Інжынер па ахове працы РУСП “Масаляны” Святлана Гарбачык

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_4893Новыя тэхналогіі і здабыткі прагрэсу значна змянілі твар нашай сённяшняй сельскай гаспадаркі. Вось і інжынер па ахове працы РУСП “Масаляны” Святлана Гарбачык успамінае, як прыехала працаваць у саўгас “Бераставіцкі” пасля заканчэння Навагрудскага сельгастэхнікума ў 1985 годзе, і параўноўвае вытворчасць тады і зараз. Пачынала маладзенькая дзяўчына памочнікам брыгадзіра ўчастка і адразу “акунулася” той сонечнай вясной у надзённыя клопаты ў гаспадарцы.
— Сеялкі тады маленькія былі, тэхналагічна слабенькія, — з цёплым гумарам успамінае мая субяседніца. – Зараз і тэхніка стала такая, што люба глянуць, і гатункі яравых зусім не такія, як раней. Селекцыя збожжавых зрабіла сапраўдны рывок наперад, таму і ўраджайнасць яравых, напрыклад, з тагачасных 24 цэнтнераў з гектара павялічылася больш чым у два разы, а часам амаль і ў тры.
Добрым словам успамінае Свят­лана Уладзіміраўна сваіх настаўнікаў і старэйшых вопытных калег – галоўнага агранома Мікалая Апона і брыгадзіра Віктара Карытку. Менавіта яны дапамаглі маладому спецыялісту адаптавацца ў незнаёмых мясцінах, якія хутка сталі роднымі. Яны ставіліся да дзяўчыны з павагай, стараліся падбадзёрыць яе добрым словам. Працаваць у гаспадарцы тады было няпроста, вясковая праца ніколі не была лёгкай. Не сакрэт, што многія маладыя спецыялісты не вытрымлівалі выпрабаванняў, імкнуліся ўцячы ў горад. А ў Святланы лёс зусім іншы, бо ўжо тады яна праявіла немалую сілу волі. А бадзёрасці і выдатнага настрою ёй у хуткім часе прыдало каханне, якое асвятляе нашу маладосць. Вялікае ўражанне аказаў на яе мясцовы малады трактарыст.
— Што Вам спадабалася ў ім, Святлана Уладзіміраўна? – цікаў­люся.
— Прыгажосць – не галоўнае, — адзначае жанчына. – Мне спадабалася, што ён добры, гэта вельмі важна ў жыцці. А яшчэ хлопец быў вельмі гаспадарлівы, ахайны, усё ўмеў рабіць.
Сапраўды, пры такой сціслай і адначасова трапнай характарыстыцы любая жанчына згодзіцца, што для сям’і такі чалавек – менавіта тое, “што трэба”. З надзейным чалавекам можна ўпэўнена ісці па жыцці і ў радасці, і ў горы. Спачатку жылі ў мужа ў вёсцы Трацякі, потым сям’і далі кватэру ў Масалянах.
Давялося Святлане Уладзіміраў­не папрацаваць і ў іншым месцы, але ўсё ж вярнулася яна ў гаспадарку, тут ёй больш падабаецца. А інжынерам па ахове працы жанчына ў РУСП “Масаляны” ўжо 13 гадоў.
— Наша гаспадарка паднялася, дзякуючы ў многім Міхаілу Віктаравічу Пісарыку, за што мы яму шчыра ўдзячны, — гаворыць жанчына. – Нам пашанцавала на такога выдатнага чулага кіраўніка. Ён заўсёды лічыўся з меркаваннем кожнага спецыяліста і працаўніка, стараўся ўсё зрабіць, як мага лепш, каб узрасталі эфектыўнасць вытворчасці і дабрабыт людзей.
Ахова працы – гэта вельмі важна, адзначае вопытны і дасведчаны спецыяліст. Адказнасць чалавека на вытворчасці з’яўляецца адзіным самым верным спосабам захаваць сваё самае галоўнае багацце – жыццё і здароўе. Нішто не можа служыць апраўданнем безадказнасці. Не адразу ў РУСП “Масаляны” быў дасягнуты сённяшні ўзровень вытворчасці. З некаторымі “гора-працаўнікамі” прыходзілася змагацца, успамінае Святлана Уладзіміраўна. Чалавек, які злоўжывае алкаголем, не можа быць добрым работнікам, у любым выпадку дэградацыя яго асобы не за гарамі. Не можа быць ніякіх апраўданняў легкадумнасці і п’янству, хаця, як вядома, некаторыя людзі могуць знайсці тысячу прычын для сваёй любові да бутэлькі. І планамерная растлумачальная работа ў гэтай гаспадарцы дае плён. Зараз тут трымаюцца за работу, бо на карту пастаўлена многае – павага ў калектыве, трывалы заробак, нават атрыманне харчовых набораў ад ААТ “Малочны Мір”, што таксама служыць добрым стымулам і падтрымкай для сем’яў.
Інжынер па ахове працы разам са спецыялістамі і грамадскімі інспектарамі трымаюць абстаноўку пад пільным кантролем. У полі зроку прафілактыка няшчасных выпадкаў у структурных падраз­дзяленнях. Пастаянна праводзіцца прафілактычная работа. Людзі могуць задаць пытанні і атрымаць кваліфікаваныя кансультацыі. Кожная праблемная сітуацыя ўважліва разглядаецца. Напрыклад, калі механізатара турбуе вібрацыя і шум, робяцца замеры, выконваецца неабходны рамонт.
Не толькі пра ахову працы адбылася наша цікавая гутарка з гэтым дасведчаным спецыялістам і неардынарнай жанчынай, шчаслівай маці дваіх паспяховых дзяцей. Сын рэалізуе сябе ў перспектыўнай галіне інфармацыйных тэхналогій, дачка-педагог валодае мовамі і ўжо пабачыла свет. Мне здаецца, што надзённы занятак Святланы Уладзіміраўны ўсклаў свой удалы адбітак і на выхаванне дзяцей у сям’і, яна здолела ім зрабіць “прышчэпку адказнасці” за свой лёс, які яны будуюць сваімі рукамі і розумам. Сапраўды, як часта бывае, што дзеці і ў заможных сем’ях вырастаюць несамастойнымі, бо чакаюць, што ім усё дадуць бацькі. А вось хто з юнацтва ўзяў на сябе адказнасць за сваю жыццёвую дарогу, той не прападзе. Сапраўды, менавіта адказнасць – гэта другое шчасце, а магчыма, што і першае для таго, каб і ў жыцці, і на працы ўсё было добра.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *