
100-годдзе беларускіх народных пісьменнікаў Івана Шамякіна і Івана Мележа адзначаецца ў гэтым годзе. У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага да іх юбілею правялі online-акцыю «Чытаем Шамякіна і Мележа разам», ва ўсіх філіялах арганізавалі кніжныя выставы, прысвечаныя жыццю і творчасці класікаў беларускай літаратуры. Паглядзець і паслухаць, як чытаюць урыўкі з твораў беларускіх класікаў работнікі ўстаноў культуры Бераставіччыны і актыўныя чытачы, можна на сайце райбібліятэкі.
Іван Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года. З-пад яго пяра выйшлі 12 раманаў, 26 аповесцяў, 10 п’ес, некалькі дзясяткаў апавяданняў, дзённікавыя запісы, вялікая колькасць артыкулаў, нарысаў. За 60 гадоў творчага шляху ўбачылі свет 130 кніг пісьменніка агульным тыражом звыш 25 мільёнаў экзэмпляраў.

Івана Шамякіна шмат хто называе кан’юнктурным пісьменнікам – ужо ў трыццаць гадоў ён быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй трэцяй ступені за раман “Глыбокая плынь”, неаднаразова ўзнагароджваўся Дзяржпрэміяй БССР, атрымаў зорку Героя Сацыялістычнай Працы і званне народнага пісьменніка. Але пры гэтым ён адзін з нямногіх беларускіх літаратараў, які да гэтага часу лічыцца «жывым класікам». Па раманах і аповесцях аўтара можна прасачыць ваенную і пасляваенную гісторыю нашай краіны, вывучаць псіхалогію чалавечых узаемаадносін, паколькі нямала інтрыгуючых сюжэтаў і вострых жыццёвых тэм былі ўзятыя з рэчаіснасці. Кнігі пісьменніка настолькі знакавыя, што перавыдаюцца ў многіх краінах свету да гэтага часу.
Іван Шамякін шмат гадоў быў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дэпутатам Вярхоўнага савета БССР і СССР, прычым у 1971-1985 гадах займаў пасаду старшыні Вярхоўнага савета БССР. У 1996 годзе абраны акадэмікам Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры. Пісьменнік цяжка перажываў развал Савецкага Саюза, бо да канца жыцця заставаўся верным камуністам. Але ў той жа час быў сапраўдным патрыётам Беларусі.
Топ твораў Івана Шамякіна
Раманы: “Сэрца на далоні”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль”, “Злая зорка”, “Вялікая княгіня”(калі раптам захочаце пачытаць нязвыклую прозу Шамякіна). Цыкл аповесцей першай беларускай пенталогіі “Трывожнае шчасце”: “Непаўторная вясна”, “Начныя зарніцы”, “Агонь і снег”, “Пошукі сустрэчы”; “Мост”. Аповесці: “Сатанінскі тур”, “Гандлярка і паэт”, “Шлюбная ноч”, “Слаўся, Марыя!”. Публіцыстыка: “Роздум на апошнім перагоне: дзённік 1980-1995 гадоў”, “Карэнні і галіны”.
***
Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года. І званне народнага пісьменніка атрымаў у 1972-м – у адзін год з Іванам Шамякіным. Мележа мы ведаем перш за ўсё як аўтара, які стварыў сапраўдны беларускі эпас “Палескую хроніку”.

Іван Мележ працаваў у БДУ выкладчыкам беларускай літаратуры. Быў спачатку сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, а ў 1971-1974 гадах – намеснікам старшыні праўлення гэтай арганізацыі. Ён таксама з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага савета міру.
Усе ведаюць знакаміты твор Івана Мележа “Людзі на балоце”. Але мала хто пасля яго даходзіў да працягаў гэтага рамана – “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань”. І, мабыць, нямногія ведаюць, што ў “Палескай хроніцы” павінна было быць не тры, а пяць раманаў. Але Іван Мележ памёр, не паспеўшы ажыццявіць задуманае. Два ненапісаныя раманы нават мелі назвы – “За асакою бераг” і “Праўда вясны”. Так што многія крытыкі дагэтуль спрачаюцца, як павінна была скончыцца «Палеская хроніка» на самой справе. У адным з чарнавікоў пісьменніка пасля яго смерці быў знойдзены фрагмент, дзе апісваецца Вялікая Айчынная вайна і Васіль Дзяцел на ёй, як ён марыць вярнуцца ў родную вёску. А вяртаючыся дадому бачыць, што яна спалена. Праўда, гэта толькі чарнавік канцоўкі кнігі. Якой жа яна была б на самой справе, ніхто не ведае.
Што пачытаць з творчасці Івана Мележа
Раманы: “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань”; “Мінскі напрамак”. Апавяданні: “У завіруху”. Зборнікі: “Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак”. П’есы: “Пакуль мы маладыя”.
Фота аўтара і з архіву Бераставіцкай райбібліятэкі



