У КСУП “Пар­хі­маўцы” малочная галіна развіваецца

Лента новостей

У сістэме прадукцыйнай жывёлагадоўлі Бераставіччыны малочная галіна займае вядучае месца. Сёння на малочную прадуктыўнасць буйной рагатай жывёлы аказваюць уплыў генетычныя фактары (парода, паходжанне), індывідуальныя асаблівасці (узрост, перыяд лактацыі) і фактары знешняга асяроддзя, напрыклад, тэхніка даення, умовы ўтрымання. Таму веданне ўплыву гэтых фактараў на малочную прадуктыўнасць кароў, іх умелае выкарыстанне на практыцы, арганізацыя племянной работы і тэхналогіі вытворчасці дазваляюць сельгаспрадпрыемствам дабівацца павышэння ўдояў і паляпшэння складу малака кароў.

Малочная галіна КСУП “Пар­хі­маўцы” прадстаўлена ма­лоч­на­таварнымі комплексамі “Даўбянкі” і “Канчаны”, у якіх утрымліваецца 208 і 643 галавы дойнага статка адпаведна, а таксама малочнатаварнай фермай “Данілкі” з пагалоўем дойнага статка ў 122 галавы. Трэба адзначыць, што валавая вытворчасць малака ў сельгас­прадпрыемстве за 2017 год склала звыш шасці тысяч тон, або 112% у адносінах да 2016 года, а надой малака на карову за аналагічны перыяд склаў амаль 6300 кілаграмаў. Такія дастаткова высокія паказчыкі вытворчасці работнікі звязваюць з прыходам у дадзенае сельгаспрадпрыемства новага спецыяліста, дзякуючы якому змяніўся і агульны падыход да справы.
Прызнаюся, што весці дыялог з энергічным і гаваркім галоўным заатэхнікам КСУП “Пархімаўцы” Дзмітрыем Дубінай было надзвычайна цікава. Здавалася, што за плячыма гэтага амбіцыйнага маладога чалавека не адзін дзясятак гадоў працоўнага стажу, а між тым яму толькі дваццаць шэсць. І пакуль накіроўваемся за неабходным фотаздымкам для публікацыі адначасова пытаюся ў свайго суразмоўцы, што змянілася за гады яго працы ў сельгаспрадпрыемстве.
— У КСУП “Пархімаўцы” я працую з 2015 года, — гаворыць Дзмітрый Уладзіміравіч. – І за гэты час змянілася многае. За два гады пагалоўе дойнага статка ў гаспадарцы павялічылася на 45 галоў. А непасрэдна на малочнатаварным комплексе “Даўбянкі”, на якім мы зараз знаходзімся, пагалоўе павялічылася на восем галоў. Так як мы нацэленыя на рэнтабельнае вядзенне гаспадаркі, то на дадзеным комплексе арганізавалі раздзельнае ўтрыманне кароў па перыядам сухастою, дзе для кожнай з груп быў распрацаваны адпаведны рацыён. Ёсць выгул для кароў, над якім узвялі навес. Мы намагаемся пастаянна нарошчваць вытворчасць прадукцыі, тым больш што тэндэнцыі да паляпшэння ўжо назіраюцца. Да прыкладу, у гаспадарцы ўжо выраслі сярэднясутачныя надоі на карову. За кошт зніжэння, а гэта прыкладна на 12%, вытворчасці малака першага гатунку, узрасла вытворчасць малака другога гатунку.
— На малочнатаварным комплексе “Даўбянкі” надоі на карову за 2017 год склалі каля сямі тысяч кілаграмаў, — уключаецца ў размову загадчыца названага аб’екту Святлана Цымбал. – Гэта амаль на 750 кілаграмаў перавышае паказчыкі 2016 года. Сярод перадавікоў па вытворчасці малака хацелася б назваць Людмілу Новікаву і Тамару Казлову, у якіх надоі на карову за мінулы год склалі 7706 і 7511 кілаграмаў, а ў адносінах да 2016 года гэтыя паказчыкі ўзраслі на 1130 і 887 кілаграмаў адпаведна.
Па словах Дзмітрыя Уладзі­міравіча, у гаспадарцы разумеюць, што канчатковыя лічбы ў справаздачах – гэта напружаная і, у першую чаргу, калектыўная праца. Сёння без якасных кармоў належны догляд за жывёламі будзе марным і наадварот. Пэўнай мадэрнізацыі патрабуюць і малочнатаварныя аб’екты. Сучасныя даільныя залы павінны замяніць малакаправоды, а аднаго халадзільніка на комплексе сёння ўжо не дастаткова.
Мяркуючы на паказчыках, здавалася б, што сельгаспрадпрыемства ўжо даўно павінна забыць пра словазлучэнне “малако першага гатунку” і рэалізоўваць сваю прадукцыю вышэйшым гатункам і экстрай, аднак… На дадзеным этапе дасягненню гэтай мэты перашкаджае шэраг яшчэ нявырашаных праблем, звязаных з умовамі ўтрымання статкаў, лячэннем жывёл, а таксама з арганізацыяй працы на ўсіх аб’ектах.
У планах жа спецыялістаў на 2018 год давесці надоі малака на карову па гаспадарцы да шасці з паловай кілаграмаў прадукту, атрымаць малако гатунку “экстра” і многае іншае.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара

На здымку: галоўны заатэхнік Дзмітрый Дубіна, працаўнікі МТК “Даўбянкі” Ірына Кучынская, Святлана Цымбал, Тамара Казлова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *