дзяцей і дарослых. Кожны з нас для добрага здароўя па медыцынскіх нормах павінен спажываць да 403 кілаграмаў такой прадукцыі ў год. Можна не сумнявацца зараз і ў якасці малака. Кантроль над гэтым ажыццяўляе Дзяржаўная харчовая інспекцыя па якасці і стандартызацыі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Строгі кантроль за якасцю неабходны не толькі для таго, каб насельніцтва спажывала карысныя малочныя прадукты, але і для дыверсіфікацыі айчыннага экспарту, выхаду на новыя рынкі, у тым ліку, магчыма, і еўрапейскія. Каб падтрымаць там імідж краіны, трэба быць гатовымі для жорсткай канкурэнцыі і выпускаць прадукцыю найвышэйшай якасці, не забываючы пры гэтым і пра даступныя цэны.
Безумоўна, малочная жывё­лагадоўля ў Беларусі зараз – найбольш рэнтабельная галіна сельскай гаспадаркі, якая дае высокі прыбытак. У сённяшніх умовах можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ад вытворчасці малака ў многім залежыць эканоміка краіны. Таму такая вялікая ўвага надаецца дынамічнаму развіццю гэтай стратэгічнай галіны. У 21 стагоддзі неабходна рабіць стаўку на скарачэнне выдаткаў і аптымізацыю працэсу, таму ў рэспубліцы працягваюць будавацца і ўводзяцца ў эксплуатацыю сучасныя малочнатаварныя комплексы. Вытворчасць там вядзецца па апрабаваных сусветных тэхналогіях. Па такім шляху пайшлі лепшыя вытворцы малака ў розных краінах. Незалежна ад колькасці буйной рагатай жывёлы на аб’ектах у замежных уласнікаў, бясспрэчная верная прыкмета поспеху ў іх адна – строгае захаванне тэхналогій.
Здароўе каровы пачынаецца з нарыхтоўкі якасных кармоў у гаспадарках. Абмен рэчываў у арганізме буйной рагатай жывёлы напрамую залежыць ад правільнага кармлення. Вучоныя сцвярджаюць, што нават мастыт выклікаецца не толькі інфекцыяй, але часта і дрэнным харчаваннем з недахопам важных вітамінаў і мінералаў, што значна аслабляе імунітэт. Існуе цэлая навука, як карміць кароў. У розныя перыяды свайго жыцця і лактацыі арганізму жывёлы патрабуецца розная колькасць энергіі і разнастайных спажыўных рэчываў. Рацыён павінен адпавядаць такім перыядам, быць абгрунтаваным і эфектыўным, служыць крыніцай энергіі.
Добры догляд, своечасовае лячэнне і правільнае даенне рагуль з захаваннем належных патрабаванняў санітарыі – яшчэ адна важная складаючая выніковай работы.
Аграрыі рэспублікі на прыкла­дзе нашага раёна сваімі вачамі паглядзелі, як тэорыя тут арганічна спалучаецца з практыкай. На малочнатаварным комплексе ў РУСП «Масаляны», дзе ўтрымліваецца 800 галоў дойнага статка, яны змаглі паглядзець увесь цыкл вытворчасці малака. Цялят добра даглядаюць, імунаглабуліны ў іх крыві ў норме. Гэта сведчыць аб тым, што малодзіва ім спойваюць дастаткова, а значыць, імунная сістэма моцная. Такія цяляты патрабуюць менш клопату, бо менш хварэюць.
Кармы ў РУСП “Масаляны” доб­рыя, рацыёны кармлення жывёлы збалансаваныя, што з’яўляецца залогам высокіх надояў. Хворыя каровы выдаляюцца са статка і дояцца асобна. Спецыялісты часта праводзяць кантрольныя дойкі – кантроль за аператарамі машыннага даення тут пастаянны. А малака гатункам “экстра” за першы квартал гэтага года ў РУСП “Масаляны” здалі амаль трэць ад усяго.
Вядома, і нашым жывёлаводам яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. А ў цэлым у ўдзельнікаў рэспуб­ліканскага мерапрыемства заста­ліся самыя лепшыя ўражанні ад Бераставіччыны. Мы можам ганарыцца нашымі руплівымі землякамі, да якіх прыязджаюць па перадавы вопыт.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *