21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Для большасці нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, роднай з’яўляецца менавіта беларуская мова. Роднай – значыць, любімай, дарагой, самай-самай. Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну ім засталася па-сапраўднаму унікальная мова – самая мілагучная і самая старажытная сярод славянскіх.
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў бібліятэках Бераставіцкага раёна былі арганізаваны кніжныя выставы пад назвамі “З любоўю кожны радок”, “У родным слове – цэлы свет”, “Роднай мовы пералівы”, “Жывая крыніца беларускай мовы”, “Дакраніся да роднага слова”, “Скарбы роднай мовы”, “Беларуская мова – мелодыя сэрца”, “Мову матчыну шануйце” і іншыя. Наведваючы філіялы Бераставіцкай райбібліятэкі, чытачы атрымалі магчымасць пачытаць уголас літаратурныя творы на роднай мове і атрымаць асалоду ад гучання сакавітага беларускага слова.
Акрамя гэтага, у бібліятэках раёна адбыліся тэматычныя ўрокі, прагляды літаратуры, паэтычныя вернісажы і літаратурныя падарожжы.
***
«З легендаў і казак … ты выткана дзіўная, родная мова!» — пад такой назвай прайшоў тэматычны ўрок у філіяле “Алекшыцкая сельская бібліятэка”. Вучні чыталі мастацкія творы, адгадвалі загадкі, расказвалі прыказкі і прымаўкі, удзельнічалі ў віктарынах, здзейснілі падарожжа ў гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў бібліятэкары звярнулі на кніжную выставу, якая раскрыла юным чытачам асаблівасці беларускай мовы і яе паходжання. Падчас тэматычнага ўрока вучні прыйшлі да высновы, што наша родная мова для нас – самая прыгожая. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, моц і прыгажосць народнага слова.
***
У філіяле “Канюхоўская інтэграваная сельская бібліятэка” святу прысвяцілі літаратурныя замалёўкі пад назвай “Мовай даражыць умейце”. Бібліятэкар расказала юным чытачам аб тым, як беларуская мова праходзіла доўгі і складаны шлях развіцця, як узнікла беларускае кнігадрукаванне і які ўплыў на гэтыя працэсы аказалі выдатныя беларускія асветнікі і дзеячы культуры. Вучні прачыталі творы аб роднай мове беларускіх аўтараў П. Панчанкі, М. Танка, М. Мятліцкага, А. Васілевіч, Я. Сіпакова і пазнаёміліся з кніжнай выставай «Каб гучала родная мова».
***
У філіяле “Масалянская інтэграваная сельская бібліятэка” прайшоў адкрыты прагляд літаратуры “Скарбы роднай мовы”, падчас якога чытачы пазнаёміліся з беларускамоўнымі творамі нашых славутых паэтаў і пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна і іншых выдатных мастакоў слова.
***
У філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” Міжнародны дзень роднай мовы прайшоў пад дэвізам “Люблю цябе, зямлі бацькоўскай слова!”. Мэта мерапрыемства – папулярызаваць беларускую мову, выхаваць у школьнікаў пачуццё павагі і любві да роднага слова, выклікаць цікавасць да твораў беларускіх пісьменнікаў. Наведвальнікі бібліятэкі ў гэты дзень атрымалі магчымасць пазнаёміцца з тэматычнай выставай “Родная мова, цудоўная мова”, на якой былі прадстаўлены кнігі па гісторыі беларускай мовы, беларускія часопісы, аўдыё-кнігі, творы беларускіх аўтараў — як класікаў, так і сучаснікаў. У атмасферы добразычлівасці гучалі вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Дубоўкі і іншых.
***
У філіяле “Пархімаўская інтэграваная сельская бібліятэка” прайшло літаратурнае падарожжа “Родныя казкі, што добра раюць” з удзелам выхаванцаў дзіцячага садка. Хлопчыкі і дзяўчынкі падарожнічалі па беларускіх народных казках і казках беларускіх пісьменнікаў, адгадвалі загадкі і любімых казачных персанажаў.
***
У філіяле “Пагранічная сельская бібліятэка” дзейнічала кніжная выстава “З любоўю кожны радок …”. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены не толькі кнігі на роднай мове ад класікаў беларускай літаратуры да сучасных аўтараў, але і даведачная літаратура, і паэтычныя творы аўтараў Яўгеніі Дзяжко і Васілісы Пазнуховай, якія жылі ў аг. Пагранічны. Маленькім чытачам бібліятэкары прапанавалі казкі, крылатыя выразы, прымаўкі, прыказкі, вершы і апавяданні на роднай мове.
***
Бібліятэкары філіяла “Дзіцячая бібіліятэка” правялі для сваіх юных чытачоў паэтычны вернісаж “Які гэта цуд, мова родная мая”. Школьнікам было прапанавана падарожжа ў гісторыю роднага слова. Падчас мерапрыемства гучалі цікавыя выказванні беларускіх пісьменнікаў аб роднай мове. Дзеці адгадвалі тэматычныя рэбусы і загадкі, адказвалі на пытанні літаратурных віктарын “Рассыпаныя прыказкі і прымаўкі”, “Словазнаўцы”, “Адгадай твор па радках”. Цікавасць выклікала тэматычная зона “З любоўю да роднага слова” з творамі беларускіх пісьменнікаў.
***
У раённай бібліятэцы адбылася акцыя “Гучы, роднае слова”, падчас якой чытачы і бібліятэкары чыталі творы на беларускай мове.
У чытальнай зале райбібліятэкі адбыўся таксама літаратурны вернісаж “Беларуская мова – мелодыя сэрца”. Госці вернісажа – падлеткі – з задавальненнем уключыліся ў лінгвістычную гульню “Знаўцы роднай мовы” і хутка перакладалі словы з рускай мовы на беларускую і наадварот. Для ўдасканалення ведаў па роднай мове супрацоўнік бібліятэкі прэзентавала вучням найноўшыя дапаможнікі па беларускай граматыцы, а таксама мастацкія творы сучасных беларускіх аўтараў і пераклады на беларускую мову сусветна вядомых замежных пісьменнікаў.
Падрыхтавала Святлана Ганчарова