Шчодры жнівень у РУСП “Масаляны”

Лента новостей

“Капрызы надвор’я” чыняць перашкоды масавай уборцы збожжавых. Нядаўняя моцная навальніца затрымала жніво. Зямля павінна была падсохнуць перад тым, як у поле пойдзе магутная тэхніка. На гэтым тыдні, калі я прыехала ў РУСП “Масаляны”, залаты дождж з зерня новага ўраджаю паліўся з бункераў камбайнаў у грузавыя машыны ў другой палове дня. А каласкі на полі важкія, прыгожыя, да іх прыемна дакрануцца, узяць у далонь, яны так і дыхаюць цяплом і сілай.
У гэтай гаспадарцы своечасова ўбралі азімы рапс, плошча якога склала 120 гектараў, зараз на чарзе збожжавыя. Азімай пшаніцы трэба зжаць 340 гектараў, азімага трыцікале – 267, яравой пшаніцы – 81, ячменю — 90, аўсу – 10 і грэчкі таксама 10 гектараў. Акрамя гэтага, 65 гектараў пшаніцы і гароху былі выдзелены на кармавыя патрэбы.

Экіпаж Аляксандра Іваноўскага і Мікалая Ясюлі

РУСП “Масаляны” – адметная гаспадарка ў нашым раёне. З года ў год тут прымнажаюцца працоўныя здабыткі. На трэці дзясятак пайшоў адлік нялёгкага механізатарскага стажу ў Аляксандра Іваноўскага, яго здымак мы можам убачыць на раённай Дошцы гонару. Дарэчы, там фатаграфія і галоўнага агранома гэтай гаспадаркі Сяргея Калесніка, які шмат зрабіў для павышэння культуры земляробства. Аляксандр зараз разам са сваім памочнікам Мікалаем Ясюлям шчыруе на ўборцы азімай пшаніцы, на імпартным энерганасычаным камбайне “Лексіён – 580”.

А адвозіў збожжа ад гэтага адказнага экіпажа на машыне “МАЗ” вадзіцель Ігар Каровін. Гэта яго 13-ы сезон на жніве, чалавек стараецца, каб уборачны канвеер працаваў “як гадзіннік”. Адвозіць адным рэйсам да сушылкі па 7 тон зерня.

Вадзіцель Ігар Каровін

Радуе ўраджайнасць азімай пшаніцы – 78,3 цэнтнера з гектара. Загадчык участка Віктар Сарока (на здымку ўнізе), які нядаўна закончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, расказаў мне, што нядаўна яму выпадкова давялося ўбачыць стары нумар газеты “Гродзенская праўда” з сямідзесятых гадоў з рэпартажам са жніва менавіта з Бераставіччыны. Дык тады добрай ураджайнасцю тут лічылася 32 цэнтнеры з гектара, зараз жа яна большыя, чым удвая. Сярод абавязкаў маладога спецыяліста і кантроль якасці жніва. Ён паказаў мне, як праводзіць гэтую важную праверку. Каб вызначыць, што страт новага ўраджаю няма, трэба літаральна кланяцца зямельцы — маці. Валок з саломай разграбаецца данізу, пакуль не пакажацца пацяруха, затым Віктар апускаецца на калені, дзьмухае на яе, каб разляцелася, і ўжо затым лічыць зярняткі, якія застаюцца ўнізе на дзесяці сантыметрах квадратных. Разам з ім мы правялі такое даследаванне ў двух розных месцах, дзе прайшоў магутны “Лексіён – 580”. І да гонару экіпажа і вытворцаў гэтай выдатнай уборачнай тэхнікі ўпэўніліся, што страты мінімальныя. Мы знайшлі толькі адно, а ў другім квадраце — два зернеткі, што зусім ня­шмат.
Пажадаем нашым землякам шчодрага ўраджаю, багатага новага каравая!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *