У руках работнікаў аграфірмы “Стары Дворац” усё спорыцца

Лента новостей

IMG_4945Мехмайстэрня аграфірмы “Стары Дворац” сустракае прыемным утульным выглядам. Тут светла і цёпла, а непадалёку ад уваходу на сцяне можна ўбачыць прыгожае люстэрка, пры беглым позірку на якое міжволі прыходзіць думка, што і мужчыны нераўнадушныя да свайго знешняга выгляду, нягледзячы на паўсядзённую рабочую абстаноўку. Для людзей, якія любяць тэхніку, праца ў такіх па-сапраўднаму камфортных умовах і з добрым абсталяваннем – адно задавальненне. Зараз аграрыі заняты доглядам і рамонтам сваіх “жалезных сяброў”, і стараюцца зрабіць усё, як мага лепш. Такая задача асабліва актуальная ў сённяшніх няпростых эканамічных умовах, калі запчасткі пастаянна даражэюць, а прадукцыя сельскай гаспадаркі традыцыйна адстае ў гэтай імклівай гонцы. Таму гаспадарлівасць, умелыя рукі, сапраўднае майстэрства і вынаходлівасць застаюцца своеасаблівай падушкай бяспекі для рацыянальных увішных лю­дзей, якія стараюцца зменшыць выдаткі.
У адрас дырэктара аграфірмы “Стары Дворац” Віктара Байрака і спецыялістаў мне давялося пачуць самыя добрыя словы. Яны клапоцяцца пра дастойную матэрыяльную базу гаспадаркі, павышэнне эфектыўнасці працы і дабрабыту вяскоўцаў. Людзі тут аб’яднаныя агульнай справай, і кожны на сваім месцы стараецца выконваць усё, як мага лепш. Беражлівыя адносіны да тэхнікі з’яўляюцца сапраўдным крэда і спецыялістаў, і механізатараў, усе зацікаўлены ў далейшым дынамічным развіцці аграфірмы. Загадчык майстэрні Аляксей Гук закончыў Горкаўскую сельгасакадэмію, дзе атрымаў трывалыя веды. Ён стараецца, каб сённяшнія аграрыі ішлі ў нагу з часам, вялі сельскагаспадарчую вытворчасць па аптымальных сучасных тэхналогіях. Спецыяліст цікавіцца ўсім новым і перадавым у гэтай галіне, а Інтэрнэт для моладзі і не толькі ў гэтым зараз незаменны памочнік.
Нядаўні зімовы дзень, у які мне давялося наведаць аграфірму і гэтую адметную майстэрню, адзначыўся “візітнай карткай” прыгажуні-зімы і дзівосамі свавольніцы “Даніэлы”. Дрэвы апранулі тонкі карункавы ўбор, а каб аператыўна расчышчаць дарогі ў аграгарадку і на тэрыторыі гаспадаркі, спатрэбілася дадатковая тэхніка. Механізатар Аляксандр Трафімовіч гэтым ранкам навешваў снегаўборачнае абсталяванне на трактар. Працуе ён амаль дзясятак гадоў, а на працу ў Стары Дворац прыязджае з Вярэек. Тут яму падабаецца, умовы працы, па яго словах, у аграфірме выдатныя. Ёсць у майстэрні камфортны пакой для прыёму ежы і адпачынку, дзе можна папіць гарачага чаю, перакусіць. Нядаўна гэты механізатар рамантаваў сеялку “АПП-6”.
А вопытны майстар-наладчык Аляксандр Кунец і механізатар з вялікім стажам Аляксандр Тоўкач у той студзеньскі дзень займаліся рамонтам задняга маста трактара. Гэтыя жыхары Старога Дворца ўспамінаюць, як пачыналі свой працоўны шлях дзесяцігоддзі таму. Майстэрня тады была прымітыўная, халодная, тэхніка слабая. Зараз прагрэс імкліва пайшоў наперад, што значна павялічыла прадуктыўнасць працы.
Па словах Аляксея Гука, у гаспадарцы зараз больш за 30 трактароў, 7 зернеўборачных камбайнаў, 2 кормаўборачных, адзін буракаўборачны. Камбайны пастаўлены на захаванне. Ужо адрамантаваны 3 плугі, 2 пасяўныя агрэгаты. Вясна не за гарамі. На чарзе на рамонтным канвееры кукурузная і бураковая сеялкі.
Людзі працуюць у сваім звычайным рабочым рэжыме, з упорам на якасць. Інакш і нельга, іх прафесіяналізм ім гэтага не дазволіць. Няхай пульхны снег натоліць жыватворнай вільгаццю ўрадлівую глебу, тэхніка бу­дзе своечасова падрыхтаваная да сяўбы, а новы год выдасца ўдалым і шчодрым для нашых землякоў!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *