Фізічная культура і спорт у Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе

Здравоохранение Образование Спорт

Фізічная актыўнасць патрэбна кожнаму чалавеку, яна садзейнічае падтрыманню і ўмацаванню здароўя, павышэнню разумовай працаздольнасці, а таксама прыносіць пазітыўныя эмоцыі. Фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце ў Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе надзяляецца вялікая ўвага. Урокі фізічнай культуры і здароўя – гэта толькі частка гэтай работы. Некаторыя іншыя напрамкі дзейнасці сталі традыцыйнымі. Так, навучальны год пачынаецца з тыдня спорту і здароўя, насычанага мерапрыемствамі. Запатрабаванымі сярод навучэнцаў з’яўляюцца заняткі ў спартыўных секцыях “Шашкі і шахматы” і “Гуляем у футбол”. Штодзённа праводзяцца рухомыя перапынкі.
Асаблівае месца займаюць мерапрыемствы дзён здароўя, якія праводзяцца ў другую суботу кожнага месяца. З мэтай рознабаковага развіцця і ўдасканалення фізічных якасцей навучэнцаў гадавы план мерапрыемстваў дзён здароўя змяшчае спаборніцтвы па розных відах спорту з улікам сезонаў года. Удзел бацькоў у мерапрыемствах шостага школьнага дня таксама садзейнічае прывіццю цікавасці да заняткаў фізічнай культурай. Бацькі ўдзельнічалі ў такіх спартыўных святах, як “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”, “Я і тата – бравыя рабяты”. Для заахвочвання да ўдзелу ў мерапрыемствах дзён здароўя стала традыцыяй уручэнне грамат і салодкіх прызоў пераможцам і актыўным удзельнікам на агульнашкольнай лінейцы.
Налажана сістэматычная работа па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах, якая дае станоўчыя вынікі. Навучэнцы ўдзельнічаюць ва ўсіх спаборніцтвах круглагадзічнай спартакіяды. Добрыя вынікі паказалі ў спаборніцтвах па валейболе, настольным тэнісе, стрытболе, спаборніцтвах “Снежны снайпер”, “Абаронца Айчыны”, “Скураны мяч”.
Установа адукацыі ўзнагароджана граматай і кубкам аддзела адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага райвыканкама за першае месца ў раённай спартакіядзе школьнікаў за 2017 год сярод устаноў адукацыі 2 групы. Другое месца ўстанова заняла сярод устаноў адукацыі ў раённым аглядзе-кокурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы за 2017 год сярод працоўных калектываў і арганізацый, у тым ліку сельскагаспадарчых арганізацый і ўстаноў адукацыі. Акрамя ўмацавання здароўя, удзел у спаборніцтвах садзейнічае развіццю таварысцкасці і калектывізму, спрыяе самарэалізацыі навучэнцаў.

Віталій Хілюта, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *