Міхаіл Данільчык з вёскі Лявонавічы — адзін з тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў вывезены на прымусовую працу ў Германію. Сёння Міхаілу Фёдаравічу ўжо больш за дзевяноста гадоў, але тыя далёкія часы ён добра памятае і згадзіўся аб іх расказаць.
Нарадзіўся Міхаіл Фёдаравіч у красавіку 1929 года тут жа, у Лявонавічах. У той час гэтая вёска не пуставала, як цяпер, і жыхароў тут было намнога больш. У сям’і Данільчыкаў таксама падрастала чацвёра дзяцей. Старэйшаму сыну Івану на пачатак вайны споўнілася ўжо 18 гадоў, і яго забралі на фронт. А малодшыя дзеці: 16-гадовы Пётр, 12-гадовы Міхаіл і 7-гадовая Люба заставаліся дома з бацькамі, тут яны і сустрэлі нямецкую акупацыю.
— Помню, што вайна пачалася з бамбардзіроўкі аэрадромаў у Кватарах і Росі, менавіта туды ляталі нямецкія самалёты, — пачынае свой успамін Міхаіл Фёдаравіч. – А потым і ў нашых мясцінах з’явіліся нямецкія салдаты. У Стары Дворац немцы прывялі каля сотні савецкіх палонных, я сам ім тры разы хлеб насіў, і бабы нашы з вёскі кармілі іх. Затым іх некуды адвезлі. А некалькіх палонных нават дазволілі разабраць па хатах, у Лявонавічах людзі ўзялі пяць чалавек. Можа, з год яны ў вёсцы былі. Немцы прыязджалі, правяралі. Потым выйшаў загад, каб яны з’явіліся ў раённы нямецкі камісарыят. Але палонныя да немцаў не хацелі ісці і хаваліся. Аднойчы дзве дзяўчыны з нашай вёскі ішлі са Старога Дворца і заўважылі, што ад лесу немцы пачынаюць ачапляць вёску, яны сказалі пра гэта палонным, і тыя накіраваліся на хутар Кучынскага і так вырваліся. А немцы ачапілі Лявонавічы, выгналі ўсіх людзей за вёску пад кулямётамі, але палонных не знайшлі. Адзін, праўда, казалі, схаваўся тут, але яго не знайшлі. А каб знайшлі, дык можа і ўсю вёску расстралялі б. Але і так 8 мужчын з Лявонавіч забралі ў турму ў Беласток.
Праз некаторы час немцы выдалі загад адправіць маладых людзей на працу ў Германію. З нашых Лявонавіч 11 чалавек павінны былі паехаць на прымусовыя работы – 7 хлопцаў і 4 дзяўчыны. Трэба было з’явіцца ў Бераставіцу да нямецкага камісара. Запісаны ў Германію быў і мой брат Пеця, але чамусьці бацькі вырашылі адправіць мяне за яго. Можа, палічылі, што малалетку не забяруць у Германію, вернуць назад, дадому. А яны і не падумалі, што немцы маглі расстраляць Пятра за тое, што ён не з’явіўся па загадзе. Немец не стаў асабліва разбірацца, паглядзеў, праўда, што ўсе хлопцы і дзяўчаты больш-менш дарослыя, а я яшчэ малы, але дадому не адправіў, сказаў па-польску: “Бэньдзеш гэнсі пасвіць”. Так нас з Бераставіцы адправілі ў Беласток, а адтуль везлі цягніком, якім цялят перавозяць, дзесьці каля сутак. Мы прыбылі ў Прусію, у горад, які знаходзіўся ў ста кіламетрах ад Кёнігсберга. Цяпер гэты горад называецца Гусеў, а тады быў Гумбінен.
На станцыі нас усіх высадзілі, прыйшлі немцы і сталі выбіраць сабе работнікаў. Я трапіў да немца-агародніка, які жыў у пасёлку Нордэнбург, у яго была гаспадарка па вырошчванні агародніны. Са мной там яшчэ працавалі два палякі з Варшавы – Вацэк і Казік. Мы садзілі і палолі гуркі, памідоры, іншую гародніну, збіралі яе. Не скажу, што было вельмі цяжка, ды і ўмовы таксама былі не найгоршымі, думаю, што тыя, хто застаўся пад нямецкай акупацыяй у родных мясцінах, нагараваліся яшчэ больш.
Памятаю, што немца-гаспадара звалі Бруно Рызэ, у яго было двое сыноў, адзін ужо вучыўся ў горадзе на агранома. Гаспадыня была старэйшай медсястрой у радзільным аддзяленні. У немца быў двухпавярховы дом, нам, работнікам, быў выдзелены пакой на другім паверсе, у якім стаялі тры ложкі, мы там і жылі. У Нордэнбургу быў яшчэ млын, дзе пяць палякаў працавалі. А ў горадзе на малаказаводзе і мясакамбінаце таксама палякі працавалі.
У Прусіі я прабыў два гады, пісаў пісьмы дадому, а брат Пеця нават прысылаў мне туды пасылку, бо немец-гаспадар вельмі хацеў развесці цыбулі беларускай, дык вось брат і выслаў.
У 1944 годзе, пакуль я быў у Германіі, памерла маці, я з ёй і не развітаўся. А як вярнуўся дадому, то дома была ўжо мачаха.
У 1945 годзе, калі пачалося наступленне савецкіх салдат і яны былі дзесьці ў 80 кіламетрах ад Кёнігсберга, дом гаспадара занялі нямецкія салдаты і сказалі ўсім выязджаць: і немцам, і іх работнікам. Вядома, гаспадарам ужо было не да нас, мы выбіраліся самі. Кіламетраў 10-15 прайшлі, а потым сустрэліся з рускімі салдатамі. Тры дні капалі акопы для Чырвонай Арміі ля літоўскай граніцы. На некаторы час нас затрымалі ў Гусеве, дапытвалі аб абставінах нашага знаходжання ў Германіі, потым адвезлі ў Літву, у горад Кібартай. Там мы пару тыдняў пабылі, нам выдалі дакументы і мы вярнуліся цягніком у Беларусь. 1 сакавіка 1945 года я ўжо быў дома ў Лявонавічах. А вось брат Іван дадому не вярнуўся, загінуў падчас абароны Масквы…
У першыя пасляваенныя гады Міхаіл Данільчык працаваў на сваёй гаспадарцы, потым пайшоў у калгас.
З 1956 года адзіным месцам яго працы стала кузня, тут ён і прарабіў 40 гадоў кавалём, пакуль не пайшоў на пенсію.
Жонку, Анастасію Аляксандраўну, Міхаіл Фёдаравіч знайшоў на вяселлі ў суседзяў: іх сваячка з Навікоў была яму дружкай, у 1959 годзе яны пажаніліся.
Муж і жонка выгадавалі разам дваіх дзяцей, маюць чатырох унукаў і чатырох праўнукаў. Дачка Аня жыве далёка, у Крыме, а сын Мікалай — у Гродне, кожныя выхадныя прыязджае, дапамагае бацькам.
Два гады назад Міхаіл Фёдаравіч страціў нагу, цяпер не ходзіць, перамяшчаецца на інвалідным вазку. Сын зрабіў спецыяльнае прыстасаванне, каб бацька мог сам падняцца з ложка і сесці ў вазок. Моцныя рукі былога каваля яшчэ могуць падняць цела, і гэта шчасце. бо жонка яго сама падняць не змагла б.
— Мой Міхаіл Фёдаравіч самы старэйшы ў акрузе, ды і мне ужо 81-ы год, — кажа Анастасія Аляксандраўна. – Цяжкія гады прайшлі, а Бог неяк прадоўжыў век. Перажылі сіроцтва, ваенны час, бясхлебніцу, усё вытрывалі. Цяпер, здаецца, жыві і радуйся: унук правёў ваду ў дом, не трэба насіць, сын зрабіў туалет — усё на месцы, усё зроблена для жыцця, толькі што ўжо няма калі жыць, а так яшчэ хацелася б парадавацца на дзяцей і ўнукаў. Але тут ужо як Бог дасць…
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара