Па рэспубліцы да сяўбы не хапае каля 6 тысяч механізатараў. У многіх месцах у гарачую пару ў гаспадаркі будуць запрашацца навучэнцы аграрных каледжаў і студэнты. Па словах галоўнага юрысконсульта ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Аляксандра Ваўчка, у сельгаскааператывы нашага раёна таксама патрабуюцца кадры рабочых прафесій, у тым ліку механізатары. Больш падрабязна пра гэта можна даведацца па тэлефоне 2 -17 -54 або непасрэдна ў гаспадарках.
А ў СВК “Макараўцы” рыхтуюць тэхніку да палявых работ. Вопытны механізатар майстэрні “Лішкі” Леанард Барцэвіч – сапраўдны “дока” ў сваёй прафесіі і аддаў ёй больш за 20 гадоў. Калі я прыехала ў гэтую гаспадарку, ён з маладым калегам Іванам Карповічам рамантаваў плуг. Тэхніка айчыннай вытворчасці і пры належным доглядзе служыць добра. А сам Леанард Барцэвіч не толькі добрасумленны і адказны працаўнік, але яшчэ і мнагадзетны бацька. У яго 8 дзяцей! Нездарма такі адметны чалавек жыве на зямлі – радаслоўнае дрэва яго будзе разрастацца многімі галінкамі на шчасце кожнаму ў гэтай вялікай і дружнай сям’і.
На здымку: Леанард Барцэвіч і Іван Карповіч.
Ніна Наддэ, фота аўтара