29 кастрычніка ў зале Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія ў гэтым годзе прыступілі да працы ў арганізацыях, установах і сельгаскааператывах Бераставіччыны.
Такія мерапрыемствы сталі ўжо традыцыйнымі, яны даюць магчымасць маладым людзям не толькі пазнаёміцца з кіраўніцтвам раёна, але і абмеркаваць на самым высокім узроўні тыя пытанні, якія ўзнікаюць у іх на пачатку працоўнага шляху.
Сёлета на Бераставіччыну прыехалі працаваць па размеркаванні 93 выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, гэта даволі вялікая “армія” маладых спецыялістаў, і мясцовыя ўлады зацікаўлены ў тым, каб яны замацаваліся ў нашым раёне.
На сустрэчы з маладымі спецыялістамі прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Антон Кулісевіч, яго намеснікі Дзмітрый Кадргулаў, Сяргей Чыкун, Ала Заміроўская, Аляксандр Рахуба, кіраўнік спраў райвыканкама Жанна Агар, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Панкевіч, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Зоя Семянюк, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віталій Ляховіч.
Старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч прывітаў маладых спецыялістаў, паабяцаў ім неабходную падтрымку, расказаў аб спецыфіцы Бераставіцкага раёна і аб перспектывах яго развіцця.
Бліжэй пазнаёміцца з Бераставіччынай маладым людзям дапамог відэафільм аб нашым раёне.
Па чарзе на сцэну запрашаліся маладыя спецыялісты з розных галін народнай гаспадаркі, для іх гучалі словы пажаданняў і наказаў ад кіраўніцтва раёна і ўручаліся памятныя падарункі.
Сваімі ўражаннямі аб працы ў Бераставіцкім раёне, а дакладней, у СВК “Алекшыцы”, падзяліўся з прысутнымі Аляксандр Кладко, аграном-аграхімік гэтай гаспадаркі, які ўжо год адпрацаваў на Бераставіччыне.
Малады спецыяліст гімназіі аг.Пагранічны Ілона Гайдэль выказала задавальненне ад таго, што была размеркавана ў Бераставіцкі раён, і расказала аб падтрымцы, якую ёй аказалі калегі і адміністрацыя гімназіі.
Са словамі наказу да маладых спецыялістаў звярнуўся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Панкевіч, які 25 гадоў назад прыехаў па размеркаванні на Бераставіччыну і застаўся тут назаўсёды.
У маладых людзей была магчымасць задаць хвалюючыя пытанні кіраўніцтву раёна, і яны ёй скарысталіся. У прыватнасці, гучалі пытанні аб будаўніцтве новых аб’ектаў і жылля ў Бераставіцкім раёне, аб памеры сярэднямесячнай заработнай платы ў раёне, аб запатрабаваных спецыяльнасцях, аб вырашэнні жыллёвага пытання, выказвалася падзяка за арганізаванае мерапрыемства.
Усе маладыя спецыялісты атрымалі падарункі ад кіраўніцтва раёна як напамін аб гэтай сустрэчы, акрамя таго былі разыграны дадатковыя прызы і сертыфікат на квартальную падпіску на “Бераставіцкую газету”, які ўручыла галоўны рэдактар газеты Зінаіда Самкова.
Работнікі культуры падарылі прысутным узнёслы настрой і парадавалі цудоўнымі канцэртнымі нумарамі.
Яшчэ адным падарункам для маладых спецыялістаў у гэты дзень стала экскурсія ў Музей Вавёркі.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара