У Алекшыцах верныя роднаму слову

Лента новостей

img_2136У  аграгардку Алекшыцы Бераставіцкага раёна даўнія традыцыі беларускасці. І не дзіва: Алекшыцы ж знаходзяцца на скрыжаванні дарог паміж Ваўкавыскам, Беластокам і Гродна, таму тут заўсёды гулялі скразнякі эпох. У 1727 г. у Алекшыцах у княжацкай сям’і Юзафа Масальскага нарадзіўся Ігнацій Якуб Масальскі, першы старшыня Эдукацыйнай камісіі, асветнік, мецэнат, біскуп віленскі. У 1800-м годзе, як стала вядома зусім нядаўна, у сям’і святара Алекшыцкай уніяцкай Спасапрэабражэнскай царквы Міхаіла Кавалеўскага нарадзіўся сын Восіп, якому суджана было стаць філолагам, арыенталістам, акадэмікам з сусветным імем. Стагоддзе назад тут акадэмік Яўхім Фёдаравіч Карскі, што нарадзіўся непадалёку, вывучаў гаворку мясцовага насельніцтва, каб навукова абгрунтаваць самабытнасць беларускага народа ў сваёй шматтомнай працы “Беларусы”.
У 1925-1927 гг. магутным быў уплыў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Адно з першых згуртаванняў на Гродзеншчыне ўзначальвала настаўніца Аляксандра Іванаўна Бурневіч. Вокны Алекшыцкай сярэдняй школы сёння выходзяць на цвінтар Алекшыцкай царквы, дзе 19 жніўня 1926 г. вялізны натоўп сялян, што сабраліся ў царкве на спасаўскі фэст, скандыраваў лозунгі: “Далоў паноў!”, “Зямлю сялянам!”, “Мы хочам вучыць дзяцей па-беларуску!”, пасля чаго адбылася жорсткая сутычка з паліцэйскімі, у выніку чаго многія актывісты Грамады былі паранены, арыштаваны, падвергнуты катаванням і турэмнаму зняволенню.
Важную ролю ў развіцці нацыянальна-асветніцкага руху ў нашых мясцінах адыграла Таварыства беларускай школы (ТБШ). У 1921-1936 гг. у Алекшыцах і суседніх вёсках сярод моладзі былі арганізаваны вячэрнія курсы самаадукацыі, прапагандаваліся лепшыя творы беларускай літаратуры, развучвалі і спявалі народныя песні, ставілі спектаклі. Гурткі ТБШ ў навакольных вёсках узначальвалі мясцовыя інтэлігенты: Р.Я.Салавей з Падбагонікаў, А.І.Бурневіч з Навасёлак, М.М. Марцінчык з Кубельнікаў. За сваю адданасць роднаму краю і актыўную асветніцкую дзейнасць ім прыйдзецца заплаціць невымернымі пакутамі ў гітлераўскіх і сталінскіх канцлагерах, а настаўніку Раману Якаўлевічу Салаўю — і жыццём.
…Мяняецца час, прыязджаюць у Алекшыцы сем’і адусюль: з Арменіі, Азербайджана, Украіны, Расіі… Вось ужо і пасёлак для чарнобыльцаў узведзены. Але жыхары Алекшыц не забылі, якой дарагой цаной далося ім права вучыць дзетак на роднай мове: img_2131Алекшыцкая сярэдняя школа заўсёды была беларускай. Тут аднолькава хораша размаўляюць па-беларуску і паляк Улад Занеўскі, і армянін Гогі Палакян, і азербайджанец Багіраў Эльхан, і Марат Мелікаў, які прыехаў з Расіі 2 гады назад. А выпускнікі школы, вучні 11 класа, традыцыйна выбіраюць тэсціраванне па беларускай мове. Па выніках сёлетняга тэсціравання па беларускай мове сярэдні вынік па школе склаў 66,5 балаў, і ўсе выпускнікі змаглі паступіць на бюджэтную форму навучання.
Вось чаму абвешчаны з 8 па 12 лістапада тыдзень беларускай мовы і культуры выклікаў такую цікавасць. Праведзеныя ў рамках тыдня віртуальныя падарожжы пашырылі знаёмства з родным краем, інтэрактыў “Скарбонка роднай мовы” дапамог скласці рэйтынг любімых беларускіх слоўцаў, сярод якіх Радзіма, мама, краіна, Беларусь, любоў, дабрыня, каханне, і, канечне ж, бульба, дранікі, цукеркі… Як спатрэбіліся клапатліва захаваныя настаўнікамі аўтэнтычныя беларускія ўборы нашай мясцовасці! Якой павагай меншых карысталіся апранутыя ў іх дзеля святочнай нагоды адзінаццацікласнікі! Затое малодшыя наладзілі выставу ілюстрацый да твораў беларускай літаратуры, дзе самымі яскравымі прызнаны работы Скачковай Тані, Бубна Арцёма і Сак Валерыі з 5 класа. Школьны бібліятэкар Алена Рыгораўна Камяк на саматканых вясёлкавых посцілках наладзіла прэзентацыю беларускіх кніжных навінак. Віктарыны ж “Апранайся па-беларуску” і “Камп’ютар па-беларуску” пашырылі не толькі слоўнікавы запас цікаўных вучняў з 5-11 класаў, але і настаўнікаў школы. А хіба нецікава назіраць за неспадзяванымі пераўтварэннямі рускага “собаки” ў беларускага “слімака” ці “смоўжыка”! Без асаблівых цяжкасцей успрыняты і аўтарскія наватворы: у далькажыку пасля невялікай шокавай паўзы быў упэўнена апазнаны мабільнік, у асветары – камп’ютар, у словасвеце – сеціва. У паэтычным дэбюце вызначыліся старшакласнікі Аляксандра Латош, Павел Патоцкі і Аксана Чайкоўская. А калі вучні пачатковых класаў паспаборнічалі ў конкурсе чытальнікаў “Святло лучыны”, то ўзор выразнага чытання здолелі паказаць трэцякласнікі Кіра Хілюта, Алеся Янюк, Маргарыта Карпач.
Аднак найбольшую цікавасць выклікалі мерапрыемствы пятніцы, калі ўсе перапынкі былі запоўнены ток-шоу “Спявайма і танцуйма па-беларуску”. Найбольш грунтоўна рыхтаваліся старшакласнікі. Так хораша зліваліся галасы Дзяніса Янюка і Паўла Патоцкага пры выкананні песень з рэпертуару “N.R.M.”, “Brutto”, што слухачы міжволі сталі падпяваць прыпеў, што ператварылася ў харавое выкананне ўлюбёных папулярных кампазіцый, а акампанемент на акустычнай гітары дзесяцікласніка Аляксея Прыходзькі стварыў кранальную даверлівую камерную атмасферу. Задушэўна прагучала песня “Новы дзень” у выкананні адзінаццацікласніцы Ксеніі Камяк. І ўсё ж найбольшую радасць і ўсеагульнае захапленне выклікала з’яўленне перад мікрафонамі намесніка дырэктара школы па вучэбнай рабоце Алы Іванаўны Ляшкевіч, нязменнай удзельніцы мясцовых і раённых канцэртаў. І на школьных калідорах разнеслася пяшчотнае і напеўнае “Люблю наш край, старонку гэту”… Песня загучала так шчыра і натхнёна, што нельга было ўстрымацца, каб не падхапіць вядомую ўсім мелодыю-прызнанне любові да роднай зямлі. Імправізаваны канцэрт старшакласнікаў закончыўся майстар-класам па развучванні папулярнага некалі танца падэспань, які на поўным сур’ёзе і з патрэбнай адказнасцю выканалі вучні 7 і 9 класаў.
img_2138Прадметны тыдзень заканчваўся суботнімі мерапрыемствамі. Навучэнцы сярэдніх і старэйшых класаў пад кіраўніцтвам вопытнай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Галіны Адольфаўны Паплаўскай падрыхтавалі КВЗ “Любі, шануй, ведай роднае слова!”, а малодшых школьнікаў чакала фальклорная забаўлянка “Загадкі з роднай хаткі”. Праведзенае па выніках тыдня анкетаванне паказала, што найбольш запомніліся падзеі пятніцы, шкадавалі аб тым, што тыдзень прайшоў так імкліва і што не кожны змог пакаштаваць цукерак. А сярод пажаданняў на наступны год пераважала прапанова правесці 2 тыдні ці нават месячнік беларускай мовы і культуры. Хто ж супраць? Няхай тыдзень роднай мовы ператворыцца ў месяц, месяц – у год, год – у стагоддзе!
Няхай гучыць у вяках роднае слова! Гэта ж залежыць сёння ад нас з вамі.
Галіна Румак, настаўніца Алекшыцкай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *